Ну!
I калі б цяпер усё здарылася нанова, то гэтак, вядома, не зрабілі б, праўда?
Гм... Не ведаю...
А вы падумайце!
Я шчыра стараюся ўявіць сабе зноў такую сітуацыю — праз хвіліну мне гэта ўдаецца. Акунаюся ў створаную фантазіяй атмасферу, цяжка ўздыхаю ды чэсна прызнаюся:
Даў бы яму ў зубы зноў, таварыш лейтэнант!
Во, бачыце, таварыш камандзір?! — пераможна крычыць Мікалай.
Афіцэр ледзь стрымліваецца, каб не рассмяяцца. Мае ворагі гэта бачаць і цішэюць. Некаторыя ўжо выкрыкваюць нешта ў маю абарону.
Баец Кучынскі, вы то раскайваецеся, то заяўляеце, што зноў маглі б пабіць Кулешу! — добразычліва, бытта школьніку, талкуе лейтэнант.— Падумайце, дзе ж у вас логіка?
I праўда, недарэчнасць нейкая! Толькі што я магу з сабой параіць? — бездапаможна паціскаю плячыма.
Ну? — падганяе суддзя.
Як абцугамі цягнуць з мяне адказ, а ён не лезе. Нерашуча пераступаю з нагі на нагу і агрызаюся:
А чаго ён брэша?
Партызаны галдзяць, лейтэнант на іх крычыць, у радысткі бялеюць костачкі на пальцах, сама яна ёрзае на месцы, і я змаўкаю безнадзейна — бытта ткнуўся ў тупік.
Сядайце! Та-ак,— працягвае лейтэнант.— То хто возьме тут слова з вас і будзе гаварыць толкам?
Саджуся і толькі цяпер бачу, як спатнеў. Што могуць сказаць неразвітыя хлопцы з глухіх лясных вёсак, якія і ў школу толькі хадзілі тых дваццаць месяцаў, калі ў 19З9-1941 гг. была ў нас савецкая ўлада? Выказаць на сходзе думкі для іх — непасільны занятак. Калі не лічыць Меера, выступіць тут можа толькі адзін чалавек. Насцярожана чакаю.
I праўда, чуецца неўзабаве родны, з хвалюючымі інтанацыямі голас:
Я, таварыш лейтэнант!
Галя кажа, што Кулеша абразіў значна старэйшага за сябе пара-ненага партызана і кожны сумленны мужчына заступіўся б за яго гэтаксама, як камандзір групы Кучынскі. Вядома, заступацца трэба мякчэй, але ж гэта не Кучынскага віна. У нашым гаспадарчым узводзе няма ні камсамольскай арганізацыі, ні насценнай газеты, не вядзецца ў ім ніякай выхаваўчай работы і яна будзе патрабаваць у капітана, як толькі той з'явіцца,— усё гэта наладзіць у бліжэйшы час.
Не так важна бывае часамі, што чалавек гаворыць, як важна тое, як ён гаворыць, бо самыя магутныя аргументы — тыя, што ідуць з глыбіні сэрца. Галя раптам усім хлопцам адкрыла вочы: Кучынскі той чалавек, які пацярпеў за праўду! Паглядзіце, ён — герой, а вы тут яшчэ разводзіце дэбаты, спрабуеце яго распінаць!..
Радыстка за пару мінут настройвае ўсіх супроць плаксы і гультая Кулешы, які сам заварыў кашу, а потым пабег яшчэ скардзіцца. Пра мяне забываюць, усе абрушваюцца на Мікалая.
Канчаецца суд тым, што Кулешу прымушаюць прасіць у Меера прабачэння, мне ж — толькі ставяць на від.
8
Чаго толькі не бывае на свеце!
Я не падбіў нямецкі танк, не ўзарваў дот і не пусціў пад адхон цягнік. Я толькі ўдарыў па твары недарэку і адразу вырас у вачах партызан. Нават начальства пачало да мяне ставіцца зусім іначай.
Ляжу на нарах, і ўваходзіць Маруся.
Вас выклікае капітан!
Мяне-е? — усхопліваюся.
Так.
Чаго-о? — ні то дзіўлюся, ні то палохаюся.