Фурманкі абганяе ліхі разведчык...
Вельмі хутка пралятае кароткі зімні дзень. Лес паступова пры-ціхае, дарога пусцее. Адно ў месячным святле блішчыць выкаўзаная палазамі каляіна. На ўсё наваколле застаецца адзін наш заслон. Буджу Кулешу, пасылаю мяняць Меера.
Вечарам Кулеша псуе нам настрой.
5
Падкідваю ў агонь смольныя карчы. Меер выцягвае фанерку з квадратамі:
Сыграем?
Расстаўляем самаробныя фігуры шахмат. У цесным шалашы месцімся так, каб не засланяць святла месяца і каб бакі нам грэла вогнішча.
Цяпер не лета, ад марозу надта скрыпіць снег, і як бы хто ні падкрадваўся, а чуваць яго будзе здалёк: наш Мікалай добра пра гэта ведае.
Хлопцу доўжыцца, і для забавы ён пачынае выць воўкам. Трэба Кулешу аддаць справядлівасць, на гэта ён вялікі мастак. Вые і пад ваўчыцу, і пад старога сабаку, і пад маладога — у ваенны час іх распладзілася шмат.
Не праходзіць і пяці хвілін, як з пушчы адзываюцца гнусавыя галасы драпежнікаў.
Хр-р-р! — становіцца на дыбы наш Лысы ды з усіх чатырох кідаецца ўбок.
Я не маю часу нават ахнуць. Перад носам бліскае падкова, фанерка з клетачкамі суха трашчыць пад капытом, конь грудзьмі збівае будан, валіць яго на нас і нясецца прэч.
Выбіраемся з-пад абломкаў і ражноў.
На санях у лагер вязуць партызан, якія загінулі пад Косавам. Лысы дабягае да коней, спыняецца. Злыя, ловім каня. Сварыцца з Мікалаем ля мёртвых не выпадае, а потым ужо не стае і злосці.
Раніцой прыязджаюць нас мяняць. Камандзіру перадаю пароль і навіны. Меер вядзе ў аглоблі каня. Кулеша пацягваецца ля вогнішча, сядзіць.
Вядома, ніводзін камандзір атрада не аддасць свайго лепшага партызана. Чаму дэсантнікі збылі Мікалая — зразумела. Але і Меер з дэфектам, спіхнулі і яго. Яму нямецкая куля прашыла жывот. Лагерны хірург выразаў з метр кішак. Цяпер хлапец не можа рассячы і палена дроў, нічога не паднімае, а ў мірны час такія людзі маюць інваліднасць другой групы, жывуць на дыеце, а сваякі на кожным кроку выказваюць ім спачуванне.
Мікалай, давай сюды! Нацягні мне супоню, а то трэба моцна напінацца! — крычыць ён ад саней.
Пайшоў к чорту! — агрызаецца Кулеша.
Прычына ў сябра важная, і ён ведае, што дапамагчы-такі трэба. Мікалай неахвотна ўстае з калоды, бурчыць:
От, ляні-івы! Такога яшчэ і свет не бачыў! То таго не магу, то таго...
Я ўсё чую, але стрымліваю злосць — побач чужыя хлопцы. Тым часам Мікалай даходзіць да саней, нападае на Меера:
Ы-ы-ых, ужо не можа засупоніць нават хамута!..— Тут ён дадаў абразлівае слова па поваду Мееравай нацыянальнасці.—Усё хворы і хворы, а жэрці то здаровы!..
Бытта мяне выстралілі — лячу да іх.
Што ты сказаў?
Ад майго кулака Кулеша валіцца і няўклюдна ўстае.
А ты яго адвакат?.. Што ты за начальнік знайшоўся?!.
Другі раз б'ю ўжо яго гэтак, што недарэка пералятае сані і зарываецца ў снег з галавой.
Варты гэтага, далібог! — заўважае камандзір змены.— Няхай не брэша другі раз!
Кулеша ўстае зноў, плаксіва выціраецца і пагражае:
Ты — біцца?.. Біцца, та-ак?.. Ну, пачакай жа, фашыст ты пракляты!..