Орднунг мус зайн, фэрштэен?
Калі мы з Валодзькам потым здымалі з трупаў бялізну і ладавалі целы на воз, чалавек быў таксама адубянелы, як іншыя.
Чакаць, пакуль і мяне зробяць гэтакім?
Спадзеючыся на цудоўнае збавенне, на маіх вачах загінула не адна тысяча арыштантаў у Штутгофе, яўрэяў — у Гарадку, Беластоку, а нашых беларусаў па вёсках. Вядома, цешыць сябе ілюзіяй і гэтак існаваць — лягчэй. Толькі каму патрэбна такое самаашуканства? За мяне паплацяцца многія. А каму патрэбна такое жыццё — брату, сябрам? Каму мы такія патрэбны? Мо я, гэткая размазня, патрэбен маім бацькам? Ну яго да ліха, нацярпеўся!..
Я заўсёды падабаюся сабе, калі знаходжу сілы з многіх шляхоў выбіраць самы цяжкі. Таму і цяпер на душы адразу адлягае. Абуджаецца і мацнее дзікая радасць перамогі. Я ўжо — адна рашучасць і ўздым, вагання не стае і следу, я ўжо мяркую — што ж мне цяпер рабіць?!
7
Салдаты, вядома, не пакінуць ля вагонаў дваццаць арыштантаў, каб лавіць аднаго. Паднімуць на ногі мясцовую жандармерыю? Тыгенгоф — маленькая мясціна, у ёй два-тры жандары. Галоўнае — дзяжурная рота штутгофскіх эсэсаўцаў з паўсотняй сабак — «гундба-тальён». Пакуль бесталковы звярынец гэты ўзвядуць на машыны, па-куль прыедуць сюды, пройдзе з гадзіну. Здолею за гэты час адысці дастаткова далёка ды не пакінуць следу — буду ўратаваны.
Не траціць дарэмнага часу, дай бог ногі!
Паказваюцца нейкія домікі, за імі — чорны роўны прасцяг. Я слупянею: на маім шляху — канал! Уся гэтая мясцовасць ляжыць ніжэй узроўню мора. Ад Балтыкі яе абараняе земляная дамба. Нізіну перасякае густая сетка асушальных равоў, з якіх безупынна пампу-юць ваду ў мора. Каналы шырокія, па іх ходзяць баржы, я да іх прыглядзеўся, калі нас вязлі ў лагер.
Вакол непрывычная цішыня. У вокнах мірна жаўцее святло. Дзесьці залётна, падлізліва цяўкае сабачка. На беразе застылі даўзёр-ныя верацёны лодак. Падаю на дно першай лодкі. Здаецца, нікому няма да мяне справы — цішыня.
Я вырас у мясцовасці, дзе — ні рэчак, ні азёр. Пра лодкі толькі чытаў у кніжках, а бачыў іх дагэтуль адно на малюнках. Хоць яна дакладна такая, якой я сабе ўяўляў, але ж як да яе падступіцца?.. Спахопліваюся — патрэбны вёслы! Халера на іх, дзе ж яны тут?!. Ага, вёслы напэўна забіраюць у хату на ноч!.. Без намыслу кладуся на нос ды пачынаю грабці пад сябе рукамі. Гэ, хоць і памалу, але, здаецца, рухаемся!..
Сантыметр за сантыметрам набліжаюся да другога берага.
Вылажу на сушу ды моцна піхаю лодку на сярэдзіну канала, каб вецер адагнаў яе ад следу. Вецер мой саюзнік. Компаса няма. Яшчэ ў Штутгофе заўважыў — сёння дзьме з паўднёвага ўсходу, а вятры тут устойлівыя. Бяру крыху правей, на поўдзень. Чорна-белыя палоскі маёй вопраткі ноччу разгледзіш толькі зблізку — зводдаль зліваюцца ў шэры тон. Ад людзей мушу трымацца на дыстанцыі.
Крадуся нейкімі прысадамі, пераскокваю цераз вуліцу, вылеж-ваю ў кустах, пакуль чуваць галасы людзей. Праходжу пад лініямі высокага напружання. Каб збіць з тропу сабак, у зацішным месцы сыплю табаку зноў.
