А не можа так быць, што не хопіць?.. Я вяртаюся дамоў, кароткі час маю...
О-оу, на-айн! Перагрузкі ў нас раніцой ніколі не бывае!
Гм, ты бачыш? Бы з роўным загаварылі са мной нават немкі!
Не надта клапачуся, як дачакацца раніцы,— агортвае бяспечная ўпэўненасць. У кіёску набіраю на тры маркі газет, часопісаў. Нібы ў мірны час адчуваю ўжо цікавасць да іх. З каштоўнай ношай накіроўваюся ў транзітную залу, а ўсім сваім нутром не перастаю сачыць за наваколлем.
Перада мной нутро Германіі.
Ужо каторы год яна вядзе захопніцкія войны, усцілае касцямі краіны, даводзіць да жабрацтва мільёны людзей, пераўтварае цэлыя раёны ў пустыні. Дзесьці там рыхтуецца ўжо адкатвацца ад Волгі ня-мецкая армія. Уцякаюць з Афрыкі. Англічане ўжо выйгралі паветра-ную бітву... Толькі тут, у глыбокім тыле, яшчэ не адчуваецца катастро-фы ды абсалютна нічога не мяняецца.
З дакладнасцю да мінуты ходзяць цягнікі. Працуюць сталовыя, буфеты, кіёскі. Начышчаныя і свежыя мундзіры носяць чыгуначнікі — жанчыны, мужчыны і фроляйны. Дзе я праходзіў, усюды былі чысціня і парадак — на пуцях, шашы, вуліцах. Памяшканне вакзала блішчыць ад свежага лаку на дзвярах, лаўках, і зладжана працуюць у ім службы. Праз усю залу перакінуты лозунг: Alle Räder müssen rollen für den Sieg![61] Між акон намаляваны мужчына, ён ківае ў залу пальцам, а з вуснаў яго вылятаюць словы: Pst! Fiend hört mit!..[62]
Разгортваю газету. Гм, сярод іх — ужо і сённяшняя, вячэрняя, з Берліна!..
У мясцовай, дойчэ-эйлаўскай, стаіць чарговая порцыя жалобных квадрацікаў з крыжыкамі і прозвішчамі загінуўшых на працягу апошніх сутак салдат і афіцэраў «фюр фатэрлянд унд фюрэр». Ахвяры ў падборцы выглядаюць часовым непаразуменнем — бытта загінулі яны ў аўтамабільнай катастрофе. Пад жалобнымі аб'явамі падпісаны тыя, хто паведамляе: жонка, бацькі, дзед, школа, тэхнікум, магазін, «Гітлерюгэнд».
Тылавыя немцы яшчэ ўпэўненыя — увесь свет вось-вось упадзе перад трэцім рэйхам на калені. Яны дазваляюць сабе нават друкаваць артыкулы, якія нічога агульнага не маюць з вайной: пра паляванне, пра раскопкі ў Паўднёвай Амерыцы... Анонсы карцін: «Бялізна і каханне», «Бубновы туз», «Роз-Мары», «Дзяўчына, аб якой я мару»...
Упэўненасць, бяспечнасць ад пачуцця сілы, арганізаваная зладжанасць і дысцыпліна — адвечныя рысы нямецкага народа — пакуль што выдатна служыць крываваму Гітлеру і яго бандзе выконваць брудную справу.
У Штутгофе, калі вычытвалі між радкоў аб чарговым паражэнні фашыстаў на фронце, ад радасці трацілі прытомнасць і на пальцах лі-чылі дні, якія заставалася цярпець у лагеры смерці. Дзесьці там, за калючымі дратамі ў лесе, тысячы няшчасных маняць сабе гэтак жа і цяпер.
Першы раз перастае грызці сумленне, што ўцёк. Дурань, яшчэ і вагаўся!
З паперы пераводжу позірк у залу.
Пад пальмамі, на масіўных лаўках — салдаты з чамаданамі, ранцамі, біклажкамі ў суконпых чахлах і з кацялкамі. Салдаты, мабыць, ехалі на адпачынак ці вярталіся ў часці. Сядзяць тоўстыя баўэры ў чаравіках, шараварах ды самаробных панчохах да каленяў, выставіўшы тоўстыя лыткі. Сядзяць і жанчыны з бауламі і вузламі... Я з газетамі стаю, абапёршыся аб калону. Нядобра так тырчаць на віду. Куды б прымасціцца?
У самым кутку, пад вялізным партрэтам Гітлера са скрыжава-нымі на грудзях рукамі, паважна і спакойна, як святы, рассядае сівы чыгуначнік. Побач з ім на лаве блішчыць жоўтая дошка тэлеграфнага апарата.
Магу ля вас трохі заняць месца, бацька? — пытаюся асцярожна.
Калі ласка, юнак, сядзіся, лавы нам хопіць! — стары ахвотна ціснецца, падцягвае апарат.
Прысядаю.
Разглядваю бытта і далей здымкі ў часопісах, а на самой справе сачу, што робіцца ў зале. Таксама сумуюць пасажыры — ляніва жуючы бутэрброды, абводзяць памяшканне пустымі вачыма, перакідваюцца фразамі ды чытаюць кніжкі. Мой сусед спакойна спачывае ў той самай позе, агорнуты ўспамінамі,— не паварухнецца.
Толькі цяпер успамінаю пра палякаў. Праз каторае акно яны назіраюць? Нічога не відаць, што робіцца на двары. На ўсялякі выпадак раблю крадком некалькі грымас ды паглыбляюся ў «Пройсішэ нахрыхтэн».
А дванаццатай гадзіне ночы ў зале з'яўляюцца два чыгуначныя паліцыянты ў светла-блакітных мундзірах і накіроўваюцца да паса-жыраў. Вайсковых праганяюць у салдацкую начлежку, цывільных — у гасцініцу. Стараючыся быць абыякавым, пачынаю паспешна складваць паперы і я.
Сядзі, сядзі, мы — чыгуначнікі, нас гэта не датычыць! — супакойвае мяне сівы немец.
Паліцыянты павыганялі ўсіх, а нас двух не кранулі і праўда.
Як блізкаму сваяку ўжо кажу суседу, куды мне ехаць, і прашу разбудзіць. Каб не паказаць выгаленую на лобе палоску, аж да вушэй нацягваю фуражку машыніста. З дазволу старога кладу на паліра-ваны столік сумку, на яе — галаву, выцягваю на лаве ногі ды неяк лёгка вельмі засынаю.
5
Здаецца, яшчэ і не спаў, а мяне ўжо хтосьці пачынае далікатна штурхаць.
Уставай, юнак! — добразычліва кажа незнаёмы голас.
Саджуся на лаву. У зале горача. Размарыла. Дзе я? Што са мной адбываецца? Што за людзі лазяць па нейкай зале? Хто гэта побач сядзіць і якой яму халеры ад мяне трэба, чаго прыстае?!
Ніяк не магу прачнуцца.
[61] Усе колы павінны каціцца для перамогі! (ням.)
[62] Шш! Вораг слухае!.. (ням.)