Эх, і рэч была! — зусім прымірыўся са стратай чалавек.— Нямецкая, ладная...
А ты ім не даруй!
I не думаю! Пабягу да іх, хоць скандал учыню, каб ведалі другі раз!
Ездавы выйшаў. Меер з-за печы дастаў тую самую і праўда надта «ладную, нямецкую» рэч, і мы дружна пачалі патрашыць яе — кідаць непатрэбныя часткі ў агонь ды здзіраць рэмень Мееру на бот.
Усё гэта адбылося ў першыя дні майго партызанства, здалося вясёлай экзотыкай. Мінула пару тыдняў, і мы з Меерам пасябравалі. Хлапец больш за ўсіх бачыў гора, і перажытае яму не прайшло намарна — гэтыя якасці нас зблізілі.
Другі, з кім еду ў заслон,— Мікалай Кулеша.
Хлапец гэты наводзіць толькі сум. Здавалася, яму вельмі цяжка жыць і ўсё да крайнасці астабрыдла. Высокі, хілы, тупаваты юнак з рабаціністым тварам, з грывай даўно не стрыжаных валасоў, якія лохмамі лезуць з-пад замусоленай шапкі. Голас у яго глухі, жаласлівы, і гаворыць — як плача. Ён з тых людзей, якія нараджаюцца невядома навошта, не жывуць, а мэнчацца і потым паміраюць, так і не ведаючы, чаго нарадзіліся. Каб немцы не вывезлі на работы ў Германію, бацькі піхпулі свайго недарэку перачакаць калатнечу ў лесе.
У такім складзе мы і прыбываем на месца.
Пры дарозе — пачарнелы ад старасці ды сажы будан. Ля яго — вогнішча. Дыміць яно ўжо не адзін месяц, ад попелу паспеў вырасці курганчык, і вечны Знішч блішчыць ужо бытта на горцы.
Распрагаем каня. Я Лысага накрываю дзяругай, вешаю яму торбу. Меера з кулямётамі адпраўляю на варту. Мікалай завальваецца спаць.
2
Каб разграміць Гута-Міхаліну, патрэбны дывізіі. Сабраць такое войска ўпотай ад насельніцтва немагчыма. Яшчэ немцы толькі падумаюць збірацца, а ўжо лтодзі данясуць партызанам. Заслоны выстаўляюць на ўсялякі выпадак, варта ў іх не строгая. Адзін хто-небудзь сочыць за дарогай з кулямётам, а рэшта — грэюцца сабе перад вогнішчам, пякуць на штыках шашлыкі.
Стаяць у заслоне — што жыць на вялікім вакзале. Прыглядзіся адгэтуль лясному войску, і табе будзе здавацца, што партызаны — такія істоты, што некуды ўсё ідуць, ідуць і ідуць. Потым разнюхаюць, выследзяць, надкладуць міну, пяць мінут пастраляюць з-за кустоў ды зноў — ідуць, ідуць і ідуць.
Мінулы раз, напрыклад, вялі захутанага ў заінелую жаночую хустку пажылога немца з сасулькамі пад носам — нібы карыкатуру з брыгаднай насценнай газеты. Партызаны пасадзілі палоннага ля вогнішча. Ён пачаў грэцца, пакрэктваць, а хлопцы — рагатаць. Немец ведаў, што ў дабрадушным смеху партызан яго ратунак, лісліва ўсміхаўся. Сасулька раптам падтаяла ды адвалілася. Немец спалохана падняў яе і хутчэй пачаў прыклейваць на ранейшае месца. Хлопцы зарагаталі яшчэ мацней.
Камандзір групы паказаў пачак стандартных бланкаў з нейкім тэкстам, нахваліўся:
Штосьці, халера, надта важнае, глядзі! Нягоднік, трымаў у абшлагах рукавоў!
Я ўзяў паперку, стаў чытаць:
«Чатыры гадзіны мачы салому. Тады вазьмі 12-15 саломінак і спляці з іх касу. Пабі яе драўляным малатком, каб стала шчыльнай. З такіх кос пашый чаравікі. На падэшву пакладзі 3-4 пласты...»
То была інструкцыя нямецкім салдатам у Расіі, як рабіць саламяны абутак на боты зімой.
Каб не расчароўваць хлопцаў, я толькі кінуў:
Важная, што і казаць!..
...Цяпер да нашага вогнішча першай падыходзіць група з параненымі пад Ружанамі. Хлопцы — у бінтах, праз якія прабіваецца кроў; яны з шэрымі, асунутымі тварамі, ахрыплыя. Прыселі ля агню, расказалі пра засаду, ажывіліся:
Ідзём сабе па дарожцы, ні аб чым не думаем! Як сыпануць раптам на нас з усіх бакоў!..
I я спачатку не зразумеў, што здарылася! Бачу — падаюць усе, а я ўсё стаю, бы дурань, пакуль ты, зараза, не збіў мяне з ног!
Падзякуй мне хоць!..
А ў мяне ў руках быў літар мёду! Поўны такі, закаркаваны яшчэ летам! Гляджу — чамусьці трымаю адну шыйку ад бутэлькі з драўлянай затычкай! Нават не пачуў, калі дзінькнула па бутэльцы куля!
Павезлі на санях вайсковы матацыкл, гурбу нямецкай вопраткі, зброю, здабытую на паўстанку ля Свіслачы.
Меер, вязу табе струны! — абвяшчае хтосьці з саней паставому.— Неахвота мяшок развязваць, прыйдзі ў зямлянку да нас!.. Толькі яны ад гітары, падыдуць?
Сам гітарнымі іграй!..
Крочаць у спрытных куртках дэсантнікі.