Перастань! — крычыць бацька.— Пачнеш тут зараз слёзы свае ліць!
Шкада іх.
Вам цяпер хоць пасылак трэба будзе менш рыхтаваць ды вазіць на пошту! — кажу вінавата.
Наадварот! Трэба рабіць усё гэтаксама, бытта нічога не здарылася. Будуць прыходзіць у Штуттоф па дзве пасылкі, і немцы падумаюць, што ты дадому не дайшоў.
Стары казаў праўду.
Тады напішу Валодзьку пісьмо. Пакладзеце ў хлеб, няхай ведае, што я дайшоў.
Не паддасі гэтым брата? Яго пасылкі ў лагеры цяпер будуць правяраць не гэтак!
Ведаю, як ашукаць!
Глядзі, не пашкодзь яму! Беднаму дасталося недзе і так...
Калі не замучылі там насмерць даўно ўжэ, гы-гы-гы-ы!..— зрываецца мама.
Агортвае такая трывога, што не знаходжу сабе месца. Не маю сілы суцешыць яе.
5
Бацькава пасылка з маім пісьмом трапіла знаёмаму арыштанту. Яго прозвішча было таксама Кучынскі. Арыштант хоць і бачыў, што торба з харчамі не яму выслана, ды не ў штутгофскіх звычках было адмаўляцца ад дармовай ежы. Аднак, знайшоўшы ў хлебе пісьмо, выкінуць яго не адважыўся. Чалавек даведаўся, каму пасылка, перадаў скручаны ў цыгарку лісток у бальніцу.
Праз два тыдні пасля маіх уцёкаў Валодзька ў «рэвіры» ляжаў на трэцім паверсе нараў ды каторы раз крадком перачытваў маё пісьмо. У памяшканні трызнілі і хрыпелі арыштанты — хворыя ды пакалечаныя. Брат і не чуў, як у палату ўвайшоў санітар.
Ад Алекса? — спытаўся ў Валодзькі немец Карл, які раптам з'явіўся ўнізе.
Брат спалохаўся.
Гэта Карл даў Валодзьку міску малочнага супу. Малако выдавалі ў Штутгофе толькі эсэсманам, санітар аддаў пабітаму сваю порцыю. Гэты чалавек з усімі абыходзіўся па-людску і лаяў гітлераўскія парадкі. Усё гэта так. Але ж і ў яго белы халат быў толькі зверху, а пад ім — пагоны сержанта нямецкай арміі ды мундзір з чэрапамі на пятліцах, як і ў тых, хто вартуе на вежы ці забівае кіямі арыштантаў на пераклічках.
Валодзька яго баяўся.
Ад Алекса? — немец паўтарыў пытанне цішэй і ўжо менш упэўнена.
Каб сунуць пад матрац паперу, трэба прыўстаць, павярнуцца, а гэтага брат зрабіць яшчэ не мог. Ён адчуў, што ў такіх выпадках запіскі з'ядаюць, аднак і прымусіць сябе праглынуць цвёрдую паперу не адважыўся.
Так...— вырвалася ў яго.
— Ну і ўсё! — хоць і пакрыўджаны, што арыштант доўга сумня-ваўся, але і шчыра ўзрадаваны, прамовіў немец.
Карл пайшоў да сябе ў кабінет і прынёс Валодзьку цэлую буханку лагернага хлеба, спечанага на каштанавым пілавінні.
На, рускі, трымайся!
ПОШУКІ
1
Насцярожаны чакаю на ўзлеску.
Калі добра сцямнела, у ельніку пачуўся лёгкі шолах, бытта там хтосьці ўздыхнуў, а потым два разы свіснулі. Ага, нарэшце!
З радасным хваляваннем свішчу ў адказ.
Алёшка, ты? — гукае мне знаёмы голас — тонкі і меладычны.