Зараз жа прытомнею. Бяру мушкай улева, куды павінны пад'ехаць за гэты момант немцы, цісну спуск зноў.
Тр-р-р! — другая чарга, не такая ўжо і страшная, заглушае рэха першай, ды раптоўна абрываецца.
Дзесяцізарадка зрабілася лягчэйшай. Супакойваецца і рэха. У чым справа? Ага, я ж з магазіна ўсе патроны выстраляў! Механічна вымаю з-за халявы, устаўляю свежую абойму і стараюся што-небудзь разгледзець.
Перада мной — пустая дарога. Што за ліха, дзе немцы? Трэба, мабыць, хлопцаў будзіць! Азіраюся назад і халадзею.
Дзе зусім нядаўна яшчэ ляжалі партызаны, цяпер пустуюць адно ямкі ды валяюцца ўціснутыя ў снег яловыя лапкі! Нашых — ні душы! Ні торбаў на суках, ні вінтовак! Можна падумаць, што пад сасёнкамі ўвогуле ніхто не ляжаў, каб не гойдаліся за хлопцамі яшчэ галінкі сасёнак.
Мяне агортвае непакой адзіноты.
Узбуджаны, выхопліваю з развілкі дзесяцізарадку, кідаюся ў тым напрамку, куды вялі сляды нашых хлопцаў. Бягу, нічога не бачу, не чую, калі не лічыць далёкага грукатання колаў. Фурманка цяпер траскаціць шалёна, на высокай ноце,— яе, відаць, імчыць перапалоханы насмерць конь. Слухаю траскатню пераможна і хоць застаўся адзін, а страху — ані крыхі.
4
Сваіх знаходжу на ўзгорку, дзе хлопцы ўжо занялі ў старых акопчыках кругавую абарону. Пару чалавек яшчэ блукала па хваіне, і сабраліся мы ўсе толькі пад самы вечар.
Нарэшце злыя партызаны вырушаюць у дарогу.
Навошта было страляць! — злосна бурчыць адзін хлапец да другога.
Сказаць мне ў вочы ніхто не адважыцца: стрымлівае іх трады-цыя ветлівасці да новага чалавека. Раніцой жа яны падчысцілі маю торбу з харчамі, ды і ў маім паступку, мабыць, было нешта і добрае!
Мы выконваем спецзаданне! — паступова ўзбуджваюць адзін аднаго хлопцы.— Наша справа не ўвязвацца ў бой з кожным фрыцам, а — зрабіць сваё ды вярнуцца ў лагер!
Хачу апраўдацца, аднак мне не даюць.
Толькі сябе выдалі!
Даўно вядома — пашлі дурня маліцца, то ён сабе і лоб расквасіць!
— Хай бы сабе лоб і падстаўляў! Цяпер гарнізоны з сабакамі сядуць нам на хвост ды будуць ганяць па лесе, як зайцоў, а я каторы дзень ног не чую!
Пастраляць яму, бачыш, захацелася!..
Бяруць абы-каго ў атрад, не разбіраюцца, і вось што выходзіць!..
Але і Скарыпін: вінтоўку каму сунуў! Сосачку такім яшчэ трэба даваць!..
Праглынаю ўжо слёзы крыўды.
Хлопцы гавораць між сабой, лаюць і абзываюць мяне апошнімі словамі, аднак і дэлей не глядзяць мне ў вочы.
Скарыпіну сорамна: ён камандзір, а ўцякаў разам з усімі. Аляксей суцішае і іх і мяне:
Ну, чаго бурчыце, як старыя дзяды? Ла-адна! Чалавек першы раз на варце, не ведаў нашых законаў! Папабегае, колькі мы, ад немцаў, навучыцца!
Угаманіліся партызаны не хутка. Але ж калі астылі, то выйшла, што немцаў не збаяўся я адзін. Хлопцы чуюць ужо віну перада мною, стараюцца яе згладзіць.
А колькі іх там было? — цікавяцца.
Дакладна не ведаю...— стараюся прыпомніць.— Чатырох разгледзець паспеў. Курылі якраз. Дваіх спераду, дваіх ззаду, фурман пяты...
I панесла іх у такую глухамань!
От выберы другі раз месца для стаянкі!
Не бачылі, забілі каго ці не? — пытаецца армеец, сціплы ды ціхі хлапец, які не браў удзелу ў лаянцы па майму адрасу.