Плакала яна з бяссіллем дзіцяці, пакутліва, а калі паўслухацца збоку — крыху як бы прытворна. Плакала доўга. Куры да таго асвоіліся, што ўжо нават пералазілі праз гаспадыню. Яе рука намацала пясчынкі, прынесеныя на ботах сынамі. Узняла вочы. Дзіка. Пуста. Холадна. Няўтульна. На сцяне — рабочая вопратка сыноў — так, як ўранку кожны павесіў, калі яго арыштоўвалі. У Валодзькавым пінжаку вывернуты, як заўсёды, рукаў — прычына вечных нараканняў старога.
Мама зноў загаласіла:
А што вы там адзе-енеце!.. Як там жы-ыці будзеце! Ці не пазабіваюць вас не-емцы!.. А што я тут адна-разадна рабі-іціму, як я цяпер яш-ыці буду!..
Увайшла суседка Кірыліха.
Ах, цётачку, ах, мілая, няма, няма ўжо больш маіх хлопцаў, пабралі злыдні, каб так іх на тым свеце нагла цягала, халера на іх! Старога не надта шкода, ён такі сваё аджыў і на ўсё наглядзеўся, але ж яны яшчэ і свету не бачылі-і...
Мацяркі салідарныя. I дружныя.
Што ты, Манька! Што ты, дурная! Я ж сёння сон бачыла які! Паслухай! Твой Алёшка з Валодзькам ідуць па дарозе з Гарадка, ідуць такія файныя, маладыя!.. Абодва далі мне «дзіндобры»!.. Іх напэўна вы-ыпусцяцць! — з перакананнем, як гэта ўмела рабіць толькі нашая мудрая бабка Кірыліха, аб'явіла суседка.
Ба-ачылі?..— няўпэўнена перапытала мама.
Дальбог, праўда!
Няўжо — бачылі? — захлынулася яна ўжо слязьмі надзеі.
То ці ж я маніць табе стану! Надта мне трэба!.. Уставай, уста-вай, не валяйся на падлозе! Ля, ляжыш тут, бы малая!..
Ой, цётачку, калі не магу, дальбо, узняцца. Сэрца разбалелася як, о-ей!..
Дзе?..
О тут коле!..
А ты да яго гарачую фаерку прыкладзі — як рукой здыме!
Думаеце?
Вядома, здыме! Я свайго старога так лячу! Пачакай, зараз і табе так зраблю!
Старая ўжо бесцырымонна выгнала курэй, парасят, зачыніла дзверы, падмяла хату і спрытна распаліла ў пліце.
Вось ужо і нагрэлася! Не валяйся на цвёрдых дошках, на ложак паўзі, ну!.. А во і ляка-арства гатова!.. Толькі загарну фаерку ў анучку, каб ты не папяклася, каб цябе ў сажу не выпацкала!
Мама прыклала да грудзей бабчына лякарства. Праз хвіліну і праўда стала нібы лягчэй.
Ужо супакоеная яна расказала пра размову з Нілам і слаба ўздыхнула:
Ой, што я без вас, цётачку, рабі-іла б адна, як добра, што зайшлі!
А-ай, перастань! Лепш ідзі кароў даіць, а Ніла выкінь з галавы сваёй!.. Ён чалавек гарадскі, панскі — не наш!.. Я схаджу зара да зяця і пашлю яго па даведку з самагонкай! Мой Юляк спраўны і ведае, куды схадзіць!..
I праўда. Яшчэ ў гэты самы дзень пад вечар у мамы з'явілася паперка. У ёй было напісана, што Кучынскай Марыі тэрмінова трэба выехаць на лячэнне ў Беласток.
Вечарам жанчыны шылі мяшкі на перадачу, а Кірыліха павучала:
I не вязі ім сала ды каўбас не ўздумай класці ў мяшкі, бо там знойдуцца такія, што адбяруць!
У мамы быў свой план.
Тады што ж я ім пашлю? — устрывожылася яна.
Калі мой сын сядзеў за палітыку пры Пілсудскім, то я яму гатавала гарох, падсушвала крыху і мяшала з тлушчам! Ніводзін ні паліцыянт, ні надзірацель не квапіўся браць такога дабра, усё перадавалі! То і ты прыдумай штось такое!.. Ім жа — абы наесціса!..
Давядзецца падумаць...