Сёння камандуе вартай маўклівы і пуцалаваты унтэр-афіцэр. Як толькі знікае Макс, унтэр адразу крочыць да канала, хаваецца за кусты ды пачынае пуляць каменьчыкі ў ваду і, мабыць, думае пра тое, як пасля службы адправіцца да сваёй салдаткі.
Адразу знікае ў цёплым цэху і обер-капо.
У карпусах таксама не драмалі: даведаўшыся, што начальства няма, механікі пусцілі машыны на халасты ход — лаві момант, адпачывай, братва!
Арыштантаў бытта падмянілі.
За жылым баракам грузіць на параход цэглу мой брат, Валодзь-ка. Яго сябры ўжо мяняюць хлеб на тытунь. Згаворваюцца красці ў Макса цукровыя буракі. Дзеляцца навінамі:
Учора я здо-орава пажывіўся! Нарвежцы адмовіліся ад баланды!.. Сходзім у іхнія баракі!
А што ім! Ежу атрымліваюць праз Чырвоны Крыж з дому, багатыя!
У трыццаць дзевяты блок прывезлі нямецкіх матросаў. За нейкі бунт, чулі?!.
А як жа!
Разва-альваецца Германія!
Па швах разлазіцца! Так і чакай вызвалення!
Цяпер ужо ху-утка!
Зімаваць будзем дома!..
А што думаеш?!.
За галоўным корпусам я накідваю гліну ў ваганеткі. Валодзька вырашыў падацца сюды. I хоць бачыліся мы ўсяго гадзіну таму назад, спраў у брата няма, але яму хочацца да мяне з азартнага жадання пасмакаваць волі, рабіць фашыстам усё насуперак. Ён насцярожана азіраецца.
За лазой усё так жа вяла пускае кругі і марыць пра салдатку пуцалаваты унтэр. Ля гурбаў сухіх бадылёў, абняўшы аўтаматы, сумуюць эсэсаўцы. Макс падыходзіць да мяжы, нагінаецца над бліжэйшай гурбай і нешта там мастакуе.
Я зараз! — кажа Валодзька напарніку і, нагінаючыся, бяжыць ад прычала.
Яму страшна і весела.
Дарогу брату перасякаюць рэйкі. Каманда «Тонбэрг» піхае па эстакадзе ваганеткі з палівам для печаў. Чорны ад вугольнага пылу, курносы хлапец адстае ад ваганеткі. У Штутгофе ён усяго тыдзень, трапіў да нас за ўцёкі з лагера палонных. Калі пасля работы курносы надзявае паласатую куртку, то на яго плячах і грудзях красуецца мішэнь — чырвонае кола з чорнай плямай у цэнтры.
Валодзька знаёміцца з людзьмі хутка і ведае, што новенькага завуць Мікалаем. Усхваляваны хлапец штосьці крычыць майму брату, але з-за гулу машын нічога не разабраць.
Мікалай паказвае ў поле. Брат зыркае туды.
З гурбы бадылёў ляніва валіць густы белы дым. Ага, Макс пускае дымавую заслону! Але хіба ж эсэсаўцы стаяць для парады?
Брат паціскае плячыма, спяшыць далей.
Летам два арыштанты залезлі ў камендантаў басейн, высунулі з вады насы, а сябры прыкрылі іх блюшчам. Трэці папрасіў засыпаць яго пяском, пакінуць адно дзірку для паветра. Яны намерваліся ўвечары, калі здымуць ланцугі варты, вылезці са сховішча і ўцячы. Праз дзесяць хвілін пасля трывогі сабакі з «гундбатальёна» вывалаклі ўсіх траіх і разарвалі на кавалкі!
2
Валодзька да мяне дабегчы не паспявае. Чуе — за ім нешта здарылася! Кідаецца назад і абмірае ад жаху.
Збітая ў тлум каманда «Тонбэрг». Перавернутая ваганетка. Рассыпаны вугаль. Курчыцца ад болю Мікалай. Замест правай ступні ў яго — жудасны абрубак. На фоне антрацыту кантрастна выдзяля-юцца белізна аголеных касцей і малінавая гушча крыві. Апошні раз пшыхае вызваленая з катлоў пара, спыняюцца машыны. У цішы, якая раптоўна настае, чуваць цяжкае дыханне пакалечанага, паспешліва і ўстрывожана тупаюць ногі.
Чым яго?
Лёра сарвалася з лапцуга!
Кабель перагарэў!