Жарнула з маху, і нагі няма!
То дзіва — з такой вышыні!..
Ха-алера!..
Праз вугальны пыл відаць, як пашарэў твар няшчаснага. У вільготных вачах — пакута і бяссільная роспач. Хлапец ведае, што яго чакае, аднак не стогне, не скардзіцца, нікога не кліча.
Тут свае законы. За дапамогу і спачуванне пераламаюць нагу і табе. Каб быў паблізу Макс або які-небудзь эсэсавец, баяліся б нават падысці да месца выпадку. Цяпер жа дзве пары рук падхопліваюць Мікалая, адвалакваюць пад дом, кладуць на ўтрамбаваную зямлю, падсоўваюць пад галаву сумку.
Над месцам, дзе яго паклалі, з лёскатам адчыняецца акно. У раме з'яўляецца рыжая худая маладзіца ў сінім халаціку, спалохана глядзіць уніз.
Езус Хрыстус! — ускрыквае толькі яна і адразу знікае.
Праз пару секунд маладзіца паяўляецца ўжо ў дзвярах з цэлым бярэмам ваты і бінтоў. Гэта жонка начальніка лагера смерці, гаўпт-штурмфюрэра[20] войск СС, Траўгута Майера! Арыштанты бачаць, што яна хоча рабіць, і не вераць сваім вачам. Людзі нерашуча расступа-юцца, даюць немцы праход.
Жанчына падлятае да няшчаснага, падае па калені, выпускае пакецікі ды істэрычна вішчыць:
Kommen zu Hife, nun![21]
Валодзька тлумачыць і абураецца:
Чаго стаім? Будзем гэтак чакаць, пакуль чалавек крывёю сыдзе?!.
Усе кідаюцца да Мікалая. Цяпер вакол яго столькі людзей, што брату не падступіцца. Ён вымушаны заглядаць цераз галовы.
Нехта Мікалаю закасвае падраную калашыну. Чэх Клопачэк паднімае пакалечаную нагу, настаўляе жанчыне, і відаць, як з абрубка рытмічна пульсіруе бліскучы чырвоны струменьчык. Немка жахліва баіцца раны, бесталкова рве пакеты ды кладзе белыя падушкі на крывавае месца. Вата адразу набрыняла.
Трэба найсамперш затаймаваць кроў! — раяць вакол.
Пераціснуць жылы!
Жгутом, жгутом!.. Вазьмі мой рамень!
Чэх на ляту ловіць пажок, абматвае ім кульцю, напінаецца, аднак вынік той самы.
Што ты, Клопачэк?.. Не ўмееш — не бярыся!— гыркаюць на яго.
Я сэ ці-існэ!.. Фраў, біттэ, бандажуй!..
Майн Хрыст! Ёзус Марыя! — з адчайным плачам цвердзіць жанчына ды паверх ваты паспешліва наматвае бінт.
Прылятае задыханы Макс.
Was ist los?[22]
Стары зыркае праз плечы арыштантаў, пазнае кабету, давіцца на паўслове і нядобра абводзіць усіх вачыма.
З'яўлябцца унтэр-афіцэр, за ім і обер-капо, але бачаць жонку Майера, разгублена маўчаць таксама.
Цяпер арыштанты ўжо смялей сочаць за кожным рухам немкі, выразам твару выказваюць ёй спачуванне. Бедны Мікалай стараецца не варушыцца. У жанчыны — перапэцканыя ў кроў рукі, халат, нават — нос, а плечы пупырацца гусінай скурай. Паміж арыштантамі, ахвярай выпадку і немкай устанаўліваецца душэўны кантакт. З адценкам удзячнага спачування Мікалай ёй стогне:
Кальт, фраў Майер!
Карашё-о, карашё-о!..— ляпае па брудным абвялым калене палоннага немка.
Дагэтуль у Валодзькі была нейкая адчужанасць да ўсіх рыжых. Ён са здзіўленнем бачыць перад сабой добрую і простую кабеціну, яе валасы ўжо здаюцца брату залатымі.
Жанчына наматвае цэлую гару ваты і бінтоў, аднак кроў выступае праз марлю ўсё роўна.
[20] Гаўптштурмфюрэр — афіцэрскі чын у войсках СС, раўняецца пяхотнаму капітану.
[21] Ідзіце дапамагаць! (ням.)
[22] — Што здарылася? (ням.)