Нехта адчыняе шафу. Мяне падхоплівае многа рук. Апамятваю-ся ў цемры, сярод сукенак, абутку, скрынак, чамаданаў і пакетаў. Тырчу ўжо ў невыгоднай пазіцыі і баюся паварушыцца, слухаю.
Праз тонкую фанеру выразна чуваць, як у памяшканне нехта ўваходзіць.
На, допры в'етшар!— з акцэнтам і робленай добразычлівасцю кажа мужчына.
Хвіліна цягучай цішыні. Чуваць, як смажыцца бульба, а потым нястройны хор вымаўляе:
Добры вечар, гэр шэф!
Фэрфлюхтэ, доўга не знайшоў двэры!
Бо цёмна! — спачувае жанчына.
Го, Мэры Пэтрофна, я — пяцьдзэсат восэм гадоф ест стары, мае вочы ўжэ нэ свэцат, як у рускі эты дэвушка!..
Зноў пануе цягучая цішыня. Толькі чуваць, як немец лупіць сябе па халяве нагайкай.
Трэба лямпачку ў сенях нам павесіць, гэр шэф, там і патрон вісіць! — кідае нехта.
А то ногі сабе паламаем! — падхоплівае іншы.
Цяпер ночы цёмныя надта і будуць цягнуцца доўга...
Эканомія нам бокам вылазіць!..
Гут!.. Зафтра!..
Нейкі час па рэмені ляпае бізун. Тады немец гаворыць зноў:
На, майнэ лібэ, прыйшлі вагонэн з буракамі! Альзо, Мэры Пэтрофна, давай тваіх кіндэр эты вагонэн аўзлядэн! Ін айнэр штундэ мюсэн вагонэн эрледыгт вэрдэн, ніхтва!..[46]
Нагайка ляпае цвярдзей.
Абэр лё-ос, майнэ лібэ, шнэлер!.. Ррраўз цу аўзлядаэн алле!..[47]
Падлога загрымела ад клюмпаў.
Праз пару мінут сяджу за сталом над патэльняй. У пакоі адно старая. Яна цяпер мяне як бы не заўважае. Ля пліты ўсхвалявана і паціху сама сябе дакарае:
Ах, бо-ожа, якое шчасце, што прыйшоў на гэты раз без свайго сабакі!.. Ах, бо-ожа...
Жанчына трэ шчаку, бытта ёй разбалеліся зубы, стукае кулаком на скроні.
А каб так, як мінулы раз, заглянуў з тым зверам?..— ківае яна галавой.— Господи Иисусе, ах, прасвятая мацер божая, якое гэта шчасце яшчэ!..
Я вінавата маўчу ды спяшаюся — глытаю бульбу не разжоўва-ючы. Бытта рукой зняло з мяне радасна-ўзнёслы настрой ды ўпэўне-насць. Глытаю не разжоўваючы бульбу ды сябе лаю: чаго быў такі вясёлы? Стараюся ўжо забыць, што плёў гэтай кабеціне. Уцячы з Тыгенгофа не такое ўжо і геройства. Невядома яшчэ, як дабяруся дамоў. За першыя суткі ледзь не папаўся, а што ж будзе далей? Магчыма, у Штутгофе эсэсаўцы з брата адбіўную катлету ўжо зрабілі, а я тут крыўляюся, як какетка, цьфу!..
Сорамна. Страшна. Няма ранейшай упэўненасці. Не адчуваю і смаку бульбы.
1
У Тыгенгофе адбылося тым часам вось што.
Вярнуліся задыханыя вахманы, якія па мне стралялі, ды сталі разбірацца. Дзіўна, але яны мяне добра і не разгледзелі і былі няўпэўненыя — пабег арыштант ці даваў драла злодзей з вагонаў. Вахманы стралялі па рухомай чалавечай постаці на ўсялякі выпадак.
З'явіўся і шарфюрэр. Ад хвалявання і мітусні немцы аніяк не маглі палічыць падуладных. Шасцю прыкладамі пачалі паспешліва заганяць людзей у вагон.
Айнс, цвай, драй...— тыцкаў пальцам узрушаны «шэф» ды раптам выбухнуў ледзь не з плачам: — До-онэр-вэтэр, кройц унд сакрамэнт, таўзэнд тойфэлыі унд нох айн маль... Дваіх не хапае! Каго няма?
[46] — Праз гадзіну вагоны мусяць быць апарожненыя!.. (ням.)
[47] Такім чынам, мае даражэнькія, пад'ём!.. Хутчэй!.. Марш выладоўваць вагоны!.. (ням.)