Нахлебнікі!..
З вушанкі за шыю спаўзае нешта халоднае. Засаджваю руку пад кашулю і дастаю льдзінку. Здымаю вушанку, абтрасаю з яе снег. Потым зноў гляджу, слухаю.
Нават не заўважыў, калі мінуў час. Разбірае дрымота і мяне, трэба мяняцца. Злажу з гушкалкі, іду да таварышаў.
Мая штутгофская торба ад процівагаза зрабілася зусім тонкай і вісіць на сучку. Успамінаю, з якім апетытам хлопцы апляталі маміны прыпасы. Робіцца вельмі прыемна, і я цяпер гляджу на іх, як на сваякоў. Крыху ўжо ведаю пра хлопцаў.
Вось два пажылыя партызаны, што ляжаць зводдаль ад усіх на яловых лапках,— падрыўнікі. Яны ў раёне нашай Бераставіцы пусцілі пад адхон цягнік. А такія сабе непрыкметныя дзядзькі з шэрым шчаціннем на даўно няголеных тварах.
Далей хлопцы, якія падрывалі кацёл па Крынкаўскай электра-станцыі, а ім дапамагала ў Беластоку таямнічая Маруся. Яна прыяз-джала ў лес да іх на спатканне нават з немцам-антыфашыстам. Хлоп-цы надта смешна апавядалі, як немец увесь час іх баяўся, бытта партызаны яго збіраліся засмажыць.
З падвязанай цесна пад бараду вушанкай ляжыць разведчык Чырвонай Арміі. Побач — былы сакратар нашага райкома камсамола, Яшка Баркуноў.
З усіх толькі разведчык і Баркуноў маюць на сабе зручныя і цёплыя дэсантныя курткі з цыгейкавымі каўнярамі. Аднак і гэта іх не ратуе ад холаду...
Страшнае відовішча — людзі, якія спяць на снезе. Зямлістыя шэрыя твары. Цяжкае дыханне. У некаторых дрыжаць калені і ў такт чуецца жаласлівае скуленне, а боты бязладна соўгаюць па снезе. Адчуваю спагаду і братэрскае спачуванне.
Скарыпін ад маіх крокаў прачынаецца і такім цвярозым голасам, бытта ён увогуле не спаў, а прыклаўшы да зямлі вуха, слухаў,— цікавіцца:
Ну, што там у цябе на дарозе?
Мёртвая ціш. Адно зайцы бегаюць ды сойкі лямантуюць. Мяняцца прыйшоў.
Між намі яшчэ ўчора ўстанавілася нейкае давер'е, мы адзін аднаго як бы разумеем без слоў. Шчырасць і давер у яго голасе і цяпер.
То будзі крайняга,— сіпіць ён.— Чаго цырымонішся, смялей!
Будзіць? А што мне рабіць?
Хоць прыйшоў з лагера смерці, але вось гэтак заснуць на снезе не змагу. Асабліва пасля таго, як дзесяць сутак адсыпаўся ў сене, у цёплых суседскіх гумнах, пакуль бацька здабываў мне боты, а кравец абцягваў сукном кажух. Усё роўна давядзецца бегаць і тупаць, каб не акалець. Ды і хлопцам хочацца зрабіць нешта добрае — я ўвесь перапоўнены нейкай шчодрасцю.
Ладна, яшчэ павартую, а вы сабе паспіце!
— Будзі, будзі, не саромейся! Самі яны не ўстануць, не спадзявайся!
— Мне не хочацца зусім спаць! Праўда, праўда, не хочацца! Пастаю крыху яшчэ...
Ну, як сабе хочаш.
У Скарыпіна гэта выходзіць па-мужчынску скупа. Ён ані крыху не дзівіцца і не захапляецца маёй ахвярнасцю. Алёшка выпроствае ды згінае некалькі разоў ногі, трэ калені, крывіцца і сыкае, а тады нацягвае вушанку больш на лоб, паварочваецца да мяне і адразу засынае.
Вяртаюся на варту, нагінаю бярозку зноў. Цяпер час вельмі доўжыцца, ды адступаць — позна.
3
Дзесьці апоўдні насцярожваюся — грукочуць, здаецца, колы фурманкі па мёрзлай каляіне. Прыслухоўваюся лепш — грукочуць! Каму спатрэбілася тут праязджаць?
На ўсякі выпадак адбяспечваю дзесяцізарадку, кладу на развіл-ку ядлоўцу ложа, прыстаўляю да пляча прыклад і бяру дарогу на прыцэл.
Ужо выразна чуваць, як колы паўтараюць складкі акасцянелага грунту. А вось паказваецца белая конская галава з чорнымі мушкамі вакол вока. Наплывае канец аглоблі, хамут з дугой, набэдрыкі ды магутны бок сівога каня. Затым паўзе перадок воза, а на ім у саматканай світачцы — скручаны фурман. За фурманам — немцы!
Яны сядзелі падцягнутыя, здаволеныя, бяспечныя, як турысты, са свежымі тварамі, у пілотках набакір, з цыгаркамі ў зубах і аўтаматамі між каленяў. Але цяпер яны мне не страшныя. Наадварот — я даўно марыў аб такім моманце! Агортвае такое адчуванне, як у чалавека, якога надта доўга мучыла смага, але нарэшце ён дапаў да вады і вось — дасць зараз сабе волю, адвядзе душу.
Эх, чорт, кулямёта са склепа не ўзяў!..
Я нават не раздумваю — страляць ці не. Стрымліваю дыханне і паспешліва пачынаю вадзіць мушкай. У напружанні даводжу мушку да цэлі і — націскаю спуск.
Тр-р-р! — рэзка ды нечакана гучна фыркае чарга, а прыклад з большай, чым я спадзяваўся, аддачай б'е мяне ў плячо. Я палохаюся і адпускаю палец.