Ха-ха-ха-ха! Байкі ўсё гэта! Мы тут пяць месяцаў жывём і ні аднаго не бачылі! Часамі вылезуць на пуць, міну паставяць, але нас не чапаюць. Бо і мы іх не чапаем!..
А мне нагаварылі...
Брахня, не слухай нікога! Можаш смела схаваць сваю пукаўку!
Стаўлю ТТ на бяспечнік, хаваю ў кішэню. Хвіліну маўчым. Трэба ж пра нешта гаварыць з ім, але аніяк не прыдумаю тэмы.
Вы, мабыць, з чыгуначнай аховы?— нарэшце выдаўліваю з сябе.
Абрыдла яе вартаваць, донэр-вэ-этэр! — бурчыць ён злосна.— Да чорцікаў абрыдла, фэрфлюхтэ!..
Мала прыемнага?
Што ты, юнача,— часамі звар'яцець можна!.. Дзень і ноч, у дождж і ў жару — адно і тое ж, адно і тое ж... А ты тут каго шукаеш?
Паўтараю версію пра «ратэнфюрэра», як называлася пры нем-цах пасада нашага суседа. Вартавы ажыўляецца ды бачыць таксама надта сменшае ў тым, што я зрабіў лішніх пару соцень метраў.
Во, ён там! — паказвае будку.— Яшчэ і святло блішчыць у яго шыбах!
Мне ўжо вашыя вытлумачылі, я ведаю. Спакойнай ночы вам! — збіраюся даць драла.
Немец мяне затрымлівае пытаннем:
А ты ўсё фарсіш?
?!.
Шыняля не носіш?
Цё-опла!— ламаюся, як належыць какетнічаць маладому перад адубянелым старым.
Немцу сумна стаяць аднаму на нашым падворку. Ён узрадаваў-ся жывому чалавеку і яўна не хоча мяне адпускаць. Яшчэ нейкі час мы абодва аддаём дань модзе, хвалім рускае надвор'е — бытта бы надта сухое ды здаровае, ганім нашае, нямецкае — гнілое (хоць паміж Гродзеншчынай і Германіяй у гэтым сэнсе розніца малая!), і толькі тады салдат мяне адпускае:
Валяй да брыгадзіра, валяй, а то спаць ляжа!..
Я подбегам пускаюся па дарожцы. Бягу ды з папрокам кручу галавой: як мы адзін аднаго не ўбачылі, калі заходзіў дахаты? Ці я аслеп?!
3
Іван Антончык — чалавек свой, я і праўда паспяшаю да яго.
Ваня глядзіць на мяне, як на нябожчыка, які з'явіўся з таго свету.
Паступова чалавек прыходзіць да памяці і паведамляе, што салдаты з чыгуначнай аховы жывуць у нашым доме даўно, але з бацькамі пакуль што ўсё ў парадку. Уздыхаю з палёгкай. Перадаю сваю сустрэчу з немцамі на кухні.
Іванава Манька з жахам пляскае рукамі:
Якое шчасце, што маці не пачула твайго голасу! Абавязкова кінулася б да цябе, а вашыя немцы ж ведаюць, дзе цяпер ты з Валодзькам!
Паддаў бы ты іх, факт! — перажывае і муж.
Па скуры праходзіць мароз.
На, перакусі крыху! — Манька ідзе да пліты.
Не галодны. У мяне іншае наўме,— кажу заклапочаны.— Дзе пераначаваць, халера яго ведае!
У Антончыкаву будку кожную гадзіну сыходзяцца з двух бакоў патрулі, якія вартуюць чыгунку. Немцы тады распісваюцца ў спецыяльным журнале.