А-а, не курыш! I нейкі ты кіслы ўвесь! Вы-ыпусцяць, чаго бядуеш!
Нашто ж бралі?
Не верыш? Мусяць выпусціць!
Адкуль вы такія пэўныя?
Дык жа сёння субота, лазню трэба грэць!
?!.
Як жа! А хлопцам мыцца, думаеш, не трэ?.. У такіх выпадках арыштантаў або ў расход пускаюць, або на волю праганяюць, каб не смярдзелі тут ды месца не занімалі! Яшчэ й кармі дармаедаў, варту трымай!..
Раптам да мяне даходзіць жалезная логіка і неабходнасць такіх захадаў. Ідзе ж суровая вайна, не надта ёсць час і не вельмі ёсць каму вазіцца з такімі справамі. Што значыць лёс адной істоты ў гэтым бурлівым моры падзей?!. Усё — так, але гэта трэсачка ў даным выпадку — я!
Ад страху за сябе зноў пранікае пад скуру мароз. Няўжо дарма я так імкнуўся сюды, дарма ахвяраваў сябе Валодзька? А як жа бацькі?!.
Эх, ладнага бярозавага венічка б раздабыць дзе ды папарыцца як след! — Партызан пацягваецца ўжо так,што хрусцяць косці: — Ы-эх!
Не магу выдабыць з сябе слова.
Разумееш,— успамінае сваё сябар па няшчасцю.— Сашка-бельгіец, калі яго прывялі ў Гута-Міхаліну, і пяці мінут не мог усядзець на палку. Цяпер, бадзяга, пераседжвае нават мяне. Толькі нацягне старую вушанку, каб не апячы сваіх конскіх вушэй, залезе на самую высокую паліцу ды крычыць: «Пары-ы, пары-ы!..» Ы-ыэх! Ну й жа вы-спаўся — па-міравецку!.. Закурыць бы, халера, шкада, што ты без табакі!.. Ці не зламаў мой Гітлер нагі?.. Не, хітры ён, адразу так і вырваў. Потым толькі пакульгаў... Уяўляеш, які там быў перапалох? Сядзяць за вячэрай, насы ў кацялкі паўстаўлялі, а тут са столі ім капыт, як фіга!.. Ну ж і прыгожая гэтая Нюрка, ты яшчэ не ведаеш яе?
Зноў трасу галавой.
Весялун бачыць, што да мяне нічога не даходзіць, пацяшае зноў:
Зараз хто-небудзь прыйдзе і нас прагоніць да д'ябла! Увечары прыйдзем сюды парыцца яшчэ! Папомніш маё слова! Прыходзь парыцца абавязкова!
Нешта мармычу.
Цябе завошта пасадзілі?
Не ведаю...
Ну, во!
Цяпер ён зусім пэўны, што выпусцяць. Толькі не я.
Увальваюцца разведчыкі і з радаснымі выкрыкамі выводзяць хлапца, нібы героя, а я застаюся. Адно Скарыпін прыносіць місу гарачага і густога супу.
На, цёзка, рататуйчыку, грэйся пакуль! — кажа ён, адводзячы вочы ўбок.
Толькі цяпер заўважаю, які галодны — аж засмактала ўсё нутро. Я ж дзён з пяць — як выйшаў са Страшава — не еў гарачай стравы! З удзячнасцю кажу нешта. У мяне прарываюцца якіясьці рэшткі плачу без слёз. Уздыхаю ды бяру посуд, стаўлю сабе на калені. Ніяк не магу ўзяць лыжкі — адубянелі пальцы, з мінуту грэю іх аб міску. Сябра ўсё гэта кранае.
Ха, маеш чаго перажываць! Заперлі і мяне ў лазню, калі я прыбег з палону,— Скарыпін кагосьці дражніць: — «Як мог савецкі воін здацца жывым немцам у рукі?» Сам не ведаю! Апамятацца не паспеў, калі цэлым і здаровым трапіў ім у лапы. Потым уцякаў з лагера, ранілі. Давалокся да вашага лесу. Карповіч мяне выхадзіў і здаў у атрад. Цяпер Міцька перадаў цябе. Мне і ў галаву не прыйдзе падазраваць Міцькавага таварыша! Але ж Карповіч — сувязны нашай брыгады. Я — чалавек тут прышлы і часовы. Усе нашыя сувязныя для іх таксама невядомыя людзі. I лаяць за лішнюю насцярожанасць іх не вельмі трэба. Пачні ўсіх без разбору прымаць у атрад, і разляціцца ўсё к д'яблу! Пільнасць тут неабходная — у Гітлера колькі школ дыверсантаў існуе!..
Скарыпіп яшчэ доўга тлумачыць мне незразумелыя партызанс-кія парадкі.
Цярпі,— уздыхае.— На Новы год прыйдзе наша брыгада з Ліпічанкі, тады аджывём!
Добра яму суцяшаць.
Вечарам вядуць мяне з лазні на допыт.
У зямлянцы сцены з бярвенняў занавешаны даматканымі дыванамі. Стаіць цяплынь ад жалезнай печкі. За сталом — акуратны чалавек з вожыкам каштанавых валасоў. Ён холадна адказвае на мой «добры вечар!», садзіць насупроць і свідруе карымі вачыма. Праз хвіліну ні то пытаецца, ні то аб'яўляе:
Такім чынам, ты вярнуўся з палону.