Калі ты — малады, і здаровы, і поўны сілы, але ўжо думаеш, што ясі апошні кавалак хлеба ў сваім жыцці, то адчуваеш у ім тысячу адценняў і табе будзе здавацца, што нічога смачнейшага яшчэ ніколі не еў. На хмары ў такі момант разгледзіш найдрабнейшыя завіточкі. А інтэнсіўнасць твайго ўспрыняцця ў такую хвіліну прыспешыцца ў тысячу разоў. Таму нават гэтыя легкадумныя словы, пакладзеныя на меладычныя галасы, цяпер нас ачароўваюць. Знікла паныласць, ужо ўсе забыліся, хто мы, куды ідзём — усе ў палоне гарманічнай мелодыі і рытму. Паслухаць зводдаль і можна падумаць, што спяваюць не людскія здані, хадзячы матэрыял для крэматорных печаў, а — шматгалосы зладжаны хор студэнтаў.
Назва нашага лагера паходзіць ад невялічкага мястэчка Штутгофа (што бытта бы на прускай мове некалі азначала «Лес багоў»). Узыходзім на асфальтаваную вуліцу Штутгофа. Песня скончылася. Яе нам як бы шкада, але ж нічога не параіш, і мы толькі мацней, чым трэба, выбіваем нагамі яе рытм:
Грым-грым! Грым-грым!
Грым-грым! Грым-грым!
Noch ein mal «Drüben»[30] — загадвае Мэркер.
Цяпер я чую свой голас, адбіты рэхам ад мураваных будынкаў, а краем вока лаўлю за фіранкамі акон насцярожаныя позіркі жанчын і выводжу ўжо для іх:
Drüben In Oberland ei da ist es wunderschön!
Drüben In Oberland ei da ist es wunderschön!
За мураванкамі направа ў лес вядзе брукаваная дарога — з каменнямі, адшліфаванымі да бляску арыштанцкімі клюмпамі. Там сярод дрэў тырчыць бяскрыўдная шыльдачка з надпісам: Waldlager[31] Адгэтуль нявінныя выносныя сосны з гладкімі вашчонымі стваламі засланяюць будынак крэматорыя. Людзі, якія ездзяць па асфальце Данцыг — Эльбінг, нават не здагадваюцца, што за лагер перад імі за лесам справа і што за комін над соснамі курыць тлустым і чорным дымам, інакш яны напэўна аб'язджалі б Штутгоф здалёк!
Збочваем на брук.
Насустрач нам — эсэсаўскі чын з чырвонай апаскай дзяжурнага на рукаве. Высокі, паджары, з халоднымі вачыма. Замест гальштука ў афіцэра блішчыць чорнай эмаллю з белымі абадкамі рыцарскі крыж. Хвіліну мы насцярожана маўчым. Халера цябе ведае, з якім настроем ты. Учора нас гадзіны дзве муштраваў па лесе — нават на вячэру спазніліся...
Mützen ab![32] — віскнуў обер-капо.
Сто дваццаць кепак адначасна ляснулі па сцёгнах — аж па лесе пракацілася кароткае рэха.
Афіцэр спыняецца, дае дарогу. З усяе сілы грукаем клюмпамі, ямо немца вачыма, трымаючы кепкі прыціснутымі да правага сцягна, але дзяжурны бытта нас і не бачыць. Афіцэр стаіць сабе на жвіровай дарожцы і выкалупвае з рукава смяцінку. Гэтак тырчыць, заклапочаны, пакуль не пракацілі і возік.
Пранясло! Страху наеўся і Мэркер, ён ужо з нехаванай палёгкай кідае:
Mützen auf![33]
Мы ахвотна выконваем яго каманду.
За першымі соснамі з правага боку раптам узнікае не палац, а — цуд. У яго стралістым даху — колеру спелай маліны, у бялюткіх сценах і венецыянскіх вокнах я кожны раз знаходжу штосьці новае. Ён да таго прыгожы, што здаецца сном,— я нават не бяруся яго апісваць.
Вакол будынка-казкі, бытта ў цёплую пару, зеляніць сабе сака-вітая траўка — роўная, сцяблінка ў сцяблінку. Перад фасадам у басейне велічна плывуць два чорныя лебедзі, пакідаючы за сабой стралістыя разводы. Паміж басейнам і будынкам на флагштоку — чырвонае палотнішча, а ў белым коле — чорны павук Hackenkreuz-a[34]
Beenden «Drüben»![35]
Распаленыя рытмам і мелодыяй песні, падбадзёраныя маўчаннем дзяжурнага афіцэра-фарсуна, у прадчуванні адпачынку цяпер мы спяваем палацу:
Da ist die Jä-egerei, hei li, hej lo!..!..
Но-о! Но-о! Но-о!..—- гудуць басы.
Da ist die Schiessen frie, hei li, hei lо-о-о!..
Айнс, цвай!
Стараемся не дарэмна.
На верандзе з'явіліся дзве дзіцячыя галоўкі — нявінныя, як анёлкі. Выглянула прыгожая маладзіца — жонка каменданта лагера Гоппэ. Усе трое глядзяць на нас з цікавасцю і слухаюць. Нехта з арыштантаў мне казаў, што Гоппэ — не Майер. Гэты надта любіць сваю сям'ю і не можа жыць без яе. З-за дзяцей і жонкі на трунах і касцях лепшых будаўнікоў ды архітэктараў Еўропы ён пабудаваў гэты палац і толькі тады перавёз да сябе сям'ю.
Мабыць, праўда, камендант — не начальнік лагера. Што ж, і сярод змеяў здараюцца верныя адзін аднаму самцы і самкі.
5
Каманду «Гопэгіль» нядаўна перавялі жыць у новы лагер, ён размешчаны крыху далей.
[30] — Яшчэ раз «Drüben»! (ням.)
[31] Лясны лагер (ням.).
[32] - Шапкі зняць! (ням.)
[33] — Шапкі надзець! (ням.)
[34] Свастыка (ням.)
[35] — Скончыць песню