Доўга блытаюся па пуці, натыкаючыся на рэйкі. Вось-вось заўважаць — ваенны час! Вырашаю ехаць любым поездам і падаюся да варшаўскай стрэлкі: на стрэлках паязды ездзяць памалу.
Нарэшце заўважаю на гарызонце нейкі рух, а дзве кроплі святла пачынаюць расці на вачах. Так, на мяне проста, як па лінейцы, сунуць цьмяныя слепакі фараў — поезд! Толькі па каторых ён коціць рэйках, дзе лепш чакаць яго?..
Адразу за паравозам цягнецца службовы вагон, за ім — платформа з белымі капцамі — нібы гурбамі мелу. Хапаюся за жалезную скабу, адбіваюся нагамі ад зямлі, і мяне з сілай кідае ў нейкуіо масу. Прабую рукой — цёплая. Суну руку далей — гарачая! Па вушы залажу нагамі ў мяккую масу.
Наўрад ці яшчэ калі ў жыцці даводзілася мне з такім камфортам ехаць.
Ляжу, бытта ў ванне. Весела пазвоньвае счапленне вагонаў, ляскочуць буферы, а на стыках бадзёра выбіваюць рытм колы. Навокал — заліты месяцам сярэбраны прасцяг поля. Толькі месцамі цямнеюць плямкі то вёскі, то пералескаў. Мірна і спакойна. На свеце — ні вайны, ні Штутгофа, ні эсэсманаў з «гундбатальёнам»! На душы — усё такая ж дзікая радасць перамогі. Ад бадзёрасці і збытку сілы цела гатова выскачыць са скуры! Калі на пераездах машыніст сігналіць, хочацца набраць у грудзі паветра і перакрычаць паравоз.
Насцярожвае мяне крыху белая маса. Калі прыступы радасці праходзяць, заклапочана чэрпаю жменямі гарачае месіва ды дзіўлюся: чаму цеплыня гэтай масы пастаянная? Ці не хімічнае рэчыва для якога-небудзь ваеннага завода праяўляе рэакцыю? Яшчэ згару, да д'ябла! Маса аслізлая і мокрая, як мёрзлая бульба, хімічныя рэчывы, здаецца, сухія, сыпкія...
На жаль, ехаў я гэтак раскошна адно кіламетраў з дзесяць.
Мінаем семафор. Поезд збаўляе хуткасць, паказваецца першая станцыя. Паравоз спыняецца супроць вакзала. Выразна відаць, як са службовага вагона няўклюдна, з зацёкшымі нагамі ў фэльцавых нязграбных ботах на перон вылазіць начальнік цягніка і вітаецца з дзяжурным па станцыі:
Здароў, стары хрыч!
Дзяжурны нешта мармыча, пазяхае.
Што, не даў табе паспаць?
Бадзяга, не мог з'явіцца пазней?
Ліха цябе не возьме, пацярпі.
Многа мне прывёз?
— Толькі гэтыя дзве платформы жому. Справішся з імі хутка ды зноў будзеш дрыхнуць да раніцы! А вось мне давядзецца мэнчыцца да самага Дойчэ Эйлаў! Цэлую божую ноч!..
На гэта дзяжурны толькі пазяхае:
Ы-ы-ыэх! Цьфу, доля наша, донэрвэтэр... Э-э...
Начальнік цягніка заражаецца ад сябра і пазяхае таксама. Тады гаворыць ужо іншым тонам:
— Ну, куды падаваць платформы, кажы!
Надарэмна баяўся: сяджу ў адыходах цукровых буракоў — у жоме! I еду зборным! Цягнік гэтак цяцер будзе станавіцца на кожнай станцыі ды пакідаць па аднаму-два вагончыкі!
Нацешыўся, халера!..
О-ой, як не хочацца выбірацца з раскошнай кватэры. Агортвае нейкае блазенства, хочацца з немцамі падражніцца ды крыху іх падпалохаць. Адкрыта выскокваю на перон, атрасаю з сябе жом і з усяе сілы ламачу драўлянымі падэшвамі ў поле. Калі мяне ўжо бачыць не могуць, паварочваю да хваста эшалона: у зборных, я ведаю, вагон апошні адчапляюць на апошняй станцыі. Узбіраюся на платформу з цэментавымі трубамі.
Гэтак за ноч праязджаем кіламетраў з восемдзесят ды прыбываем у Дойчэ Эйлаў. Бадзёрасць з мяне ды ігрывасць вецер выдзьмувае начыста. У трубах страшэнна скразіць, паступова замяр-заю да такога стану, калі трацяць прытомнасць.
Ля семафора эшалон спыняецца, і я злажу — хопіць аж надта такой язды. Бегаю ў кустах, расціраю цела. Здаецца, не адмарозіў нічога, а ўсё іншае — глупства! Дзе ж пераначаваць? Ля чыгуначнай будкі — крыты стажок саломы. Стажок — усяго пудоў на дзесяць, але я забіраюся наверх.
Днём дзеці прыбягаюць скубці казе салому. На маё шчасце, пакаёвы сабачка, які прымчаў разам з малымі, не чуе чужога, а дзеці — дзецьмі, не заўважаюць, што зверху стог паменшаў.
2
Вечарам вылажу са стога ў хвойнічак. Што рабіць? Зноў вартаваць цягнік, каб трапіць на зборны?.. Па схеме і з Дойчэ Эйлаў разыходзіцца аж пяць чыгунак. У Мар'ембургу трапіўся хлопчык, а хто пакажа патрэбную стрэлку тут? Выйсця не маю, падбіраюся да шашы.
Чуваць польскую мову. Прапускаю сілуэты людзей, асцярожна крадуся за імі. Адзін чалавек прыадстае, паціху клічу яго па-польску.
Малады і жвавы хлапец пазывае сябе Кавальскім і кліча яшчэ дваіх, з пашанай шэпча:
Са Штутгофа, хлопцы!