Там іх «кацюшы» ўраз кокнуць, будзь пэўны!
Мяса з іх наро-обяць!..
— На ўра рускага падкідвай!
Дайце адгайкацца чалавеку!
Але ж і здорава іх абдурылі!..
Радаваліся, ганарыліся і астатнія тыгенгофцы з «аўзэнкомандо», якіх арыштанты гэтак жа абкружылі, гэтак жа савалі ім падарункі і распытвалі, як там усё было на станцыі. Памеранцы цяпер шчыра самі сабе верылі, што і праўда дапамаглі ўцекачу.
Валодзька адчуў, як у яго святлее галава, аднекуль прыбываюць сілы. Нічога падобнага лагер яшчэ не бачыў! Дзеля адзінага такога моманту варта было рызыкаваць ды цярпець!
Валодзька адчуў сябе галоўным саўдзельнікам братавага ўчынку, напоўніўся гонарам, шчыра парадаваўся яго поспеху і ўсё яму дараваў. У яго душы ўзрадзіўся пераможны крык:
«Дулю вам, фашысты чортавыя, у самы нос!»
Плачучы ад шчасця, брат ціснуў дзесяткі рук, запіхваў падарункі ў кішэні, за пазуху — куды адно мог, ды бармытаў:
Дзенькуе!.. Данке!.. Спасібо!.. Дзякуй!.. Мерсі!.. Камара-ады!..
Цірольскі злодзей і бандыт — Адзі Мэркер — любіў засякаць ары-штантаў з «Гопэгіля» да смерці. Цяпер нават закаранеламу, здавалася, садысту заімпанавала перамога зняволеных над усясільнымі эсэсмапамі з іх кулямётамі, вартаўнічымі вежамі, крэматорыямі, «гундбатальёнам» і цэлай сістэмай тэрору. Капо праціснуўся праз натоўп.
Не бойся, Уладэк! — загаварыў ён з такой душэўнай цеплы-нёй, што ўсе змоўклі.— На цагельні цябе пакрыўдзіць нікому не дазво-лю! Станавіся ў хвост калоны! Каля брамы старога лагера пакуль што адпраўлю цябо ў «рэвір».
I Адзі абяцанне стрымаў.
У «рэвіры» дактары-арыштанты пра ўсё ўжо ведалі. Яны спатка-лі Валодзьку з маўклівым спачуваннем і пашанай. Першым чынам санітар даў яму цэлую міску малочнага супу і кавалак хлеба. Калі хлапец усё з'еў, загадаў:
— Цяпер кладзіся на каталку, паедзем на рамонт! Пад наркозам Валодзьку здалося, што ён у цагельні пускае зверху ўніз па дошках цэглу. Цагліны з жалезным грукатам з'язджаюць у баржы. Прыходзіць Арно Хэмніц, узіраецца. Нешта рапартфюрэру не спадабалася, ён піхае брата бліскучым ботам. Валодзька ляціць па нахіленых строма дошках. Брат з'язджае, з'язджае і з'язджае, а дошкам — канца няма. Едзе па іх то плячыма, то бокам, то жыватом, то задам, а вялізныя стрэмкі і залазяць яму ў цела і колюць.
Пакуль Валодзьку так снілася, дактары разразалі брату нарывы і закладвалі кнаты.
1
Выспаўшыся ля Мар'ембурга ў гумне, заву я хлопчыка, які каровам бярэ сена. Гэта ўкраінец, немцы прывезлі яго сюды на работы. З ім дамаўляемся хутка.
Хлопчык прыносіць малака, хлеба, капусты, сала. Калі сцямнела, выводзіць мяне за гумно.
Адгэтуль — проста на Варшаву! — паказвае на чыгунку.— Па-ане, вазьміце і мяне з сабой! — моліць ён з сумам па радзіме, і мне робіцца малога шкада.— От, пабачыце, перашкаджаць не буду вам!
Не хапала адно мне яго! Знімаю блінападобную лагерную «міцку» без казырка, палохаю:
Паглядзі, якая на мне вопратка, глянь, што на галаве!.. Я — цяжкі злачынец у немцаў, зловяць цябе са мной — расстраляюць!
Ну і няхай! Вазьмі-іце!.. Я — дужы і многа не ем!..
Ледзь я ад хлапчаняці адвязаўся.
Па насыпе заходжу на станцыю, прыступаю да справы.
У нямецкіх таварняках на кожным вагоне спецыяльная рамка, а ў ёй пад сеткай — стандартная паперка, якая паказвае маршрут, ка-тэгорыю ладунку ды горад, куды ён едзе. Я навымаў пару дзесяткаў такіх паперак, залажу ў тармазную будку ды чыркаю запалку аб скрыначку...
Якія толькі гарады не віднеліся на стандартных бланках! Берлін. Франкфурт. Кюстрын. Гамбург. Парыж і Марсель. Нават — Афіны і Капенгаген. Зноў Гамбург і Берлін... Беластока, Гродна ці Мінска — не відаць!
З сабой у мяне торба з ежай, бутэлька вады. Зашыцца ў адпа-ведны вагон на самае дно ладунку ды ехаць у ім пяць, дзесяць дзён, пацярпець, памучыцца, пакуль не даеду да сваёй мясцовасці — толькі гэткі мой ратунак!
Устрывожаны, гарачуся, бегаю з канца ў канец станцыі, вымаю ды вымаю паперкі, але, як на злосць, патрэбнага вагона не відаць. Свеціць месяц. Ад марозіка скрыпіць пад драўлянымі падэшвамі сняжок. Пуста...