З таямнічай цемры вылазіць дужы, магутны Міцька Карповіч з суседняй вёскі Грыбаўцы. З ім яшчэ пры буржуазнай Полынчы мы хадзілі на патайныя сходкі і на вячоркі да дзяўчат. Вучыліся разам танцаваць, абаіх нас паліцыянты цягалі за афішкі і за тое, што білі вокны штрэйкбрэхерам. Цяпер хлапец служыць лесніком у лесе. Такое мае заданне ад партызан.
Міцька ледзь не двухметровага росту, і чалавек, якога ён вядзе, выглядае пры ім, бы хлопчык.
Знаёмцеся! — кажа сябар, па сваёй звычцы сарамліва ўсміха-ючыся, а яго зубы бялеюць.— Камандзір групы — таварыш Скарыпін. Таксама Алёшка.
Паспешліва паціскаю жорсткую халодную руку незнаёмага. Ён не надта мяне разглядае. Толькі сіплым голасам, бытта мы даўно-даўно ведаем адзін аднаго, фамільярна пытаецца:
Ну, цёзка, гатоў?
Даўно...
Тады пайшлі! Бо нам яшчэ тэпаць ды тэпаць! Міцька нясмела напамінае камандзіру:
Адно памятайце: наступным разам забярэце і мяне з сабой! Абяцалі ж!
Забяро-ом! — без пераканання адказвае Скарыпін. Відаць, у яго штосьці няладна з бронхамі. Калі ўдыхае паветра, то ў ягоных грудзях ні то свішча, ні то гудзе нейкая струна, якая, здаецца, вось-вось з трэскам парвецца.— А пакуль што шпар у Гарадок ды прыводзь сваіх немцаў на стаянку!
Здагадваюся, аб чым гаворка.
Яшчэ да майго арышту Карповіч абдурваў гэтак фашыстаў. Калі партызаны адыходзілі, ён прыводзіў немцаў і сваім тонкім тэнарком, які так не ішоў да яго магутнай фігуры, шчыра дзівіўся:
«Во, бачыце, яшчэ нават дым з вогнішча сочыцца. Казаў вам, шэф, ехаць хутчэй, а цяпер — шукай ветру ў полі!»
Халера, кожны раз не прывядзеш,— са шкадаваннем уздыхае Міцька.— Немцы не такія дурні, здагадаюцца. Трэ штось новае прыдумваць кожны раз.
Скарыпін сіпла смяецца:
Прыдумаеш, час маеш!.. I не зайздросць нам — яшчэ нацягаешся!.. Ну, нам пара!..
Алёшка, будзь здароў! — Міцька ляпае мяне па плячы з зайздрасцю.— I вы, таварыш Скарыпін, бывайце!.. Жадаю вам не нарывацца нідзе, хай іх халера!..
«Ляснік» адыходзіць, застаюся сярод незнаёмых. Паволі вочы прызвычайваюцца да цемры, ужо нават магу бачыць людзей. Разглядаю іх з прагнай цікавасцю.
Усіх тут чалавек пятнаццаць. Адны неахвотна перавязваюць і ўскідваюць на плечы рэчавыя мяшкі. Другія, выставіўшы проста на снег белыя ступакі, перамотваюць анучы, пераабуваюцца і па-старэчы крэкчуць. Трэція паспешліва дакурваюць, прагна цягнуць з рукава самакруткі, нават чуваць, як патрэсквае тытунь. Чацвёртыя жуюць. Чуваць ціхую гаворку:
А гало-одны, халера, што, здаецца, гэты едлавец грыз бы! Што ясі, Міша?
Цыбулю!
Дай мне таксама!
Бяры!
Эх, цыбуленька мая, партызанскі вітамін!
Кажуць, Каўпак возіць з сабой мяшочак часнаку і апраўдваецца, што ён каўбасой пахне.
З дзівацтва не вядомага мне яшчэ Каўпака[63] ніхто не смяецца. Толькі хтосьці ўздыхае:
— А ў нашай вёсцы, хлопцы, каўбасу называюць — ведаеце як? Ніхто не здагадаецца, я пэўны!
Не цягні, кажы!
Крывое мяса!
Маўчанне. Як і Скарыпін, яны на мяне не надта звяртаюць увагу і мною абсалютна не цікавяцца. Адчуваю сябе адзінока. Няўжо мне давядзецца з'есці з імі славуты пуд солі, пакуль пачнуць мяне лічыць сваім?
Спахопліваюся: у мяне ж на плячы — поўная сумка ад процівагаза ежы! Толькі не адважуся ім запрапанаваць. Шапчу пра гэта Скарыпіну.
[63] Каўпак — кіраўнік праслаўленага партызанскага злучэння, вядомага сваімі рэйдамі па Беларусі і Украіне.