«У расход пускаюць...» — успамінаю баню ды з лёгкасцю на душы радуюся: во аб кім гаварыў разведчык! Камандзір злуецца.
Можаш, чыгровец, перакласці! Для нашага камандавання ён не такая важная шышка, каб з-за яго рызыкаваць дарагімі самалё-тамі з лётчыкамі ды пасылаць з Масквы аж сюды «дуглас»! Дапытаюць у Гута-Міхаліне як міленькага, весткі адправяць з фольдпоштай, а яго расстраляюць!
З-за крыўд, якія пазнаў я з сям'ёй ад эсэсаўцаў, трэба было б праявіць большую цвёрдасць, але мне яе раптам не стае.
Вінавата перакладаю ды гляджу, як малады яшчэ твар немца крывіць прыкрая грымаса.
Хо! — выдыхае эсэсавец коратка, бытта трапіў у кіпяток, і пераступае з нагі на нагу.— Так я і ведаў!
Хлопцаў яго перажыванні не датычаць. Чуваць, як нехта накрыўджана гаворыць:
I прасіў жа пакінуць мне, не пакінуў!
Яшчэ дзве зацяжкі будзеш мець, чаго плачаш!
Чорт, лямка ад мяшка парвалася! У цябе не знойдзецца якой вяровачкі?
Кавалак антэны на!
Хоць што-небудзь...
Армейскі разведчык, з якім мы знаёмыя яшчэ са скарыпінскай групы, дастае круглыя скрыначкі з шакаладам:
Падарунак ад фюрэра, частуйся! Захапілі ў машыне кілаграмаў трыццаць! Абрыдзеў ужо!..
Піхаю ў кішэні шакалад, стараюся не спатыкацца позіркам з афіцэрам.
Айн момэнт! — не адстае ён.— Ці магу прасіць, каб пасля до-пыту мне далі самому застрэліцца? Нешта такое ў вас практыкуецца?
Заклапочана гляджу на яго.
Ён афіцэр? — паказвае на рыжага.
Няўпэўнена ківаю галавой.
Тады перадайце яму, калі ласка, маю просьбу. Прашу яго — як афіцэр афіцэра. Пасля допыту няхай пакіне ў пісталеце адзін патрон і дасць мне. Ён мяне злавіў і мае права першынства на экзекуцыю — такі закон вайны!
Перакладаю і гэта. Хлопцы глядзяць на немца са здзіўленнем і абураюцца:
Ух ты, гад, чаго захацеў!
Калі пра рыцарства ўспомніў?! А ён, рыцар, абыходзіўся з нашымі хлопцамі як афіцэр?!
Камандзір кідае:
Чаго жывым трапіў у палон? Я б яму жывым у рукі не папаўся б, гэта — точна!
Неўзабаве партызаны з палонным адыходзяць.
З-за павароту вылятаюць па іх параконныя сані, і група паспешліва дае дарогу. Эсэсавец ведае, што на яго глядзім мы ад вогнішча, таму, паршывец, не ўцякае. Фурман у апошнюю секунду зварочвае коней ды замахваецца на афіцэра пугаўём, крычыць:
Аслеп, фрыц?!
Той нават не азіраецца на ездака.
Такое я ўжо бачыў. Ля Штутгофа аднойчы вёў нашу калону эсэсавец, лаяўся, налева ды направа раздаваў бізуны і пінаў нас ботам. Нечакана выскачыў з-за павароту грузавічок. Эсэсавец мог яшчэ саступіць у кювет з вадой і застацца жывым. Аднак, каб не паказацца нам смешным, гэтага ён не зрабіў, і машына яго раздавіла, а мы труп яго мусілі потым валачы ў лагер.
За эсэсаўцам паўзуць фурманкі з фуражом і бульбай.