Es schtimmt![57] — прамовіў першы афіцэр.
Ich bin einerschtanden![58] — дадаў другі.
Ich auch![59] — кінуў доктар.
Gut![60]— задаволена аб'явіў рапартфюрэр і зрабіў адзнаку ў паперцы.
Такім чынам адмералі, што было вызначана, лагернаму «шрайбэру» Цукерману і астатнім тыгенгофцам на чале з капо Люкембахам, а каб непрызвычаеныя, як Валодзька, да болю людзі не надта вішчалі, цёплымі шалікамі ім завязалі раты. Тады рапартфюрэр сунуў паперку ў фанерную папку і крыкнуў да выцягнутых у струнку старастаў блокаў:
Вольна! Распусціць блокі на работу!
Хэмніца чакалі новыя справы, і ён пайшоў.
Вольна!
Вольна-а!..
Каманда «Гопэгіль» — строіцца!
«Вальдкомандо» — сюды-ы!..
Малыя, меншыя і найменшыя начальнічкі цяпер з дакладнасцю і выпраўкай, якой пазайздросціла б не адна вайсковая адзінка любой арміі, сталі выкрыкваць каманды, распускаць блокі, а капо — фарміраваць рабочыя групы.
Тыгенгофцы і Цукерман, трымаючыся за нагавіцы, папляліся, як п'яныя, да сваіх. Салдаты ўзнялі Валодзьку вядром вады на ногі, паставілі ля барака, адкуль меліся яго забраць у «Гопэгіль». Доктар нешта чыркнуў у акце, даў падпісаць абодвум афіцэрам, усе яны дзе-лавіта, важна, з пачуццём споўненага абавязку накіраваліся за рапартфюрэрам да варот.
4
Як толькі перад баракам не стала эсэсманаў, усё прыйшло ў рух, закатлавала. Многія каманды рассыпаліся, арыштанты рынуліся да Валодзькі. Брата абкружылі дзесяткі людзей. З усіх бакоў ляцелі ўзбуджаныя і радасныя выкрыкі на польскай, рускай, французскай, іспанскай, чэшскай і нямецкай мовах:
Русэк, віншую!
Твой брат — малайчына! Эх, дай, псякрэў, паціснуць тваю руку!
I ты вытрымаў, карррамба! Моцны з цябе хлоп!
Ну ж і распісалі цябе, мярзотнікі!
Нічо-ога, абы косці цэлыя, мяса нарасце!
На моркавіну, яна адновіць у табе кроў!
У мяне цукровы бурак — вазьмі!
Бяры, Уладэк, бульбіну печаную! Бяры, бяры, свежая! Сам пёк учора!..
Ух, як вы іх абдурылі!
З цэлым іхнім «гундбатальёнам»!
Назаўтра палавіну сабак выбракавалі! Астатніх тры дні не кармілі!
А шарфюрэра паслалі на Усходні фронт, ведаеш?
Адкуль беднаму ведаць, ты што?
Паслалі, нават такога старога адправілі! I ўсіх пяцярых вахманаў!
Адразу шасці бошам твой Алекс капут зрабіў!
[57] — Акурат! (ням.)
[58] — Згодзен і я! (ням.)
[59] — Згодзен! (ням.)
[60] — Добра! (ням.)