Перада мной Мар'ембург, пра які гаварылі ў бараку! Настрой адразу ўзнімаецца.
З левага боку свеціцца зарыва. Унізе блішчыць стужка нейкай шырознай ракі. Крыху правей, куды вядзе аўтастрада, чарнее горб моста. Дзе мост, там напэўна і варта! Вось-вось будзе світаць, валачыся па раллі да берага — праз раскісшую кашу, шукаць лодку здаецца мне немажлівым высілкам, і я не прыпыняю кроку. Няхай ужо будзе, што мае быць, яшчэ раз!
Выходжу з-за павароту, і мярцвеюць ногі.
Асфальт вядзе на мост старой канструкцыі і губляецца ў тунелі. Паабапал — тунельчыкі для пешаходаў. Над цэнтральным уваходам гарыць слабога накалу лямпачка. Справа — застылая постаць салдата ў касцы. Вартаўнік плячыма абапёрся аб мур, прыклад вінтоўкі пас-тавіў на асфальт, рукі паклаў на рулю. Прытаіўся і чакае?.. Уцякаць?.. Мае клюмпы пачуў даўно, толькі пабяжы — пусціць ракету, высыплюць з будкі з сабакамі— куды дзенешся, хутка ж дзень!
Ах, ідыёт — трэба ж было мне так палезці!..
Пакуль так раздумваю, падыходжу насустрач сваёй пагібелі яшчэ пару крокаў. Мае ногі як бы жылі па сабе, вочы бачылі другое, што не вязалася з тым, куды мяне несла, а ў галаве адбывалася трэцяе, ды было такое ўражанне, бытта прысутнічаю пры драме, якая разыгрываецца з кімсьці чацвёртым...
I тут ва мне раптам адбываецца нейкі пераскок настрою. Ва ўсёй маёй істоце ўстрапянуўся закаранелы інстынк самаабароны. Ногі мае раптоўна наліваюцца сілай, становяцца спружыністымі і лёгкімі, я ўжо адчуваю сябе ўпэўненым і сабраным. Ва мне бытта прачнуўся другі чалавек — дужы, свядомы, рашучы,— ён бытта ўзяў за руку таго, слабога, і вядзе.
Апынаюся зусім недалёка ад немца.
Выразна бачу — салдат стоячы спіць! Вось ён уздрыгвае ад маіх крокаў, прачынаецца. Паяўленне чалавека збівае яго з панталыку. Ён, мабыць, думае — во, ужо валачэцца нехта да працы ў Мар'ембург! — і салдат прыкідваецца, што бачыў мяне здалёк. Сваю разгубленасць і віну вартавы прыкрывае важнасцю. Паволі крочыць на сярэдзіну ас-фальту, з сумнай заклапочанасцю бывалага служакі глядзіць некуды ў цемру, а выгляд увесь яго кажа: «Ты спяшаешся па справе, аднак — выспаўся, а вось я, халера, цэлую ноч мардуюся гэтак!..» Не дзіва, што на казармы, арсеналы, склады і масты напады робяць пад раніцу, калі ўся ўвага вартавога накіравана на барацьбу з санлівасцю, а сам ён бяспечны, бо блізка дзень. Са сну, бедны, нават не заўважыў, што на мне за вопратка!
Карціць, страшэнна хочацца абмінуць яго ды юркнуць у тунель-чык ддя пешаходаў, але салдат палічыць гэта слабасцю і насцяро-жыцца. Сціскаюся ўвесь ды крочу на немца. Ён ніжэйшы за мяне на паўгалавы, хілы, мундзір вісіць, бы на пугале, каска з'ехала на лоб. Ну, давай!.. З прагнасцю звера адчуваю, дзе ў салдата шыя, горла, каб учапіцца, позірк змераў вышыню ад парэнчы да вады, куды махну цела...
Да немца — крокаў з пяць. Пазіраючы ў цемру, салдат павольна вяртаецца на ранейшае месца і мяне прапускае. Да такой ветлівасці я не падрыхтаваны, таму на секунду губляюся і яго мінаю. Здаецца, вартавы ўскінуў на руку карабін і зараз загоніць мне кулю ў плечы.
