Асцярожна адчыняю брамку і ўслухоўваюся. Праз сон прарэз-ліва віскнула ў хляве курыца, а больш — ні гуку. На плоце ўверх дном мерзне сабе бойка — мама сёння біла масла. Ля дзвярэй стайні не заўважаны бацькам шматок свежага гною, што конь вынес за капытом, калі звечара стары выводзіў паіць. Пад акапам хлява — акуратна складзеныя бацькавай рукой дровы. Ля цэментавага круга студні ад месяца блішчыць, як паліраваная, высокая і звонкая жэрдка громаадвода — тая самая, якую мы стругалі з Валодзькам. Пад гумном пуста. Вароты і брамка ад чыгункі зачынены. Адным словам, па нашым падворку не змяніўся ніводзін дручок, ніводная штыкеціна ў плоце — дома цячэ нармальнае жыццё.
Падкрадваюся да акна.
Халера на цябе, чаму ж гэта ўсе вокны завешаны наглуха? Самалёты нас таксама пачалі бамбіць?.. Але ж у мамы, здаецца, не было такіх трох аднолькавых — нібы яны вайсковыя — шэрых коўдраў!..
Крануты кепскім прадчуваннем, нерашуча бяруся за клямку. Дзверы ў сені з сярэдзіны чамусьці не засунены, а ўжо гадзін дзесяць ночы — на вёсцы гэта надта позна. У чым справа? У цемры сяней памяццю цела і мускулаў лёгка ды прывычна знаходжу клямку ад другіх дзвярэй, адчыняю.
Ліха па цябе, на нашай кухні — паўнютка немцаў!
Аднак выглядаюць яны мірна, па-хатняму. Усе яны ў вайсковых нагавіцах на падцяжках, у адных сподніх кашулях з рукавамі толькі па локаць і ў стаптаных шлёпанцах без заднікаў. Салдаты пажылыя. Мне добра відаць, што яны гаспадараць і ў бакоўцы — там мы спалі з Валодзькам. Адчуваю, гаспадараць яшчэ і ў вялікай хаце, дзе ў мамы стаяў вялікі фікус з кітайскай ружай. Справа — пакой старых. Зыркаю ў прыадчыненыя дзверы ды па нейкіх няўлоўных прыкметах, на інтуіцыі ці біятокамі, адчуваю — бацькі цяпер напэўна там.
Што ж, годзе, уцякаць позна, што ўжо будзе. Пераступаю парог і вітаюся:
Гайль Гітлер, камэрадэн!
Гайль Гітлер! — адзываецца некалькі галасоў адразу.
У нашым лагеры гэтае прывітанне эсэсаўцы вымаўлялі рэзка, фанабэрыста, бытта кідалі лозунг ці выклік. Гэтыя ж старыя прамовілі яго звычайна, пакорліва, завучана, як вясковыя людзі на вёсцы гавораць «слава айцу і сыну і святому духу!..». Хто з кацялком у руках, хто з брытвай, хто з ручніком паварочваюцца да мяне, глядзяць здзіўлена і чакаюць.
Скажыце, калі ласка, ці магу пабачыць брыгадзіра чыгуначных рабочых, Антончыка? — вырываецца ў мяне пытанне неяк само сабой.
Оу, на-айн! — ажыўляюцца дружна немцы.
Хіба ён тут не жыве-е? — дзіўлюся з расчараваннем.
Але ж не-е! Ён жыве побач!
Недалёка адгэтуль!
Зусім блізка — у будцы!
Вэрпер, выведзі госця, пакажы! — прысуджаюць самаму маладзейшаму.
На цвіках, дзе звычайна вісела наша вопратка, цяпер поўна зялёных шынялёў.
Айн момэнт! — хапаецца немец за шыпель.
Не трэба выходзіць, знайду сам, дзякуй! Зіма, холадна, заста-вайцеся! — баранюся я ды паказваю беспамылкова: — Антончык у першай будцы за пераездам жыве, праўда?
Так, так! — радуюцца старыя маёй кемлівасці.— З левага боку!
Чырвонай дахоўкай крыты будынак?
Ja, ja-a!
Дзякуй, камэрадэн! Будзьце здаровыя!
Як ашпараны выскокваю на двор. Нават шчыпаю сябе, каб прачнуцца ад бяспечнага настрою, з якім ішоў дадому. Мала мне было навукі на мосце пад Мар'ембургам? Столькі намаганняў, рызыкі, ды з-за легкадумнай упэўненасці ледзь не заваліў усё ў апошнюю хвіліну! Механічна вымаю пісталет, узводжу, бытта гэта мела зменшыць прамашку.
Набліжаюся да брамкі. Толькі цяпер бачу: ад нашага гумна ў накінутым на шынель кажусе з кучаравага мерыноса, з карабінам за плячыма і ў вязаных саламяных пасталах шлёпае да мяне паставы.
Што, чыгуначнік, баішся? — спачувальна, з перавагай бывалага чалавека, пытаецца немец.
Анямела застываю.
Дрэйфіш? — салдат паказвае вачыма пісталет.
Партызан тут многа...— мармычу.