Нічога, бяда прымусіць, прыдумаеш!..
Дальбог, праўда. Ці ж мог калі чалавек спадзявацца, што будзе справу мець яшчэ і з турмой?!
А табе няма чаго саромецца! Твае мужыкі нікога не забілі, не абакралі, не ашукалі і не бандыты якія! О-о, будзеш яшчэ ганьбы баяцца? Язджай і дабівайся смела!
I ў жанчыны, якая да гэтага часта бывала зусім бездапаможнай і слабой, а без бацькі не магла адважыцца паехаць у вялікі горад, хутка прарваўся якісьці вулкан невычэрпнай энергіі, сілы і адвагі. Яна ўжо нават служыла прыкладам стойкасці для іншых.
Ужо назаўтра раніцой мама з трыма торбамі стаяла ў чарзе пад Беластоцкай турмой. З'явіўся хлюст з «беларускага камітэта», які выслужваўся перад немцамі.
Манька, то ж ён вучыўся некалі з тваімі сынамі ў Вільні!— узрадаваліся жанчыны.— Ідзі, папрасі, мо дапаможа выйсці нашым на волю!
Няхай ён раней здохне, заменак гэты, каб яшчэ ўніжала я перад такой гнідай сваіх дзяцей! А скананне яму! Не дачакаецца, выра-дак, каб я чаго-небудзь прасіла! Цьфу на яго, я нават не гляну ў яго бок!
I адышла ад жанчын, села супроць турмы на мурог, стала чакаць, калі пачпуць прымаць перадачы. Тады яна і не ведала, што ў гэ-ты момант праз закратаваныя вокны глядзелі на яе збядованую фігурку мы.
Цяпер амаль кожны дзень яна прыязджала ў Беласток і цягала на сабе торбы. Маладыя здаровыя хлопцы, атрымаўшы дастаткова харчоў, лягчэй пераносілі пабоі, мучэнні і нават гартаваліся ды яшчэ ратавалі другіх.
Пакуль атрымаюць сыны і муж, трэба было сунуць у лапы і паліцаю, і чыноўніку, і вартаўніку, таму мама з гаспадаркі зрабіла цэлую фабрыку пасылак.
Колькі ёй каштавала прыязджаць пад турму з трывожным пытаннем: ці не вывезлі іх сёння на Пяскі на расстрэл?
Бацьку неўзабаве выпусцілі. Мяне з Валодзькам адправілі ў Штутгоф. У гэтым лагеры, як і ў Бухенвальдзе, Дахау, Роганігзбургу, Асвенціме, панаваў такі парадак: калі хто з родных уведаў нумар «гэфтлінга» ды прыслаў на яго адрас харчовую пачку, яе аддавалі. Фашысты рабілі так не з-за гуманнасці — гэтак праяўляўся славуты нямецкі педантызм.
«Вальдлягэр» — «Лёс багоў» — быў створаны яшчэ задоўга да вайны, калі ў яго прывозілі людзей на «перавыхаванне». Каб танней абыходзілася фашыстам утрыманне арыштантаў, ім дазвалялася харчавацца пасылкамі. Ішлі гады, улада фашыстаў мацавалася. Абавязкам Штутгофскага канцлагера стала — нішчэнне невыгодных людзей, але наверсе забыліся адмяніць прыняты некалі закон з харчовымі пасылкамі, а ў лагеры не адважваліся яго парушыць:
Орднунг мус зайн!
I бюракратычная машына працавала ў раз заданым рытме.
Адна рука фашызму даводзіла арыштантаў да вычарпання, усё было зроблена, каб яны хутчэй паміралі, а другая — прапускала ім пасылкі, каб яны выжылі. Гэтак захоўваліся абодва законы, якія самі сябе закрэслівалі.
Орднунг мус зайн!
Мама разведала, дзе мы, і пачала пасылаць ежу ў лагер смерці.
У чым толькі не атрымлівалі яе пасылкі! У даматканым палатне. У пасцілках. У навалачках. У кашулях. Потым пайшлі ўжо і палавікі, што ляжалі на самым дне куфра як падарунак нявесткам: іх мама сама ткала на кроснах, а мы, маладыя падшыванцы, больш блыталі ёй ніткі, чым дапамагалі. За палавікамі пайшлі ваўняныя дываны.
Чаго яна нам не прысылала! На ўсялякі выпадак нават — табакі, хоць мы і не курылі. I ўсё гэта дзесьці даставала ў цяжкі ваенны час, у няволі. Прысылала многа, каб хапіла нам, сябрам, халорнаму вырадку капо. У мамы аднекуль з'явілася незвычайная для яе комлівасць, пранырлівасць і разлік.
Часамі я зайздросціў Валодзьку, бо думаў, што мама любіць мяне менш. Толькі потым, у сталым узросце, мне адкрыліся вочы. Сэрца мацярок ляжыць больш да слабога, пакуль слабейшы не акрэпне, да таго, што ў дарозе, пакуль не вернецца, да меншага, пакуль не падрасце.
Крыўдна, вельмі крыўдна мацяркам нашым, што мы часта па-сапраўднаму пачынаем цаніць іх і шанаваць толькі тады, калі няма ўжо іх у жывых.
2
Вылажу з пасажыркі на паўстанку Страшава.
Людзі з перона разышліся, і я крочу за будку. Там пусты, пакінуты склеп. Перад арыштам з Валодзькам мы хавалі ў ім пісталет ТТ, гранаты-«лімонкі» і ручны кулямёт. Ці ляжыць усё гэта там цяпер?
Уваходжу ў чорны зеў склепа. Ціха, цёпла і ўтульна. Вобмацкам знаходжу патрэбную бэльку. Засаджваю за яе руку, дастаю адтуль свечку. Чыркаю запалку, прымацоўваю свечку да бервяна і вывалакваю з-за бэлек свае скарбы. Усё на месцы — аж не верыцца!
ТТ і кулямёт я калісьці загарнуў у добра нааліўленыя анучкі. У склепе суха, зброя не паржавела. Патроны — нібы са склада. Толькі там-сям на іхніх баках рудыя плямкі, іх лёгка знімаю пальцам.
Кладу ўсё ў схованку назад, а сабе пакідаю толькі пісталет. Вымаю яго з кабуры, разгортваю анучкі — шчоўк! шчоўк!..— лёгка ходзіць затвор і ў магазін туга заганяе патрон. Пісталет бяру на бяспечнік ды глыбока, пераможна ўздыхаю. Няхай цяпер лезуць да мяне, пабачым, чыя возьме!..
Такое ўражанне, бытта я доўга ўспінаўся на гару, дзе мяне чакала збавенне, і нарэшце я такі залез. Мне лёгка, радасна — аж кружыцца галава! Каб не забрудзіць нагавіц, старанна выціраю анучкай масла, пісталет апускаю ў кішэню, вылажу са склепа ды накіроўваюся дамоў.
Мы жывём паміж лесам і чыгункай. Найлепш падкрасціся да хаты ад лесу, бо ў выпадку побяспекі можна нырнуць паміж сосен і ядлоўцу. Будынкі нашы стаяць чатырохкутнікам. Дом са стайняй з усходу, хлеў — з поўначы, гумно — з захаду. Ад стайні да хлява, ад хлява да гумна, а таксама па паўднёвым, пустым баку ад чыгункі — плот. Сярод падворка — студня. Сабаку бацька забіў яшчэ раней, бо перашкаджала партызанам.