— Яшчэ і лепш, што дарога,— пераконвае ні то сябе, ні то сяброў Скарыпін.— Дзе-дзе, а каля яе шукаць не стануць, будзьце пэўнымі! — Камандзір паказвае на снег пад сасёнкамі: — Дняваць будзем тут.
Толькі потым, калі і сам паблукаў па лясах не адзін месяц, я зразумеў Скарыпіна. Гэта тым, хто з гарадской мітусні забрыдзе на хвіліну ў лес, хочацца зашыцца ў самы гушчар, падыхаць водарам зеляніны, пацешыць зрок далікатнымі фарбамі ды маляўнічымі контурамі крон, пабыць нейкі час самому з сабой. А людзей, якія вымушаны часта лазіць па глухіх ды бязлюдных кутках, падсвядома — як магнітам цягне бліжэй да абжытых мясцін.
Усё з той жа фамільярнасцю камандзір звяртаецца да мяне:
Цёзка, пойдзеш на варту!
У мяне пісталет. Паспешліва расшпільваю кабуру, каб дастаць ТТ.
Пакінь! — загадвае ён.— З ім добра, калі з бобікам спаткаеш-ся лоб у лоб, гэтая зброя не для варты. На, вазьмі маю дзесяцізарадку!
Не веру сваім вушам, але выцягваю руку, вінтоўку бяру.
Толькі ведай, яна перароблена на аўтамат! Раз націснеш, і ўсе патроны выскачаць! Бяры запасныя магазіны,— дастае ён з-за халявы металічныя пеналы: — Трымай!
Выходзіць, Скарыпін не сумняваецца, што я ўмею абыходзіцца з любой зброяй. I давярае мне лёс цэлай групы. Лічыць за чалавека, які найменш стаміўся. Усё гэта мне лесціць.
Зразумела...— ледзь вымаўляю ад радасці.
А цяпер адкрывай нам сваю торбу, ты ж хваліўся, што ў ёй мацерыны прыпасы!
Чорт, забыўся зусім! — чырванею я і паспяшаю выканаць яго просьбу.
Праз хвіліну крочу ўжо па скарыпінскіх слядах. Выбіраю месца, адкуль відаць дарогу. Станаўлюся за ядлоўчыкамі — густымі і стромкімі, як кіпарысы. Азіраюся.
Жах!
Жуючы маё мяса з хлебам, хлопцы, нібы курапаткі, падаюць проста ў снег, падцягваюць пад бараду калені ды збіраюцца так заснуць. Пару чалавек ломяць галінкі, мосцяць сабе падсцілку. Нагрэе такі сяннік, а як жа!
Настае дзень, але суцэльныя шэрыя хмары не дазваляюць вызначыць час. Толькі цяпер спахопліваюся, што баляць ногі і мне. Нагінаю бярозку, саджуся на пружыністую дугу, гойдаюся і думаю. Ёсць пра што.
Першы раз у жыцці стаю на варце. За ўсю вайну ўпершыню ў мяне на душы такая яснасць. Не трэба ні хітрыць, ні прыкідвацца, ні кагосьці ашукваць. На свеце шугае страшэннае зло, але ў маіх руках зброя, за мной сябры, і мы ствараем самастойную ды незалежную дзяржаву, якая зла гэтага не баіцца! Я тут і за Валодзьку, і за бацькоў, і за сяброў, і за ўвесь свет! Мяне ўсяго распірае ад рашучасці, пераможнай гордасці ад сваёй місіі.
Хочацца зрабіць штосьці такое незвычайнае, каб усе ахнулі. Аж крыўда бярэ, што няма выпадку прымяніць сваю энергію. Перада мной усё гэтак жа маўкліва маячыць стары лес, і гудзе вецер у яго кронах. Тырчаць голыя дубцы асінак, бярозак, арэшніку. Непарушна вісяць, нібы з меднай бляхі, застылыя лісты на дубках... На ўсё гэта гляджу, а ў галаву пачалі лезці пачутыя ад партызан новыя словы. Рамантычныя. Дзіўныя. Не зусім зразумелыя.
Дагэтуль я ведаў, што нармальныя людзі начуюць. Партызаны ўсю ноч ідуць, ставяць міны, робяць засады, вынюхваюць, выслеж-ваюць, а потым — днююць.
Выяўляецца — дарога, па якой часта ездзяць немцы, ужо не дарога. Яна — бальшак.
У Свіслачы не проста жывуць немцы з паліцаямі. Там стаіць — гарнізон.
А той з нашых, хто пайшоў у гэты гарнізон служыць,— не нроста паліцай, здраднік, прадажная шкура. Ён — бобік!
Аж смешна!
А хіба няпраўда? Фашысты такому плююць у твар, не лічаць за чалавека, а яму хоць бы што. Вядома, бобік, самы сапраўдны. Паспрабуй прыдумай на такога сказаць лепш!
Аднак найбольшую пашану выклікае таямнічае слова сувязны. Чалавека такога партызанам назваць мала. Днём ён расхаджвае па гарнізонах, таўчэцца сярод немцаў, мо нават выпівае з імі, як Міцька, скаліць да іх зубы і — падглядвае, выпытвае, вынюхвае, матае на вус і матае, а ноччу дакладвае пра ўсё ў атрад, брыгаду. Яго дом уяўляю сабе калі не з радыёстанцыямі, то прьшамсі з тэлефонамі, а пад страхой — блытаніна правадоў-антэн.
А яшчэ ў таямнічай Гута-Міхаліне, куды мы ідзём, кухар Салвесь гатуе якісьці дзіўны партызанскі суп — рататуй! Хлопцы два тыдні ядуць усухамятку, адно і гавораць аб ім...
Ну і жыццё ж у мяне пачынаецца — як казка!
З задумы вырывае сойка. Птушка пералятае з дрэва на дрэва ды верашчыць на ўвесь лес, бытта яе хто пакрыўдзіў ці ўшчаміў лучыну ў хвост.
Па дарозе гоцае стары заяц. Во — стаіць хвіліну, разважае. Нечага скрабе снег пярэднімі лапамі, ляніва падскоквае. Зажмурыўся, як чалавек, пазяхае. Матляе галавой, кладзе вушы на спіну, гоцае далей. Толькі цяпер пачуў чалавека. Яго ноздры імгненна расшыраюцца, дзікімі вачыма страляе ў мой бок, стогне, як конь, выцягваецца ў струнку і — скок у ельнік! Не панікуй, дурань!
А вунь зігзагамі, як кінуты над вадой камень, ляціць стракаты дзяцел. Нарэшце ён узмывае ўверх, прыклейваецца да адзінокай сасны ды бярэцца дзяўбці. Вакол расселіся сінічкі, чакаюць. Нарэшце з-пад дзятлавага долата пасыпаліся на зямлю жоўтыя крышынкі, птушкі ныраюць дружна да іх.