Маўчы, жаба, бо атрымаеш яшчэ! — раяць хлопцы яму па-добраму.
Збаяўся яго! — адступае Кулеша ад мяне далей.
Божа, яшчэ і пагражае! А што ты яму зробіш?
Няхай толькі вернецца ў лагер, раскажу пра ўсё!
Во, во, бяжы, паклёпнічай — на большае ты і не здольны, недарэка!
Але ён ужо адыходзіць. Група падрыўнікоў якраз вяртаецца з задання, і Кулеша валіцца да іх у сані. Падрыўнікі вясёлыя, адразу знікаюць у лесе.
Ладна, паехалі і мы! — іду да каня.
У лагер вяртаемся ўдвух. Меер не ведае, як адудзячыцца, не адводзіць вінавата-адданых вачэй. У нас узрадзіліся іскры душэўнага кантакту, мы як бы толькі цяпер адзін аднаго па-сапраўднаму разгледзелі. На душы ў мяне даўно не было так добра. Штурхаю сябра ў бок, жартую:
— Ну, куклюкскланавец Гута-Міхаліны, чаго нос павесіў?!
Абодва рагочам.
Прыбываем у лагер. Старшына не слухае майго рапарта, сурова кажа:
Здаць зброю і зараз жа адпраўляцца на «губу»! Пагаворым з табой пасля!
Трапляю ў халодную лазню зноў.
6
На гэты раз знаёмая лазня для мяне — курорт. Сцялю на палок салому, выгодна выцягваю ногі, накрываюся кажухом і адразу засынаю.
У лазню заглядае бландзін, з каторым я сядзеў мінулы раз. Пачынае мяне трэсці, узрадавана крычыць:
Ты зноў тут?
Тут.
А-яй-яй!
Паайкай!
Зноў не ведаеш завошта?
Цяпер ведаю.
Во, бачыш!
Бландзін шукае кампаніі. Азірнуўшыся на вартавога, паказвае бутэльку, пераможна пытаецца:
Дзербалызнем?
На яго вялікай, як месяц, і прастадушнай фізіяноміі, у сініх-сініх вачах — шчырая зычлівасць і гатоўнасць на любую ахвяру. Я адчуваю сябе страшэнна няёмка.
Каб не крыўдзіць чалавека, гатоў выпіць ужо. Але зыркаю на ядавітага колеру вадкасць, якая б'ецца аб сценкі бутэлькі, і мяне разбірае жах.
Ніякая сіла мяне не прымусіць праглынуць гэтую атруту.
Ну, смактані-і!..
Не п'ю.