Ладна. Толькі каб «блёкэльтэстэ» Цымерман не ведаў, што адпускаю!
Амністыя датычыць і астатніх. Зашпільваю нагавіцы, штрафнікі глядзяць на мяне, як на дабрадзея, а мяне разбірае на іх злосць. Хутчэй да газеты!
Праз пару мінут звякаюць бітоны — прынеслі баланду.
7
Толькі справіліся мы з «вячэрай», а нас ужо пруць на праверку, а тады на нары. Адбой.
Змардаваныя, згаладнелыя, стэрарызаваныя людзі паводзяць сябе па-рознаму. Адны паціху моляцца. Іншыя крадком жуюць суха-ры з пасылкі. Яшчэ іншыя шэпчуцца. А хто — адразу правальваецца ў цяжкі сон.
Нары трохпавярховыя. Унізе ляжыць Клопачэк, над ім — Валодзька, яшчэ вышэй — я. Ля маіх ног з'яўляоцца цёмна-русая галава памочніка капо з хлебнай каманды — Рыхарда Шульмана.
Алекс, бяры брата, пайшлі!
Пасля адбою расхаджваць могуць толькі эсэсаўцы. Калі ўбачаць рух у блоку праз акно, вахманы з вышак страляюць па шыбах без папярэджання.
Прытрымліваючы на жываце рваныя кальсоны, мы старанна прыгінаемся і крадзёмся за Рыхардам. «Стары нумар» Шульман быў сакратаром камсамольскай ячэйкі ў Інстэнбургу і трапіў у лагер яшчэ ў 19З5 годзе.
У Штутгофе нямецкіх камсамольцаў і камуністаў шмат. Некато-рыя з іх даўно памянялі свае чырвоныя вінкелі на зялёныя, а пры сустрэчы выкідваюць рукі і вітаюцца клічам: «Гайль Гітлер!» Іншыя панура лазяць, як цені, падазрона азіраюцца і ні з кім не гавораць. Але ёсць і нязломныя, бы Рыхард. Гэтаму стройнаму і дзейнаму прыгажуну, які бытта жывым сышоў са старонак раманаў Дзюма, мы нечым спадабаліся, ён трымае над намі апеку.
Залазьце! — загадвае паціху немец ды паказвае на пустыя нары ў сярэдзіне блока, дзе спяць толькі «старыя нумары» — старасты груп ды майстры ад «цёплай» работы: кухары, падмятайлы, пісары...
У насцярожанай цішы мы з братам ныраем пад адну коўдру. Ужо каторую ноч арыштанты-арыстакраты запрашаюць нас да сябе, каб паслухаць пра партызан.
I я працягваю прарваную ў мінулую ноч казку:
...Што ў Беларусі, ля Мінска!.. Нават ля самай Прусіі, паміж Беластокам і Гродна, лясы перакапаны супрацьтанкавымі равамі, утыканы дотамі, зрытыя тунелямі! Фашысты абложаць іх з усіх бакоў, партызаны пройдуць пад зямлёй тунелем і апынаюцца ў тыле!.. А раняць каго ці захварэе запаленнем лёгкіх каторы — не бяда! Адразу з Масквы прылятае санітарны самалёт і забірае!..
Чуваць, як ад захаплення арыштанты варушацца. Лагерны пісар Цукерман, падкладваючы Валодзьку на хлеб рыбнай кансервы, дзівіцца:
А з чаго робяць яны бетон у лесе для дотаў? Самалётамі жа яго не навозіш!
Гэ, мэнш! — тлумачу нездагадліваму «шрайбэру».— Едзе нямецкі эшалон з цэментам на Усход, напрыклад, пад Бранск, партызаны яго запыняюць! Заладуюць фурманкі папяровымі мяшкамі і пруць іх у гушчэр!..
Нашым цэментам будуюць сабе бункеры! — дзівіцца нехта ў цемры.
Праклятыя жандары, мабыць, носа ў лес не сунуць! — злараднічае Рыхард.
Хіба яны дурні? На краю лесу аж трымкаціць ад шыльдаў з надпісамі: «Міны!», «Партызанскае царства!», «Фашыстам, прадажні-кам і шалёным сабакам уваход забаронены!», «Паспрабуй, фашыст, сунь свой нос у лес, сунь — што ты заўтра сунуць будзеш?!.»
Легкаверныя слухачы зноў варочаюцца, скрыпяць нарамі, а мне першы раз так агідна перад самім сабой, перад Валодзькам. Я адчуў, што болей набіваць сабе такім чынам цану, гэтак хлусіць ужо, мабыць, не змагу. Хопіць, хай пацяшае іх хто іншы.
1
Арыштанты сёння на работу не ідуць — нядзеля.
Канчалася восень. Прабірае да касцей холад, але мы тоўпімся на двары, жмурым вочы на ледзяное сонца, што вісіць над лесам. Вось яно схаваецца за сосны, і сцямнее. Тады зноў — трывожны сон на скрыпучых нарах пад разлезлай дзяругай у халодным бараку. А потым? Зноў цэлы тыдзень мясі клюмпамі гразь, лаўчы, хавай спіну ад капо, вахманаў, прыкідвайся дурнем, глухім ды сляпым. Колькі гэта можна цягнуць?..
Натоўп вязняў лазіць без мэты каля баракаў. Людзі насцярожана маўчаць, чагосьці напружана чакаюць. У гушчы худых і паласатых ценей гэтаксама блукаем, трывожна маўчым ды з надзеяй нечага чакаем і мы з Валодзькам.
Так праходзіць цягучая гадзіна, другая, трэцяя... Пасля абеду дзяжурны эсэсман крычыць з прапускной будкі:
Лагерны пісар, на выхад!
Лагерны пісар, на выхад! — паслужліва перадаюць з вуснаў у вусны арыштанты, і загад ляціць з блока ў блок.
...пісар, на выхад!