Табе на Аленштайн? — пытаецца стары.
Толькі тут спахопліваюся, што праспаў цэлую ноч ды ва сне перажываў нешта важнае. Ага! — першы раз у жыцці бачыў сны на нямецкай мове! I незнаёмы гаворыць жа да мяне па-нямецку!
На Аленштайн...
Пара, пара, хлопча. Пасажырка адыходзіць праз дваццаць мінут!
Ужо?..
Хапаю сумку, а сон як рукой з мяне зняло.
Не трапячыся, абудзіў акурат, паспееш!
Дзякуй, бацька! Шчаслівай дарогі!
I табе таксама! Ляці!
Улажу ў вагон. Ён не атоплены, без святла, але што ў ім маладая і з карымі вачыма правадніца, я такі разгледзеў. Усе лаўкі занятыя. Спыняюся ля акна ў праходзе.
У вагоне — мясцовыя жыхары. Шмат і эвакуіраваных з Берліна. Пераважна жанчыны. I яны безупынна балбочуць, стаіць прыглушаны гоман. Жыхаркі Берліна апавядаюць пра жудасць бамбардзіроўкі сталіцы саюзнай авіяцыяй. Пляткараць, што Гітлера няма, яго бытта бы арыштавалі. Фюрэра замяніў фельдмаршал Ромэль, і цяпер, дзякуй богу, вайне хутка канец — бальшавікі і англічане фельдмаршала надта баяцца і адразу паддадуцца. Сама Амерыка супроць Германіі ды Японіі, вядома, не вытрымае...
А я думаў, што немцы ўсе, без выключэння, фанатычна адданыя свайму фюрэру!
Слухаю бабскую балбатню і цікую. Ля мяне чагосьці зачаста круціцца правадніца. Якой халеры табе трэба ад мяне?.. Спрабую раму — адчыняецца, на зіму не заклінілі. Цягнік пляцецца кіламетраў сорак у гадзіну, скакаць можна. Толькі ўцісні галаву ў плечы, калені ўцягні ў жывот -- перакулішся разоў пяцьдзесят на адхоне, і ўсё, абы не трапіць на валун ці слуп. Ад акна не адыходжу.
Прыбываюць новыя пасажыры, але правадніца на іх не звяртае ўвагі, не правярае нават білетаў. Немачка мітусіцца на праходзе, дваццаць разоў мяне кранае бытта ненарок локцем, просіць прабачэння і за кожным разам беспрычынна смяецца. Я трымаюся за раменныя лямкі ад акна, прагна і трывожна лаўлю какетлівы галасок, жывыя позіркі ды блісканне зубоў.
Нарэшце прыбываем у Алешнтайн. З вагона вылажу неахвотна, з жалем, бытта нешта важнае камусьці недагаварыў, цікавае недаслухаў. Тырчу на пероне мінуту, другую, з надзеяй нечага чакаю, але мне зусім не доўжыцца, я прыкаваны да месца нібы магнітам.
Нарэшце вагоны пасажыркі рушылі. Правадніца выходзіць на падножку, бярэцца за парэнчы і выхіляецца, каб лепш было яе відаць. То была ў фэльцавых вялізных ботах, у шынялі, а цяпер — у светлых панчошках, у лодачках і ў шаўковай сукенцы. Калі яна паспела пераапрануцца?!
Цяпер ужо не баюся немкі зусім — прагна лаўлю кожны рух яе адкрытых па локці, загарэлых рук. З Аленштайна цягнік паехаў на Інстэнбург, там жыіве маці Шульмана, і я надта шкадую — не ўзяў адраса ў Рыхарда. Я ўжо нават перакананы — мне ж неабходна было раней туды ехаць, і білет меў куплены да гэтага горада!
Наступны пасажырскі ідзе толькі вечарам. Вакзал у Аленштайне маленькі, намазолю хутка ўсім вочы, трэба недзе падзецца. Чытаю вывеску — «Пункт харчавання праязных брыгад чыгуначнікаў». Страшэнна хочацца чаго-небудзь гарачага.
Іграць дык іграць: крочу туды, адкуль далятаюць пахі ежы.
6
У сталоўцы знаходжу шэфа. Пляту яму, што я — качагар, вазіў з брыгадай паравозы ў Данцыг і цяпер вяртаюся ў Гродзенскае дэпо, толькі ж надта згаладнеў — у Заходняй Прусіі хоць зубы кладзі на паліцу. Дабрадушны немчык з жывоцікам і чырвоным тварыкам ахвотна ўсяму верыць, загадвае жанчыне мяне накарміць. Кухарка налівае эмаляваную місу гарачае стравы, дае хлеб і бярэ дваццаць пфенінгаў. Машчуся ў куточку да стала, і па жылах маіх ужо разыходзіцца блажэнная цяплынь, ды з кожнай лыжкай жыццядайнай вадкасці прыбаўляецца сілы.
Падмацаваны баршчом, выходжу са сталовай, ды не ведаю, куды сябе дзяваць. Заглядаю ў нейкую піўную.
У невялічкім памяшканні за стойкай тырчыць тоўстая немка. Побач — маладая мые посуд. Перад імі — салдат трымае куфель піва ды штосьці пляце. Салдат бледны, з забінтаванай шыяй, без вінтоўкі. Мабыць, уцёк са шпіталя і каратае тут час, пажыўляецца.
У піўную без прычыны не ходзяць.
Піва, калі ласка,— прашу.
Вам светлага ці цёмнага? — пытаецца ветліва старая.
Губляюся: яно бывае рознае?!. Гы!..
I таго, і таго...
Дзеўка ставіць перада мной два поўныя куфлі. Мокрымі і пры-пухлымі рукамі дае рэшту. Раптам успамінаецца зграбная правадніч-ка, робіцца страшэнна сумна. Так хочацца некуды ісці, што ледзь сябе стрымліваю.
Дзве жанчыны за буфетам настаўляюць вушы, слухаюць. Прыслухоўваюся і я.