— Нясі пакуль што, пакінем твой харч для наступнага прывалу, а то іх на сон пацягне! Цяпер нам трэба фарсіраваць чыгунку,— кажа ён, заклапочаны.— Можаш праз яе правесці так, каб ніхто нас не бачыў?
Пра такое глупства пытаецца гэтак сур'ёзна.
Магу!
Тады — давай! Хлопцы, пад'ём! Хопіць разлежвацца — не на курорце!
Людзі цяжка ўстаюць ды шлёпаюць за намі.
Прабіраемся цераз пуць. За чыгункай выцягваемся ў ланцуг. Ідзём па лесе. Я ўсё прыглядваюся.
Чэсна гаворачы, я крыху расчараваны.
Дагэтуль партызан фактычна не бачыў. Сувязь з імі трымаў праз гэтага самага Міцьку. Некалькі разоў сустракаўся з Высоцкім, але і то ноччу. Вобраз лясных герояў стварыў сабе сам. У маім уяўленні былі яны людзі рослыя, энергічныя, дужыя і хадзілі асабліва: пружыніста, лёгка, каб не пакідаць слядоў ды не трашчаць галлём,— толькі ўздымалі вопраткай за сабой вецярок.
Усё атрымліваецца не так.
Нават я сярод партызан — самы высокі. I крочаць яны цяжка, няўклюдна, шоргаюць халявамі, спатыкаюцца аб карэнні і пні. На адным чалавеку — вывернуты кажух, на другім — вайсковы шынель, на трэцім — дэсантная куртка, на чацвёртым — палітэчка-рэглан. Скарыпін — камандзір, відаць, з вайсковых абкружэнцаў, крыссё шыняля заткнуў за пояс, як рыбак. Танкашыі хлапец трымае він-тоўку на плячы прыкладам уверх...
Хлопцы чамусьці злыя і раздражнёныя: гыркаюць адзін на аднаго, кашляюць, чухаюцца, шморгаюць насамі.
Адным словам, перада мной — зусім не тыя міфічныя героі, аб якіх столькі хадзіла легенд. Гэтыя людзі падобныя больш да дрывасекаў ці рамонтнікаў, якія, натаміўшыся за цэлы дзень на холадзе, змардаваныя ўшчэнт, валакуцца нага за нагу на спачын і болей іх нічога не займае.
2
Хоць ішлі мы, здаецца, памалу, а за ноч адмахалі полем, балотам і лесам, мабыць, кіламетраў з трыццаць.
Уваходзім у Белавежскую пушчу. На світанні апынаемся ў хвойніку. Скарыпін выбірае месца для стаянкі.
Тут дарога блізка! — заўважае нехта.
Ну і што? Гэта табе не бальшак, па ёй ездзяць раз у тры гады! — супакойвае другі.
Знайшоў «дарогу»! — падтрымлівае сябра трэці.
Скарыпін адпраўляецца ў кусты, глядзіць.
Тым часам хлопцы рэчавыя мяшкі абыякава бухаюць у снег. Вінтоўкі і аўтаматы чапляюць на сучкі. Выпрастоўваюць амярцвелыя плечы. Танкашыі, разудалы юнак, які вінтоўку нёс прыкладам уверх, пацягваецца, сціскае пальцы ў кулак, крэкча і дэкламіруе:
Эх-х! Кулакі — бытта з жалеза,
Грудзь — шырокая, як печ,
А пад бокам — Белавежа,—
Можаш ўдарыць, можаш ўцеч!
Зубёр — куды там! — кпіць з яго сусед.
А знаеш, у нашай вёсцы...
Скарыпін не дае Трухану скончыць, ён вяртаецца, няўпэўнена гаворыць:
Як я казаў — няезджаная даўно...
Далей не пойдзем, а то ног не магу ўжо валачы!— жаліцца нехта.
I мне, халера, адвальваюцца — выдахся ўшчэнт!— прызнаец-ца дэкламатар.