2
Да вакзала з імпэтам падляцелі адна за адной, скрыгітнулі тармазамі і замерлі цёмныя вайсковыя машыны з будамі. З-пад бры-зенту выскачылі эсэсаўцы ў баявым рыштунку і ў момант выстраіліся ў калону. За гэтым узводам выцягваўся ў лінію «гундбатальён». Адкормленыя і доўга трыманыя на прывязі аўчаркі выскалялі белыя іклы, вырываліся, дзерлі кіпцюрамі мёрзлую зямлю, выгіналі хрыбты і вішчэлі — ледзь салдаты стрымлівалі звяроў на павадах.
Ад сабакаводаў аддзяліўся фельдфебель, забраў у афіцэра Валодзьку і штосьці спытаўся. З-за брэху і візгу звярынага Валодзька не зразумеў, чаго гэты немец хоча, і атрымаў па твары. У гэты момант падляцела растрапаная немка.
Праз наш агарод прабягала двое! Ідзіце туды! — правішчала яна.— Вяроўкі ад бялізны парвалі мне, во! — разлютаваная фраў тыцнула канцамі фельдфебелю ў морду.— Праклятыя бандыты да раніцы нас перадушаць тут усіх, хутчэй іх лавіце!.. Вы сабе тут прахаладжваецеся ў ваенны час, бабскіх спадніц вартуеце, а галаварэзы разгульваюць!.. Я патрабую навесці парадак!.. Мой муж сапёрам на фронце ваюе, я напішу яму пра ўсё!..
Фельдфебель забыўся пра Валодзьку і загадаў жанчыне:
Паказвайце след, ласкавая пані!
Сабачы батальён адразу знік з плошчы. Сабакі вар'яцелі ўжо дзесьці за вакзалам, бытта вось-вось меліся цапнуць і разарваць ні то зайца, ні то ката.
Перад Валодзькам вырас элегантны малады эсэсавец у чорных пальчатках і начышчаных да люстранага бляску ботах.
Куды пабег брат? — кінуў ён.
Сам не ведаю! Калі я ўбачыў, што яго няма нідзе, адразу заявіў гэру шарфюрэру... Спытайце яго, што праўду кажу!..
У пальчатцы эсэсаўца было жалеза. Ад нечаканага ўдару Вало-дзька апынуўся на зямлі. З жахам ён убачыў падэшвы з адшліфава-нымі цвікамі і ўсхапіўся. Тады фашыст балюча ўдарыў яго пад бараду, потым наском у шчаку. Брат захлынуўся крывёю. Ён адчуў у роце нешта цвёрдае і здагадаўся — зуб. Эсэсавец наравіў узабрацца ботам на твар, і брат, сабраўшы аношнія сілы, усхапіўся на ногі.
«Толькі б зноў не ўпасці!» — падумаў.
Фашыст замахнуўся ўдарыць яго ў пах, Валодзька адступіў.
А-а, ты гэ-этак?— са зларадным абурэннем і лютасцю закры-чаў малады эсэсавец ды кіўнуў вахманам: — Два чалавекі сюды, бягом! Надзець штыкі! Гатова? Дзейнічаць!..
Каб Валодзька не мог адступаць, цяпер яго ззаду падпіралі вастрыямі.
Куды ён пабег, сабака ты смярдзючы! Кажы хутчэй, руская свіння! — шалеў эсэсавец і біў, біў і біў.
Колькі гэта цягнулася — хвіліну, гадзіну, вечнасць,— Валодзька не мог бы сказаць. Ды і не было калі пра гэта думаць. Увесь час ён толькі рабіў адно — стараўся разгадаць намер фашыста, лаўчыў, каб удар ён зрабіў найменш балючы, не зайшоў яму ззаду. Брат адварочваў галаву. Напінаў жывот. Згінаўся. Сціскаў моцна калені. Закрываўся рукамі. Стрымліваў дыханне... Але паступова яго пакі-далі сілы, мутнела свядомасць, і было ўсё роўна, што з ім робяць.
Настаў момант, калі брат як бы адзеравянеў. Ужо здавалася, што ўсё адбываецца не з ім, а з другім чалавекам і ён ні то з вышыні, ні то збоку толькі назірае. Па целе разышлася нейкая цяплынь, млоснасць. Ён пачаў зноў захлынацца крывёю. Ужо не разумеў, дзе ён і што з ім. Нарэшце страціў прытомнасць.
3
Валодзька прачнуўся, ды не мог дайсці да ладу.
Страшэнна балела, агнём пякло цела. Гула якаясьці бормашына, прыстаўленая да чэрапа, а нешта рытмічна пастуквала — так-так!.. так-так!.. так-так!.. Чаму такая цемрадзь? I што гэта за цяжкая маска на твары? Брат ухапіўся за яе рукамі, каб сарваць. Пад пальцамі — крывавае месіва. Нос хрускае, хліпае, замест вачэй і броваў — напухлыя падушкі.
Ён пачаў успамінаць.
Ага, уцёк Алёшка. Потым з'явіўся эсэсаўскі афіцэр. Тады — эсэсман з жалезнымі пальчаткамі. Білі да непрытомнасці. Выцеклі, відаць, вочы — падумаў ён з роспаччу і пачаў раздзіраць павекі.
Не, вочы цэлыя.
Праз шчыліны павек Валодзька ўбачыў цьмянае святло ліхтара на сцяне і сілуэты людзей. Пад сцяной — злосныя і паніклыя арыш-танты. Далей — прысмірэлыя і насцярожаныя вахманы. Ён ляжаў плячыма на голых дошках падлогі, дрэва перадавала гудзенне рэек і ляскатанне колаў на стыках.
А-а, ты яшчэ не здо-ох? — усхапіўся крайні памеранец у сіняках і падцёках.
Арыштант падскочыў ды выцяў Валодзьку чаравікам у бок, ад-нак удару брат чамусьці не пачуў. За першым падляцелі і пачалі біць яго астатнія.
Прэч, конскія вантробы! Прэч, свіныя кішкі, смярдзючыя тхары!— па-матроску залаяўся Люкембах ды кінуўся брата ратаваць. — На месца! Прэч, дохлыя сабакі!
Разагнаўшы арыштантаў, капо падсеў да Валодзькі:
Бачыш ты, якія падлы?!. Цяпер не падлезуць, не бойся!