Раптам з зямлянкі выскоквае нямецкі салдат. Самы сапраўдны, мне не здалося! Нават на шырокім рэмені ў яго гойдаецца ў ножнах плоскі штык, а выпрасаваныя на кант нагавіцы ўнізе абхоплепы крагамі з зялёнага брызенту.
Мае сябры ажывіліся:
Сашка, гутэн морген!
Салют!
Юнак ім усміхаецца той усмешкай, якая звычайна бывае ў любімчыкаў публікі.
Бон жур!
А рэвуа! — махае ён рукой і знікае.
— Бельгіец,— тлумачыць Скарыпін.— Уцёк з нямецкай часці, прыстаў да нас. Партызаніць.
Аж сэрца выскоквае з грудзей. Вось нарэшце тое запаветнае месца, куды імкнуцца многія, але пашанцавала трапіць толькі мне, шчасліўчыку.
Я да мясціны поўны нейкай святой пашаны і любові. Каб адно не праганьбаваць сябе. Ужо ж я тут і пастараюся!
2
Знаёмых у Гута-Міхаліне няма. Рэшткі групы Высоцкага яшчэ восенню адышлі адгэтуль у Палессе. Атрад Скарыпіна стаіць недзе за дзве сотні кіламетраў, аж у Ліпічанскай пушчы. Алёшка са сваімі хлопцамі жыве тут толькі госцем і часова падпарадкаваны брыгадзе Петрасяна.
Калі мы выспаліся, выклікае мяне петрасянаўскі камандзір, прапануе здаць пісталет.
Аяз чым застануся?
У нас такі парадак. Новы партызан здае зброю, а камандзір потым выдзяляе яму, што лічыць патрэбным,— тлумачыць чалавек, адводзячы вочы ўбок, насцярожана чакае.
Адчуваю ў яго словах няшчырасць і халадзею. Як мне быць?
Праз хвіліну не сваімі рукамі расшпільваю афіцэрскую партупею з кабурой і кладу на стол. Амуніцыі вельмі шкада: да пісталета прызвычаіўся, прыстраляў яго. Бацька пераадзеў у цывільнае нашага маёра і за гэта атрымаў яго пісталет і партупею.
Сёння я дзяжурны па гарнізону,— кажа камандзір ужо смялей.— Ты чалавек яшчэ неправераны, пакуль што для нас небяспечны. Адпраўляю цябе на «губу» для высвятлення.
Так бы адразу і гаварыў!
Два аўтаматчыкі вядуць мяне ў лазню. Перад абсмоленымі дзвярыма стаіць вартавы. У лазні на саломе валяецца п'яны — яшчэ адзін арыштант.
Цэлую ноч сяджу на бочцы, агорнуты непрыемнымі думкамі. Бытта праз сон чую, як храпе п'яны і асцярожна ходзіць вартавы. Я, бы той салдат, які ад таго, што яго ранілі, падумаў ужо, што вайна прайграна, не магу ўзняцца над асабістай крыўдай і паглядзець на выпадак аб'ектыўна.
Што за несправядлівасць! Колькі імкнуўся, цярпеў, ішоў з такімі прыгодамі і рызыкай, ды — вось табе!..
Сцены лазні свецяцца, дзверы няшчыльныя, вакол тэмпература, як і на дварэ, нават скразіць, але я такі зламаны, што мяне нават не бярэ і холад.
Раніцой мой напарнік прачынаецца. Пазнаю ў ім таго самага чалавека, які ўчора, абвешаны зброяй, ехаў на кудлатым кані. Выглядае ён цяпер зусім не страшна. Русы дзяцюк з мяккімі і сінімі вачыма, круглым і рыхлаватым тварам.
Бачачы, што я не збіраюся яго распытваць, партызан пацягваецца і хваліцца сам:
Эх! Учора на сваім Гітлеры скакаў праз зямлянку чапаеўцаў, дзе Кучаравая Нюрка жыве, ты яе ведаеш?
?!.
Раз нішто пераскочыў. I другі сігануў. За трэцім разам мой Гітлер на заднія ногі пакаўзнуўся і пярэднімі капытамі, бадзяга, так і ўлез у зямлянку! Уяўляеш, якая там паніка была — якраз вячэралі ўсе!..
Неакрэслена ўсміхаюся.
— Курыць маеш? Матляю галавой.