Перада мной якісьці роў, за ім — плот. Далей — домік, кусты і — поўны змрок. З разбегу скачу, адчуваючы невясомасць, пралятаю ладны кавалак у паветры і... расцягваюся на другім беразе.
Тах! — коратка бухае карабін.
Скурай на плячах і патыліцай адчуваю — паляць па мне. Усхопліваюся, пералятаю плот. Тварам і грудзьмі рву, як павуцінне, нейкія вяроўкі, імчу далей. Апынаюся ў змроку, сярод якогасьці зарасніку. Каб не заляцець з агня ў полымя, прымушаю сябе спыніцца і паслухаць.
За мной не гоняцца. Праз рэдкія, аблітыя жывым серабром хмурынкі прыязна свеціць мне палавінка месяца. Цішыня. Дзьме бадзёры ветрык, мірна шалешчуць дрэвы. Вагоны з дошкамі, з арыштантамі і эсэсманамі дзесьці далёка, не страшныя, як бы іх і ўвогуле не было. Агортвае і напаўняе мяне хваля бязмернай радасці. Удыхаю паветра на поўныя грудзі, выпростваюся, нават разводжу рукі — бытта скінуў з сябе цесны пінжак і мне цяпер лёгка, лёгка!
— Тах! — як пад зямлёй недзе гучыць зноў стрэл. Уяўляю, як там мітусяцца вахманы, якая крывая морда ў старога шарфюрэра, бандыта Люкембаха.
— А дулю бачылі?!.— з дзікім і пераможным здзекам паказваю фігу туды, дзе страляюць, і кідаюся бегчы зноў.— Цяпер мяне зловіце, так вам і паддамся!..
6
Вылятаю на адкрытае месца.
Перада мной вялізны будынак другога вакзала. Ага, той быў вузкай каляі, а гэты — шырокай. А вунь і пуці з выслізганымі рэйкамі. Насустрач рухаюцца два цені з ліхтарамі. Па нейкіх няўлоўных рысах адразу вызначаю — старыя чыгуначнікі, баяцца іх няма чаго. Імчу далей, ведаючы ўжо, што рабіць. Прабягу ў іх перад самым носам, каб мяне бачылі, тады вунь там, дзе свецяцца стрэлкі, павярну ўлева, змылю след.
Анямелыя чыгуначнікі спыняюцца. Нават узнімаюць карбідныя ліхтары, свецяць. Свяці, свяці, прыглядайся добра, халера цябе бяры!..
Сівыя, у цёмных шынялях з вузкімі пагончыкамі, у нязграбных фэльцавых ботах. Гляджу на іх, яны — на мяне, маўчым. Абвостранае праяўленне інстынкту самазахавання. Усімі мускуламі дакладна адчуваю мажлівасці старых, іхнія сілы, выразна бачу, куды з налёту піхнуць, каб абодва шмякнуліся патыліцай на рэйкі — у грудзі, крыху ніжэй шыі!.. Абодва чыгуначнікі ўлоўліваюць мой настрой, моўчкі і паспешліва сыходзяць убок — пакорна мяне прапускаюць.
За стрэлкамі налева — вытаптаная ў снезе дарожка. Завароч-ваю туды. На хаду выхопліваю з торбы жменю табакі, сыплю за собой. Вецер імгненна змятае яе, крупінкі знікаюць у іскрыстым снезе, і я сыплю другую жменю...
Дарэмныя намаганні! Беражліва закрываю торбу — невядома, што чакае яшчэ наперадзе, каштоўныя і пахучыя крупінкі мо спатрэ-бяцца. Азіраюся.
Перада мной — адкрытае поле. Высокае, асветленае месяцам неба, сухое і бадзёрае паветра ды спакойная цішыня ўжо не здаюцца мне чужымі. Яны даўно знаёмыя, свойскія і звычайныя.
Прытомнею ўжо зусім. Аддыхваюся. Стараюся супакоіцца, ісці вольна.