«Ну, хутчэй жа ты, чорт!» — падганяю салдата ў думках, і каб не паказацца, што баюся, не азіраюся. Немец усё не страляе. Чую выраз-на свае крокі — клюмны гудуць мацней і мацней па меры таго, як узыходжу на мост.
Апынаюся ў цемры і толькі тут дазваляю сабе павярнуць галаву.
Як скульптура сярэдневяковага рыцара, немец стаіць ля сцяны на ранейшым месцы. Прыглядаюся лепш — стаіць і, мабыць, дрэмле далей! Вартавы зліваецца з фонам і ўжо расплываецца ў сырым тумане.
Уздыхаю з палёгкай і толькі цяпер у другім канцы тунеля бачу зноў цьмяную лямпачку, а пад сцяной — другога немца! Ліха на яго, першы мог пазваніць і гэты там чакае! Сцены гладкія, без дзвярэй і акон, у рэчку не выскачыш — я ў цаглянай пастцы!.. Збіраюся ў спружыну другі раз...
Новы немец, мабыць, падумаў, што мяне правяраў першы. Таксама надзьмуты, як гусак, выходзіць на сярэдзіну моста, пыхліва глядзіць удаль і мяне прапускае. А я не азіраюся, не адчуваючы ног, не верачы яшчэ таму, што ўсё гэта не сон і адбываецца наяве, аддаляюся і аддаляюся ад моста.
Памалу праходзіць напружанне, ды раптам мяне агортвае сла-басць. Нібы мяне токам ударыла. Адразу ўспатнеў, ногі адмаўляюць паслушэнства. Не магу нават устаяць на месцы, вяла сунуся ў кювет ды падаю кулём. Пару мінут прыходжу да памяці, стараюся не ўспамінаць, што перажыў.
Паступова слабасць праходзіць — знайшоў дзе вылежвацца!
2
Узбіраюся на чыгунку. Справа — старажытны Мар'ембургскі замак з адкіднымі мастамі і вартаўнічымі вежамі. Мне і ў галаву не прыйшло, што гэта — славуты Мальборг, былое гняздо крыжаносцаў, адкуль псы-рыцары вырушалі і на маю Гродзеншчыну,— апісаны Генрыкам Сянкевічам у «Крыжаносцах».
Апынаюся на станцыі.
На запасным пуці — пасажырскія вагоны. Улажу ў крайні, ва-люся на лаўку. Цішыня, суха, выгодна і пакуль што бяспечна. Яшчэ гэтак уражаны сустрэчай на мосце, што адганяю ад сябе ўспаміны ды стараюся ўздыхнуць на поўныя грудзі.
Хутка настане дзень, вагонам не стаяць жа тут вечна, іх могуць падаць да перона. Што рабіць мне тады? Хіба зашыцца пад лаўку.
Прымушаю сябе ўстаць, абследую куткі.
Ні закамарачка, ні шчылінкі! Пасажырскім не паедзеш. Зрэшты, трэба на станцыю прыйсці вечарам і разбірацца, што да чаго, а цяпер хутчэй адгэтуль!
Праз акно падае святло ад лямпачкі. Над лаўкай — схема чыгунак Заходняй Прусіі.
— Ты мне якраз і патрэбна! — кажу ўголас.
Выразаю схему, прыглядваюся.
З Мар'ембурга ва ўсе бакі разыходзяцца пяць чыгунак і адна з іх — у бок Штутгофа. Добра, што не знайшоў у пасажырскім схованкі, чаго добрага — заўтра мог бы прыехаць зноў у лагер!.. Трэба падпіль-наваць на станцыі таварняк і ехаць ім. Толькі ж як знайсці стрэлку патрэбнага напрамку? На пуці — не на шашы, вузенькіх дошчачак з пералікам гарадоў не бывае, машыністы абыходзяцца і так. Мушу даведацца ад людзей, але на сёння хопіць.
Хаваю схему ў сумку, выбіраюся на рэйкі, адтуль — у поле і зноў да баўэра ў гумно спаць.