А хіба я ў ім быў?.. Я ж не служыў у арміі, не прымаў прысягі, а слова «палон», наколькі я разумею, мае адносіны да вайсковых. Выходзіць, да палону я яшчэ нават не дарос, чаму ён гэтак гаворыць?
Са Штутгофа ўцёк! — уздыхаю.
А што гэта такое? — злуецца ўжо ён.
Лагер смерці.
Дык ты, кажаш, уцёк з лагера смерці?
Як бачыце...
А чаму ж ты ў ім не загінуў, як іншыя? — яхідна бліскаюць яго карыя вочы, бытта ён злавіў мяне на ашуканстве.
Табе прыемна было б бачыць мяне мёртвым? Ты вар'ят, ці што? Навошта мне гэта кажаш?! Да чалавека адчуваю непрыязь.
Тым часам ён, як вучня, які не вывучыў урок, цягне мяне за язык далей:
Гавары, я слухаю!
Бо там я,— пачынаго тлумачыць,— бо неяк так... Бо маці пачкі нам з сухарамі...
І раптам бачу — дарэмныя мае намаганні! Перада мной сядзіць самаздаволены і надта ўпэўнены тып, які да таго яшчэ і злы ды нечым раздражнёны. Што яму да складанасці жыцця ў Штутгофе?
Маё існаванне зноў пад пагрозай.
Успамінаюцца словы п'янага разведчыка: «Пускаюць у расход». На мне аж шорхне скура. Чорт на яго, куды ж я трапіў. Гэта непаразуменне! — хочацца закрычаць на ўвесь лес. Я скоранька дастаю лапінку з лагерным нумарам, чырвовым вінкелем і лацінскай «R». У кішэні — паперка з гімнам смертнікаў Штутгофа, дастаю і яе, кладу на стол. Яшчэ сцягваю бот, паказваю фіялетавыя плямы ад флегмоны на назе.
Ве-едаем усе гэтыя штучкі шпіёнаў — вучаць вас фашысты па вышэйшаму класу там!
Чалавек са злосцю кідае ў печ лапіну, паперку з песняй, і цяга падхоплівае іх у сярэдзіпу.
Думаеш, паверу, бытта ты гэтак свабодна праехаў па Германіі? Так бы ўсе паразбягаліся адтуль! Перастань заліваць байкі пра белага бычка!
Я бачу, як агонь у печцы пажырае штутгофскія атрыбуты, але — не да іх.
У бакавой кішэні ляжыць схема чыгунак Прусіі. На ёй — няроўныя і яшчэ свежыя краі ад нажа. Бяруся за кішэню.
Стоп! Які сэнс паказваць і яе гэтаму глухому тыпу? Бяссільна апускаю руку. Ад крыўды не магу вымавіць нават слова. Ледзьве праглынаю сліну.
Чалавек бачыць мае слёзы, кідае:
Не плач, не паможа. Масква слязам не верыць! Гэтую фразу я тады пачуў першы раз. Ох, як ненавіджу яе з той пары. Веру, яе прыдумалі нядобрыя і злыя чыноўнікі мо яшчэ ў часы татарскага іга, людзі павінны яе забыць, як мат.
Я і пе плачу... і гавару праўду... Мяне добра ведае ляснік Карповіч з Грыбаўцоў...
Яшчэ трэ прыглядзецца і да твайго лесніка!
Скарыпін добра ведае Карповіча...
I да Скарыпіна мы прыглядзімся!
Гэ, ты падазраеш і яго?!.
Усе вы недалёка адышлі адзін ад аднаго!
Адразу робіцца лягчэй. Чуваць, як трашчаць яловыя сучкі ў печы ды гудуць дровы. Ад штутгофскага нумара і паперак там няма ўжо і следу.
Чалавек плюе сабе на пальцы, гартае нейкі сшытак, а я гляджу на яго з пагардай. Вядома, ты праз Германію, дубіна, не праехаў бы гэтак!.. Ух, як цябе ненавіджу!