Дзіўна. Чым больш аддаляюся ад вахманаў, тым меншую адчуваю радасць. Недарэчна, але факт: на хвілінку пашкадаваў аб Штутгофе. Мабыць, шкадую таму, што ён стаў вехай у маім жыцці. У рове ля крэматорыя вецер развявае родны попел і бялеюць косці ад знаёмых, сяброў. У бараках засталіся хворыя і слабыя. Некаторыя з іх не перажывуць і тыдня без маёй дапамогі. Невядома яшчэ, ці выжыве пад кіямі пісар Цукерман, які рэкамендаваў мяне ў Тыгенгоф. Тысячы дахадзяг у тоненькіх пінжачках пападрыжаць на марозе цэлую ноч перад баракамі ў калонах, стоячы на «смірна», праклінаючы мяне і цэлы мой род, пакуль эсэсаўцы з сабакамі будуць шукаць уцекача. I самае страшпае — я пакінуў брата!
Бачу яго бліскучыя ад слёз вочы...
Валодзька на два гады маладзейшы. Я меў абавязак апекавацца над ім і часта парушаў яго. Але з'есці лішнюю грушу, схаваўшыся ад Валодзькі, або ўхіліцца ад цяжкой работы дома і ўзваліць на брата — адно, а тут — зусім іншае. Так і бачу паружавелы, як у дзяўчынкі, ад кідання дошак Валодзькаў твар. Ён будзе акрываўлены праз некалькі гадзін, калі фашысты начнуць помсціць за маю авантуру. Невыносна цяжка. Я нават пад барадой расшпільваю арыштанцкую куртку ды глыбока ўздыхаю.
Няўжо бачыў Валодзьку апошні раз? Як гляну ў вочы маме? Ці не вярнуцца лепш і не заявіць — бярыце мяне, рабіце, што сабе хочаце, адно не чапайце брата і бацькоў! Памучаць, а потым пагасну, і зноў нічога мяне не будзе абыходзіць, як не абыходзіла, пакуль не нарадзіўся на свет — хіба была тады каму страта?..
Аднак я няшчыры.
Шкадую таварышаў, брата толькі для апраўдання перад сваім сумленнем. Я змагаюся сам з сабой. Паступова мяне агортвае бунтарская ўпартасць, зухвальства. Няўжо мы павінны толькі охаць ды брахаць за вугламі на фашыстаў і пакорна падпарадкоўвацца, абы яшчэ крыху праіснаваць?
«Блёкэльтэстэ» Цымерман аднойчы выстраіў раніцой пяць соцень арыштантаў на праверку. За ноч чалавек восем памерла. З нябожчыкаў сцягнулі верхнюю вопратку ды склалі іх радочкам пад баракам. Пасля рапарта старасты блока эсэсаўскаму афіцэру трупы, як звычайна, меліся павезці ў крэматорыі. «Блёкэльтэстэ», чакаючы «рапарт-фюрэра», апошні раз пералічваў нашыя шэрагі, раздаючы налева і направа тумакі.
Раптам з-пад сцяны ў адных кальсонах узняўся адзін з памерлых і рэшткамі сілы павалокся да нас. Карычневая зморшчаная і патрэс-каная скура яго абцягвала адно косці. Крыпель ішоў, як п'яны, толькі блішчалі яго вочы і тырчалі шэрыя вушы, нібы выразаныя са старой, патрэсканай халявы. Чалавек быў у такім стане, калі забываеш — ад-куль ты, як цябе завуць, ды пераўтвараешся ў засушаную блашчыцу за абразом.
А ты, вашай смярдзючы, куды прэшся? — зароў «блёкэльтэстэ» і рынуўся ад нас.
Па-ане, я жывы-ы яшчэ! Я яшчэ жыву-у, паглядзі-іце!..— жаласліва ўзмаліўся паляк.
Што-о?.. Хто табе гэта сказаў?!. Ты — спісаны, смуроддзе! Я табе, свіныя ты кішкі, пакажу зараз!.. Думаеш, з-за цябе стану новы фармуляр запаўняць? Цябе болей няма на свеце, разумееш?.. Табе нават ужо нумар напісалі!..
Хоць «блёкэльтэстэ» крычаў на-нямецку, няшчасны яго зразумеў. Крыпель паўзіраўся сабе на грудзі, дзе хімічным алоўкам былі выведзены лічбы, ціха і вінавата прамовіў:
Так, так...
Марш на сваё месца! Абэр шнэль, кароўе вымя, кройц унд сакрамэнт! — папёр яго Цымерман. Заклікаючы нас у сведкі, абурана паскардзіўся: — Бачыш, калі адумаўся, вашай?!.
Паляк вярнуўся пад барак, пакорна лёг. Цымерман абвёў калону дзікімі вачыма, павучальна пракрычаў: