3
Тым часам Валодзька з-за маёй авантуры праляжаў у каменным мяшку чатыры ночы і тры дні без ежы і вады. Толькі на чацвёртыя суткі адчыніліся дзверы і арыштанта вывалаклі на калідор. Эсэсавец ударыў яго ботам:
Сімулянт пракляты! Хопіць вылежвацца тут! Марш!..
Дапамагаючы сабе рукамі, Валодзька ўзняўся сяк-так на ногі.
З калідора выштурхалі яго на падворак. Дзённае святло асляпі-ла, і Валодзька не адразу разабраў, што перад ім тырчыць Хэмніц з двума «гэфтлінгамі».
Твае браты? — гыркнуў рапартфюрэр.
Толькі цяпер брат пазнаў арыштанта з нашай вёскі, у якога было гэтаксама, як у нас, прозвішча Кучынскі. Другі арыштант — незнаёмы.
Не...
Напэўна?
Напэўна!
Прызнавайся! — Арно замахнуўся на брата скрыпачкай.
Валодзька паціснуў плячыма.
Прэч! — рапартфюрэр пнуў кожнага «гэфтлінга» ботам ды загадаў ім бегчы ў лагер.— I ты таксама туды! — крыкнуў на Валодзьку.
У брата былі збітыя бакі, парэзаныя штыком плечы. Усе раны зверху зацягнула струпамі, яны панарывалі. Брат баяўся, каб эсэсавец не крануў нарываў, і хацеў паспяшацца. Анямелыя да атрафіі за трое сутак ногі не слухаліся, хоць ён напружваў усю сілу волі. Што рабіць? Валодзька нагнуўся, узяў за калашыны, паспрабаваў перасоўваць ногі рукамі. Рапартфюрэр падскочыў, ударыў яго ботам, і брат далёка адляцеў у бок лагера.
Гэтак футболячы Валодзьку, рапартфюрэр і дайшоў да новага лагера.
За варотамі — выстраеныя, як пад лінейку, на «смірна» тысячныя калопы паласатых арыштантаў. Хэмніц пакінуў Валодзьку ля калючага дроту, а сам накіраваўся да калон прымаць ад «блёкэльтэстэ» рапарт. Прыняўшы іх, эсэсавец пачаў штосьці гучна чытаць. Валодзька здагадаўся — Арно Хэмніц чытае пра яго, але не мог сабрацца, каб паслухаць. Усе свае сілы намагаў па тое, каб не зваліцца на дрот, пачэплены на белыя чарачкі. У дроце пульсіраваў ток высокага напружання. Ад дотыку чалавек згараў імгненна — толькі ўзнімаўся з няшчаснага сіні дымок.
Рапартфюрэр гэтым часам чытаў загад каменданта:
«...За спробу ўцячы з рабочай каманды «Тыгенгоф» арыштанту Кучынскаму Уладзіміру адмераць семдзесят плётак перад строем ды перадаць на катаржныя работы да печаў цагельні! За садзейнічанне ўцекачам адмераць па дваццаць плётак лагернаму пісару Цукерману і ўсім членам каманды. Прыгавор канчатковы, выканаць яго перад усім строем «Вальдлягер Штутгофа!»».
То фашысты без суда і разбору душылі людзей сотнямі ў дзень, то з педантычнай дакладнасцю ігралі ў законнасць і ўрачыста, з тэў-тонскай рамантыкай ды бяздумным размахам праводзілі публічныя спектаклі. Рытуал пакарання плёткамі перад строем адбываўся са смакаваннем і з цвёрда ўстаноўленымі цырымоніямі.
Для Валодзькі ўжо стаялі падрыхтаваныя козлы, ляжала доўгая раменная плётка з волавам у сярэдзіне. Ля месца экзекуцыі чакалі два сведкі — афіцэры СС, кат ды лагерны доктар з яшчэ не падпісаным актам у чырвонай папцы.
Скончылася чытанне загаду. Зялёнка шпурнуў Валодзьку на козлы. Два салдаты хапілі яго за рукі і ногі. Кат уздыхнуў на поўныя грудзі, адвёў руку з плёткай, павярнуў твар да рапартфюрэра і замёр.
Anfangen![54]
Злосны свіст і здаволенае — эк!
Валодзька рэзка тузануўся, але яго трымалі мёртвай хваткай. Найбольш невыносным было тое, што не можаш зменшыць сабе боль рухамі ног, не патрымаешся за пабітае месца, не патрэш яго.
На гэты раз брат закрычаў на сёмым удары. Закрычаў і здзівіўся: хто ж гэта вішчыць на ўвесь лагер такім тонкім і збалелым голасам?
Крык перашкаджаў камісіі лічыць, яе члены гідліва паморшчыліся.
Warte mal![55] — кінуў бліжэйшы афіцэр кату, падскочыў да козлаў і ўдарыў Валодзьку ў твар ботам.
Брат каторы раз страціў прытомнасць, і гэта яму зберагло сілы. Цяпер дарэмна Зялёнка вылазіў са скуры, чырванеў ад натугі і сцябаў так, каб рассячы скуру арыштанта да голага мяса. Брату было ўсё роўна, ён нічога не чуў.
Sibzig![56]— з пераможнай злараднасцю пахваліўся кат, павярнуўшы спатнелую пысу да Хэмніца.
Рапартфюрэр з пытаннем глянуў на членаў камісіі.
[54] — Пачынай! (ням.)
[55] — Пачакай! (ням.)
[56] — Семдзесят! (ням.)