Незнаёмы з такімі рэчамі? То нічога страшнага, вечарам старшына пакажа!
Што вы, уме-ею!— нечакана для самога сябе крычу, абражаны.
Але дыверсіі — не твая справа. Гэта — між іншым! Галоўнае ў цябе — разведка!
Так точна!
I яшчэ. Ты сам адтуль, многіх ведаеш. Пагавары з людзьмі, сагітуй. Няхай падымаюцца на барацьбу з фашыстамі! Няхай пускаюць цягнікі, нішчаць тэлефонную сувязь, ловяць іх па аднаму, дзе ўдасца! — гаворыць капітан узбуджана, нібы на мітынгу.— Няхай ні дня, ні ночы ворагі не маюць спакою!
Разумею, таварыш камандзір!
Мо захоча хто пайсці з табой у партызаны,— устаўляе лейтэнант,— то вядзі сюды — месца ў лесе ўсім хопіць!
Прывяду, таварыш лейтэнант!
Толькі глядзі, каб былі надзейныя, правераныя, каб не трапіў на шпіёнаў!
Буду глядзець, таварыш капітан!
Пытанні ёсць?
Няма!
Добра падумай, не спяшы! Калі ўзнікнуць, прыходзь сёння ў любы час і пытайся. Цяпер можаш ісці, адпачываць ды збірацца ў дарогу. Да раніцы падрыхтуйся ў паход.
— Слухаю, таварыш капітан!
Ап'янелы вылятаю з зямлянкі.
9
Старшына выдае наган, патроны і тол з бікфордавым шнуром.
Наган — не пісталет, хоць і сямізарадны. Ладна, дабрацца б мне толькі да Страшава!
Дзіўлюся на тол — новенькі, як кавалкі мыла, якія толькі што павымалі з фабрычнага пакеціка. Прабую на язык. Гм — халодны і кіслы, бытта берталетава соль! I ў кожным гэтым акуратным кубіку тоіцца гэткая сіла — халера!..
Гладжу тугі жгут бікфорда — нібы тэлефонны кабель з ізаляцыяй і такі самы шэры, адно ўсярэдзіне замест дроту — стрыжань пораху: цвёрды, як граніт алоўка. I гэта гарыць?.. Хтосьці прыдумаў жа ўсё гэта!..
Бяруся зашываць вопратку. Вастру нож. Аглядаю абутак — трэба ім заняцца грунтоўна, каб не прамакаў у дарозе, бо не сцягнеш потым з нагі, каб пераабуцца ці перад сном. Меер лезе да мяне са сваімі шахматамі, але я праганяю яго, як малога, паспяшаю на кухню, каб змазаць чым боты.
Ужо цямнее. Наш кухонны будан — як шацёр караля Ягайлы перад Грунвальдскай бітвай: высокі, шырозны, хоць ты заводзь сюды цэлы полк салдат! У ім цяпер пуста. Толькі Салвесь бурчыць над вогнішчам, што не разварваецца доўга мяса,— я прыстаю да яго. На боты Салвесь, жмінда, дае такія худыя абрэзкі, што з іх на патэльню ледзь выцякае тук, хоць добра прыпякае агонь і я з усяе сілы цісну трэскай.
У будан забягаюць па адным партызаны то прыкурыць, то пагрэцца, то сцягнуць што-небудзь у кухара. Прыходзіць нечага і радыстка. Але я не ўпэўнены, ці яна гэта, бо наваколле адчуваю нейкім другім планам.
Не арыштавалі б за гэты час бацькоў. Маглі ўпаўне. Толькі б да-лёка не завезлі, калі ўжо так здарылася. Падпільную на чыгунцы пару немцаў, захаплю жыўём і запрапаную абмен. Там, у лагчыне ля Банадыка, дзе лес блізка і мосцік,— ідэальная мясціна іх падвартаваць. Потым павяду перагаворы з камендатурай. Пазваню са Страшаўскага паўстанка.
Паміж Беластокам і Ваўкавыскам усе паўстанкі немцамі не ахоўваюцца. На кожным — сябры і знаёмыя. Міцька Высоцкі планаваў за адну ноч вывесці са строю гэты стокіламетровы адрэзак пуці. Дзеля гэтага мы з Валодзькам перазнаёміліся са стрэлачнікамі, дзяжурнымі па станцыі. Многія з іх яшчэ і цяпер толькі чакаюць каманды...
Мо старых яшчэ і не арыштавалі — чаго панікаваць заўчасу?
Мажліва, Валодзьку таксама ўдалося ўцячы і брат мяне дома чакае? Удвух перавернем усё наваколле. Навярбуем партызан. Паўзрываем масты, рэйкі, разнясём гарнізоны. Затрымаем ноччу эшалон на перагоне, распламбуем вагоны, узброімся да зубоў і — ходу сюды.
Разбіваць немцаў у марах лёгка і проста. Нават уяўляю, як вяртаюся ў Гута-Міхаліну на чале цэлага войска.
Можна вас на хвіліну? — хтосьці нясмела кранае мяне ля агню.
Са здзіўленнем азіраюся — за мной стаіць Галя. Толькі цяпер успамінаю: яна ж ужо прыбягала сюды не раз! Раптам здагадваюся — чаго. Што яна ўздумала?!.