Справа чарнее стужка пуці, узбіраюся на яе — мазут на рэйках і шпалах глушыць след не горш за ваду, табаку трэба берагчы! Ужо падбіраю словы, якімі стану апраўдвацца перад бацькамі, хваліцца перад сваякамі, калі вярнуся дадому. I зараз жа з забабонным страхам адганяю ад сябе назойлівыя думкі, каб не наклікаць бяды.
Прыходжу ў сябе на беразе новага канала, недалёка ад пуці.
Чыгунка ідзе на жалезны мост. Перад яго фермамі — будка вар-таўніка. У акенцы ружавее жар ад раскаленай печкі: хтосьці там, ха-лера, сядзіць! Абавязкова трэба прабрацца на той бок: чым болей пе-рашкод пакіну за сабой, тым менш шанцаў спаткацца з «гундбатальёнам».
Часамі чалавек думае не словамі і не вобразамі, а — дзеяннем. Яшчэ не разумею навошта, інстынктыўна сыходжу з пуці, паднімаю з-пад плота бервяно, узвальваю на плечы ды крочу на мост. Такое адчуванне, бытта я ўжо не раз бываў у падобных сітуацыях і заўсёды так рабіў.
Не ведаю, ці праз маю хітрасць вартаўнік за акенцам падумаў, што хтосьці свой валачэ дадому палена на дровы, ці проста будачнік спаў,— не выходзіць да мяне ніхто. Страшэнна радуюся, што ўдалося перайсці мост. Заўважаю ў сабе дзіўную кемлівасць. I да чаго ж залежыць чалавек ад абставін: хіба ў звычайных умовах прыдумаў бы нешта такое?..
Зноў пераплываю каналы. Спрабую грабці і вёсламі, але нічога не выходзіць, у мяне лепш атрымліваецца рукамі. Крочу па полі, яно падзелена равамі і калючым дротам на квадраты. Перабягаю асфальт, абыходжу вёскі. I колькі ўсё гэта працягваецца — тры гадзіны, сем,— не ведаю, знікла пачуццё часу. Ужо не магу валачы і ног. Мне здаец-ца, Што сплю, а падарожжа сніцца і я аніяк не магу ад яго адвязацца.
Будзяць мяне пеўні. Выходзіць, блізка раніца, і за ноч, мабыць, аддаліўся я ад небяспечнага месца дастаткова. Хутчэй хавацца, па-куль людзі не прачнуліся!
Зводдаль стаіць хутар, выбіраю яго.
Мясцінкамі, дзе няма снегу, па храпе ды гнілых качанах капус-ты падкрадваюся да падворка. Забіраюся ў гумно ды вобмацкам вывучаю, што ў ім знаходзіцца.
Пальцамі адчуваю малатарню, саламарэзку, сцірту снапоў. Чорт на яго, як лёгка арыентавацца ў чужым гумне: што ў Беларусі, што ў Германіі — аднолькава!.. Далей ляжыць сена, немалочаныя снапы: выбірай па густу!..
Збожжа могуць сёння малаціць, а сена — браць жывёле. Спаць у саломе халадней, аднак выбіраю яе: днём салому кранаць не павінны, сечку рэжуць у гаспадарцы не кожны дзень. Закопваюся ў халодныя і моцныя, як драты, сцябліны, падцягваю калені пад бараду і адразу засынаю.
Спачатку сніцца, бытта бягу па нейкім лесе, мяне даганяюць аўчаркі і, каб сабакі не задушылі, я горлам прытыкаюся да сасны. Нават адчуваю скурай на шыі шурпатую кару!
Аўчары знікаюць, ужо пасу быдла з Валодзькам у сваёй вёсцы. На Валодзьку зялёная сумка ад нашага процівагаза, якую ён насіў у Штутгофе, але пад носам у брата чамусьці заскрэплыя згусткі крыві. Каровы гавораць з намі па-нямецку, па-польску і па-чэшску. З гладкіх бакоў красулі хвастамі зганяюць мух і гучна скубуць траву...
Паступова сны знікаюць. Я бытта правальваюся ў адхлань — цёмную і халодную.
8
Прачынаюся ад пачуцця небяспекі.