Адзінай жанчыне ў зямлянцы, Марусі, выдзелілі цэлы закутак за печчу. Яна вяртаецца ад капітана, пачынае са злосцю бразгацець кацялкамі, лыжкамі.
Што за камар цябе ўкусіў, Маша? — дзівіцца хтосьці.
Медсястра маўчыць.
Хлопцы ўголас выказваюць здагадкі, і толькі я адзін ведаю, з-за чаго яна вар'юе. Галя сама п'е чай з маіх ягад. Медсястра бачыла, як Меер мяне імі частаваў. Не магу медсястры дараваць падазронасці. Разбірае пераможнае здавальненне: ага, еду ў заслон, нават камандзі-рам, разумееш?
Маруся ўздыхае і паціху пяе:
Дороги наши встрститься не могут,
Тебя ждет счастье, а ме-ня — пе-чаль!..
«Во-во, адгадала якраз!» — запіхваю ў сумку патрэбныя для заўтрашняга дня рэчы.
1
У сямейным яўрэйскім лагеры ў Гута-Міхаліне жывуць жанкі ды старыя з Брэста, Кобрына, Ружан і Пружан — з тых нямногіх, якім удалося ўцячы ад заглады. Меер прыносіць ад іх сушаныя ягады і частуе мяне. Сам хлапец — з Пружан, сям'ю яго фашысты знішчылі, уцячы ўдалося з-пад расстрэлу яму аднаму.
Калі я першы раз убачыў Меера, то падумаў, што перада мной які-небудзь вар'ят. У хлапца тады адна шчака была паголеная да сінявы, а другая парасла чорным каракулем.
У лесе былі свае законы. Калі партызан пераходзіў у другое месца, то ў першым мусіў пакінуць рэчы, якія атрымаў у атрадзе. Меер зняў з ног нямецкія боты і ад Пет-асяна прыбыў да нас у старых апорках.
Я даў зарок, што поўнасцю пагалюся, калі пашыю абутак,— растлумачыў ён нашаму старшыну.— Адзін бот маю...
Ты кінь мне гэтыя фокусы! Памятай, трапіў да дэсантнікаў, а не ў шаляй-валяй кампанію! Абсмалю, калі да вечара не паголішся, ахламон!
А мне ў гэтым загадаеце хадзіць? — дзівак паднёс апоркі старшыну пад самы нос: — Хутка агалю і яе, скуру ўжо раздабыў. Праз два тыдні пашыю і на другую нагу...
Пакуль ішла перапалка, мы на нарах прыкідваліся, што спім, ды рагаталі сабе ў жываты.
Толькі знік старшына, а ў зямлянку ўбег ездавы з суседняй брыгады:
Гэта вы, нягоднікі, халера на вас, сёння ноччу сцягнулі ў мяне з будана хамут?
Усе адразу зразумелі, адкуль у Меера матэрыял на боты. Хлопцы пачалі дружна бараніцца:
Ачмурэў? Ведаеш, якія тут, у дэсантнікаў, парадкі? Гэта табе не ў партызанах!
Тады хто?
А чаму ты да нас прыстаеш? У вартаўнікі табе мы нанімаліся, ці што?
Тут за сваім не ўсочыш!
А хіба людзі Скарыпіна не маглі хэпнуць?
Во, яны могуць!
Так і шнуруюць усюды, каб дзе пажывіцца!
Калі скарыпінцы, дык чорта лысага атрымаеш назад!..— збіты з толку ездавы ўжо чухаў патыліцу.
Але. Іхняе начальства аж у Лепічанцы, каму пажалішся?
— Пішы — прапаў твой хамут!
Памінай як звалі!