У рускіх — гэтак! — працягвае салдат.— У іх на абед ставяць гліняную місу гарэлкі на стол і драўлянымі лыжкамі хлябаюць яе, як у нас суп!
Майн гот! — дзівіцца маладзіца.
А гарэлка ў іх — моцная, як агонь!
I дзеці хлябаюць? — удакладняе буфетчыца.
Усе-е! — ажыўлена, з іскрамі ў вачах запэўняе салдат і дасмоктвае куфаль.— Пад Смаленскам сам бачыў!
Жах!
Далей ён правіць неверагодную гісторыю, як ранілі яго партызаны.
З кім ні загаворыш — толькі аб іх і гутарка! Няўжо з гэтымі бандытамі нельга нічога зрабіць? — пытаецца абураная буфетчыца.
Позна,— аўтарытэтна заяўляе салдат.— Распладзіліся ўсюды! Толькі Беласток наш. Адразу ж за гэтым горадам на краі лесу вісяць дошчачкі з надпісамі: «Партызанская зона. Вы нас не чапайце, не чэпім тады і мы вас!» Дзень і ноч стаіць іхняя варта пад дошчачкамі! Сам не раз бачыў у бінокль, калі праязджаў па шашы. Такія барадатыя здаровыя мужыкі з чырвонымі стужкамі на кубанках. Дымяць сабе самасадам ды пазіраюць на дарогу.
I ніхто з нашых не пойдзе ў лес! Ого, ступі адно туды! На кожнай елцы, на кожнай сасне сядзіць зязюля — кок! і гатоў, памінай як звалі!
Езус Марыя, і дзе? За Беластокам ужо, пад сэрцам самой Германіі!
А чым яны харчуюцца?
Го! Выйдзе ежа, пераапранаюцца за немцаў, едуць грузавіка-мі ў Беласток ці Кёнігсберг і выпісваюць сабе — хлеб, сала, віно, шакалад...
Майн гот!.. Выходзіць, мы кормім і сваіх і гэтых яшчэ?!
Усім вядома. Каб не партызаны, даўно б мы вайну скончылі, праўда, чыгуначнік?
Ну...— ківаю галавой.
Яго фальклорныя легенды пра лясных герояў, якія бытавалі, мабыць, у нямецкай арміі, супадаюць, на дзіва, з маім апавяданнем у Штутгофе, хоць мы і стаялі на розных баках барыкады. Там верылі і рабілі паблажкі мне, а тут — яму. Жанчыны толькі вохкаюць ды напаўняюць салдату куфлі.
А я сваё піва без прызвычаення піць не магу. Ды не пакідаць жа нявыпітым — звярну на сябе ўвагу! I чаго мужчыны перад вайной ганяліся так за гэтай гаркатой?.. Набіраюся адвагі ды праглынаю агідную вадкасць, як атруту.
Закружылася галава. Ад баек раненага разбірае смех. Салдат зноў звяртаецца да мяне, каб я нешта пацвердзіў,— цяпер ужо яўна падлізваецца. Кожным лішнім словам, кожным рухам баюся сябе выдаць. Занадта дорага далася свабода! Якой халеры сюды мяне занесла? Устаю і выходжу на двор.
Ад свежага паветра зараз жа прытомнею. Плятуся скрозь завей-ку праз ціхі гарадок — куды і чаго, сам не ведаю. Аднапавярховыя акуратныя домікі, агароджаныя металічнымі сеткамі. Кроны дрэў упарта супраціўляюцца ветру, гудуць. У твар кідае востры снег.
Недалёка ад вакзальнай плошчы, за нізкім плоцікам,— рабочыя з Усходу. Іх нядаўна вывелі з вагона, паставілі чакаць далейшага лёсу. Падняўшы выцертыя каўняры, хлопцы, захутаныя ў хусткі ды вышываныя ручнікі, дзяўчаты сядзяць на драўляных скрыначках, аблезлых чамаданчыках. Некаторыя баязліва прытупваюць, нават ня-смела спрабуюць жартаваць. Усіх бесцырымонна, са здзекам разгляд-ваюць вучні з ранцамі.
Хтосьці з малых плюе па бліжэйшага рускага, і гэта вельмі пада-баецца астатнім. Вучні ўжо адзін перад другім плююць на людзей. Потым плююць па камандзе — залпам. Бедныя хлопцы і дзяўчаты збіваюцца ў грамаду, бездапаможна і пакрыўджана азіраюцца, а мяне ўсё не дзівіць — нагледзеўся і не на такое!
«Новы парадак», заведзены Гітлерам.
Выбіраюся на чыстае поле. У роце агідна — бытта абпаілі пойлам. Перад вачыма — піўная з салдатам, у галаве заселі яго словы. Ля беластоцкай шашы была толькі невялічкая група Міцькі Высоц-кага! А мо і праўда цяпер там лясныя хлопцы перавярнулі ўсё дагары нагамі, я ўжо даўно не быў дома?!
Не церпіцца — хутчэй да сваіх!
Мяне так разбірае, што не адчуваю і холаду. Узбуджаны ад таго прыемнага, што мяне чакае, з прыўзнятым настроем бегаю ў полі да вечара. Тады вяртаюся на вакзальчык, купляю білет, адпраўляюся далей.
7
Гродна і Беласток немцы далучылі да трэцяга рэйху. Паміж гэтымі гарадамі і Прусіяй у раёне Шарфэнвізэ два разы цягнік перасякае выкручастую граніцу Польскага генералгубернатарства. Палякі-стрэлачнікі папярэджваюць — на граніцы высцерагайся.
На апошняй станцыі перад кардонам забіраюся ў паражняк, які едзе да Беластока. Залажу ў цяплушку, засоўваю з сярэдзіны дзверы, зашчапляю іх на гак, а для большай упэўненасці гакі абедзвюх дзвярэй прыкручваю дротам да сценак, а тады бяруся распальваць вугалем буржуйку.
Калі мінавалі Шарфэнвізэ, у мяне адлягло ад сэрца. Пад стук колаў да самага Беластока праспяваў усе песні, якія толькі ведаў. Спяваў пераможна, з упаеннем і асалодай.