Адным словам, няўдалы быў у петрасянаўцаў асабіст. Зрэшты, калі ўлічыць тыя ўмовы, то можна толькі сказаць — добра, што быў хоць такі: партызанка — усё ж такі зрадні самадзейнасці!
Нейкі час чалавек з вожыкам усё шукае штосьці ў паперах, не знаходзіць ды крычыць:
Кажы адразу, хто цябе сюды прыслаў? Якое заданне атрымаў ад фашыстаў?
Я маўчу.
Прызнаешся добрасумленна, тады, мажліва, захаваем табе і жыццё, разумееш?
Мне няма чаго таіць,— зацінаюся я.
А ты падумай!
Ужо падумаў!
Нічо-ога, прызнаешся, калі трапіў да нас.
Што я вам буду казаць? Выдумваць на сябе стану? Чаго вы хочаце ад мяне?
Многія так заяўлялі, а потым спявалі ўсё як трэба.
Ад мяне вы нічога другога не даб'ецеся.
Чалавек аб'яўляе свой прысуд:
Вяртайся ў зямлянку, ладна. Пакуль што — жыві ў Скарыпіна, ясна?
Усяго толькі страху? Не веру сваім вушам!
Надумаешся — прыходзь у любы час, раскажы!
Міруся са становішчам падазронага і маўчу. Дай мне адно ад цябе выйсці!..
Чорт іх ведае, якой логікай кіруюцца такія людзі. Калі ты падаз-раеш у нечым чалавека, дык трымай яго. Вырашыў выпусціць, бо няма ўпэўненасці, што перад табой здраднік, дык не пагражай: сапраўднага злачынцу ты насцярожыш, а нявіннаму чалавеку толькі атруціш жыццё!
Узрадаваны, што адпускаюць, я задам падаюся да выхада.
Толькі не стань тут што-небудзь вытвараць у лагеры! — нясецца мне наўздагон.— А то жыва паложыш на пень галаву! Не адзін так жыццё скончыў!
Не стану...— пакорна, бы шкаляр, абяцаю ды прыкусваю язык. Апошняй фразай бытта сцвярджаю, што сапраўды я той, за каго мяне прымаюць, і пакуль што падпарадкоўваюся толькі сіле.
Насцярожваюся. Чалавек з вожыкам маім словам не надае значэння — заглухі, мабыць, каб адчуць такія нюансы.
Вяртаюся ў зямлянку нібы апляваны, падмочаны. Хлопцы спа-тыкаюць мяне гэтак, бытта зусім нічога не здарылася, а я і не сядзеў у лазні. Аднак мне ўжо здаецца, што ў душы падазраюць мяне і яны. Лаўлю вясёлыя і бесклапотныя галасы навокал ды зайздрошчу.
Паступова пачынаю сябе супакойваць. Быць таго не можа, праўда ўсё роўна возьме ворх! Нічога асаблівага не здарылася, карона з галавы не спала! Толькі б не сарвацца, паставіць сябе вышэй дробязных крыўд. Тып жа і да Скарыпіна прыставаў, аднак Алёшка ваюе, нават хадзіў камандзірам групы пад Беласток.
Апошні аргумент мяне супакойвае цалкам.
4
Група дэсантнікаў капітана Чыгрова складалася з васьмі чалавек. Патрэбныя былі людзі, каб станавіць на варту, пасылаць за харчамі, фуражом на вёскі. Для гэтай мэты камбрыг Петрасян выдзеліў Чыгрову гаспадарчы ўзвод. Вядома, не за так: узамен атрымаў пару кулямётаў з дыскамі. Даведаўшыся, што дэсантнікам патрэбен яшчэ і перакладчык, Петрасян перадаў Чыгрову і мяне за пятнаццаць кілаграмаў толу.
— Калі шпіён — раскушу хутка!— паабяцаў пры гэтым дэсантны камандзір.
У капітана былі дзве зямлянкі. У адной змяшчаўся ён сам з радысткай, а ў другой — шэсць дэсантнікаў з узводам. Разам нас жыло чалавек з дваццаць.
Група Чыгрова займалася толькі разведкай. Сачыла, дзе стаяць немцы, што возяць па чыгунцы, шашы, што адбываецца на бліжэй-шых аэрадромах, як фашысты абыходзяцца з насельніцтвам. Пяць дэсантнікаў збіралі звесткі, радыстка шыфраграмай перадавала іх у Маскву. Усё рабілася без удзелу людзей з узвода.