Komm mit! [41]
За мной нахабна прэцца і Валодзька, бытта «Komm mit» адносіцца і да яго.
Was? — вішчыць перапалоханы шарфюрэр.— Und noch ein Russe?[42]
Гэта браты, няхай едуць разам! — зноў умешваецца дабрак-пісар.— Яны ніколі не разлучаюцца!
Бедны Цукерман, каб ён толькі ведаў, што яму будзе за гэтую фразу!..
Праз гадзіну нашу «аўзэнкомандо» прапусцілі праз вароты і ўжо вядуць на вакзал вузкакалейкі. Мы кудысьці паедзем, штосьці будзем у начы ладаваць, вернемся толькі раніцой ды завалімся на цэлы дзень спаць. Усе арыштанты ў палоне невядомага. А мяне ахоплівае ўпартая рашучасць: ну, цяпер або ніколі!.. Азіраюся на Валодзьку, і яго вочы гараць.
2
З першых дзён лагернага жыцця мы з Валодзькам думалі пра адно: як адгэтуль вырвацца. Многія людзі, якія прыехалі ў адным транспарце з намі, неяк ужо надта хутка прымірыліся са сваёй доляй. Мы такіх не разумелі.
Ад нястачы вітамінаў у Штутгофе панавала агідная хвароба — флегмона. Спачатку выступалі на целе чырвоныя плямы, паступова плямы сінелі, і потым цела пачынала гніць так, што бялелі наверсе голыя косці. З яўлялася ў каго-небудзь такая флегмона на назе, і чалавек ужо адно думаў пра свае балячкі. Бядак абкладваў гнілыя раны бабкіным лістам, абкручваў паперай ад цэментавага мяшка, бярог ад вады, стагнаў, лічыў, колькі дзён яна ўжо мучыць, колькі яшчэ можа цягнуцца.
З братам мы таксама мелі гэтую заразу, але нават не заўважалі яе.
Ля цагельні з боку канала варты амаль не было. Прыдумай спосаб перабрацца цераз канал і ты — на волі! Я ўспомніў, што татары ў часы паходаў перабіраліся цераз глыбокія рэчкі па дне з трысцінкай у зубах. Мы з Валодзькам укралі ў цэху дзве доўгія медныя трубачкі, падпільнавалі момант, узялі трубачкі ў рот, не паглядзелі, што ногі з флегмонай, палезлі ў ваду праверыць, што выйдзе.
Канал даўно не чысцілі. На дне было столькі глею, што мы адразу пагразлі і ледзьве сябе не выдалі. Абодва прыкінуліся, бытта нам прыйшла фантазія пакупацца ў вопратцы і абутку. Атрымалі па дваццаць пяць бізуноў, і на гэтым усё скончылася.
Калі здаралася каму-небудзь з нашых знаёмых уладкавацца на цёплую і лёгкую работу, ён рабіўся ціхім, прытойваўся, думаў так і перачакаць бяду. Некаторыя арыштанты нават марылі зрабіць кар'еру.
Як магло дайсці да пагалоўнага знішчэння людзей цэлых вёсак, вуліц, гарадоў, яўрэйскіх гета? Здарылася гэта яшчэ і таму, што многія ахвяры да апошняга ракавога моманту ашуквалі сябе надзеяй на збавенне і цуд, на тое, што ў першую чаргу загіне яго хворы сусед, а ён, здаровы, яшчэ немцам спатрэбіцца ці адкупіцца залатым пярсцёнкам, самагонам, новымі ботамі ці просьбамі, таму і не ўцякаў у лес, не шукаў ратунку.
Мяне обер-майстар Макс нядаўна ўздумаў назначыць старастам над васьмю арыштантамі, якія ладавалі гліну. Цяпер я мог жыць лепш, памагаць брату, знаёмым. Але мяне толькі цікавіла, як новая пасада паможа вырвацца з пекла.
Вясковая замкнутасць і мужыцкая вуглаватасць крыху аддзялілі мяне ад той часткі арыштантаў, якія былі ядром у лагеры: польскай, чэшскай, рускай інтэлігенцыі. З іх ніхто не спяшаўся знаёміцца з маўчуном. Не спяшаўся і я. Прыглядаўся, прыкідваў, наматваў на вус.
