Валодзька вырашыў хоць крыху аблегчыць сваю долю і высунуўся з натоўпу:
Гэр шэф, Алекса не бачу!
Яшчэ каго?
Не ведаю!
Лёс, лё-ос, у вагон! Айнс, цвай, драй...
Дзевятнаццаць! З капо — дваццаць. Аднаго і праўда не ха-пае!— са здзіўленнем далажыў вахман, які кіраваў работай на пероне.
У вагон, у вагон усіх і пакладзі гэтае паскуднае быдла на жывот! — вішчыць шарфюрэр.
За ўцёкі аднаго эсэсаўцы маглі закатаваць насмерць усіх дзевят-наццаць. I арыштанты пачалі штурхаць пад бакі Валодзьку ды шыпець:
— Вырадкі, паддалі нас!
— Нягоднікі! Я заўважыў нядобрае, калі яшчэ ехалі сюды!
I я ўвесь час вока не спускаў! Як ён умудрыўся знікнуць, мярзотнік,— не ведаю!
О! мэншэз кінд! О! сакрамэнт! О! таўзэнд тойфэльн! О! донэрвэтэр, фэрфлюхтэ! — не ўнімаўся, скавытаў паціху і скавытаў стары шарфюрэр.
У дзвярах вагона з'явіўся Люкембах. Усе паспелі ўжо залезці ў сярэдзіну. На пероне заставаўся адзін амярцвелы Валодзька — чакаць сваёй долі. Капо на яго напаў:
А табе спецыяльнае запрашэнне трэба выпісаць? Сабачая ты морда, кароўе вымя, табе тут было кепска, захацелася ўцёкаў? На, свінскі ты лыч, на, кароўе вымя!.. На яшчэ, конская вантроба, на, еш!
Валодзька ледзь паспяваў ухіляцца ад чаравікаў капо. Нарэшце ён упоўз жыватом у вагон і ўпаў на целы.
З грукатам за арыштантамі засунуліся дзверы, апусціліся жалезныя засланкі на вокнах. На хвіліну Валодзька ўявіў сабе, што тут хутка пачнецца, і жахнуўся — як мог добраахвотна згадзіцца на такія мучэнні?
Узнікла вялікая крыўда на брата, што той бяздушна пакінуў яго аднаго. Трымаліся ж дагэтуль разам, трэба было трымацца разам і далей. Уцяклі б удвух...
Тады немцы прывезлі б сюды бацькоў. Валодзька раптам уявіў родны твар мацеры з абстрыжанай галавой, бездапаможную яе фігурку ў паласатым пінжаку сярод баракаў ды трупаў, адчуў жаласць да мамы і ўжо не шкадаваў, што застаўся.
Брату стала бытта лягчэй.
Зноў загрукаталі дзверы ды святло з перона ўварвалася ў вагон. Злосныя вахманы вывалаклі брата на допыт.
На пероне чакаў эсэсаўскі афіцэр. Вахманы крокаў з трыццаць правалаклі яго за рукі і ногі ды з маху кінулі перад афіцэрам на бетон.
Лёс! — бытта нездаволены выхадкай падуладных, афіцэр прагнаў вахманаў, загадаў Валодзьку ўзняцца.
Мы былі прадстаўнікамі ніжэйшай катэгорыі людзей — «унтэр-мэншы», а эсэсаўцы — расай папоў, «гэрэнфолькі». Яны глядзелі на арыштантаў, як на пустое месца, і нават пуцалаваты унтэрафіцэр з «Гопэгіля» лічыў бы сабе ганьбай уступаць у гутарку з арыштантам — ён даваў толькі пыхліва каманды цэлай масе. I раптам фашыст з братам загаварыў. А то быў не проста арыец — афіцэр!
Эсэсавец даволі карэктна спытаўся, адкуль мы родам, хто ў нас застаўся дома, куды я пабег.
Валодзька адразу асмялеў і разыграў шчырае здзіўленне;
Ён нічога мне пра ўцёкі не гаварыў!
Не гаварыў? — паспачуваў афіцэр.
Валодзька нават узняў да вушэй плечы:
Я сам вельмі здзівіўся, калі яго не стала! Воддаль загулі маторы. Нарастаў звар'яцелы брэх сабак. З роспачлівым і бяссільным шкадаваннем Валодзька падумаў: «Мінула якіх-небудзь дваццаць мі-нут, а ўжо пруцца! I куды ты падзенешся за такі кароткі час? Сабакі дастануць цябе з-пад зямлі ды разарвуць на кавалкі!.. Гаварыў жа яму пачакаць, дык — не, паперся! Навошта такая бяздумная авантура?!.»
Валодзьку зрабілася самотна і крыўдна.