У транспарце з Беластоцкай турмы прыехала нас чалавек шэсцьсот, пераважна сялян — людзей добрых, працавітых і па-свойму сумленных, але без рызыкі,— фашысты іх набралі не з-за палітычных пераконанняў ці — непакорнага характару, а па прынцыпу — абы больш стэрарызаваць вёсак. Нядаўна такія восем чалавек везлі саматугам на цагельню абед на возіку. Аднекуль з'явіўся амерыканскі самалёт, даў чаргу з кулямёта і напавал забіў канваіра. Абедзенная каманда і не падумала разбягацца. Дзядзькі труп немца і яго вінтоўку асцярожна паклалі на платформу побач з бітонамі з супам і напалоханыя вярнуліся ў лагер.
Зайду да землякоў часамі ў барак і бачу, як яны сябе ашук-ваюць. Вераць байкам, бытта праз тыдзень-другі нашы высадзяць дэсант і вызваляць усіх з лагера. А то завядуць спрэчку, хто лепшы: камендант лагера штандарт-фюрэр Гоппэ ці начальнік лагера гаўптштурмфюрэр Майер. I тут хто-небудзь з такім жа ўздымам пачне выхваляцца, як яму ў абед удалося злавіць у супе аж чатыры бульбіны. Праз некалькі хвілін робіцца сумна і я ўжо не магу слухаць гэтага самаашуканства. Але ж і не станеш псаваць людзям настрою! Уцякаю ад іх, упарта цвярджу сабе ў душы:
«Не тое, не тое!.. Эх, чорт!»
У Штутгофе поўна было і бывалых людзей. Мы спалі побач з механікам савецкага танкера «Донбасс», з палярнікамі. Яны — хоць і пакалечаныя, аслабленыя, аднак вінтоўкі не аддалі б, калі б канваір загінуў. З лагера такіх нікуды не выпускалі. Часамі пасля адбою мы з Валодзькам забіраліся да іх пад дзяругі і слухалі, пераймалі вопыт, як схаваць след, абдурыць сабак, як абыходзіцца без компаса...
3
Едзем у таварным вагоне. Валодзька ля акна вартуе, я сачу за яго тварам. Нам ніхто не перашкаджае. Арыштанты валяюцца на падлозе вакол буржуйкі, а вахманы сядзяць на скрынях і грэюцца вакол другой.
Вахманаў забаўляе Люкембах, капо «аўзэнкомандо» — порсткі, тоўсты немец з лысінай і стальнымі пярэднімі зубамі. У Штутгоф ён трапіў за бандытызм, таму носіць зялёны вінкель. Якраз апавядае пра свае прыгоды. Паходзіць ён з Гамбурга, канчаткі слоў глытае, і зразумець яго гаворку не проста.
...Ноччу напалі мы на баўэра,— хваліцца.— Сям'ю ўсю выразалі ў пень! Абчысцілі. Ат, барахло падранае. Яшчэ — пару мяшкоў свініны, некалькі пачак старых сігар... Усе пайшлі з хутара. Я апошні закінуў рукзак з саланінай на плечы, каб несці, ды чую — баўэрава дачка, Ліза, яшчэ хрыпіць. А прыгожая, сцерва,— я гэта заўважыў, калі мы толькі ўвайшлі ў дом!.. Адным словам, кідаю мя-шок, перавязваю ёй рану. Нас потым да аднаго пералавілі і — у суд! Усім кат у Кёнігсбергу адсек галовы, а мне за тое, што выратаваў дзеўку,— памілаванне.
Нічога сабе гісторыя!
О-оу-у, дык у цябе баба на свабодзе!
А што думаеш? Прысылае пасылкі!
I нават не злуе?
Бабы ад гэтага больш пакорныя робяцца!
Патрэбная яна мне недарэзаная, з крывой шыяй. Пачкі прымаю. Не дурань.
[41] — Хадзі! (ням.)
[42] — Што-о? Яшчэ адзін рускі? (ням.)