Пад полудзень, павыходзіўшы з кустоўя, дзеці памчаліся да ракі, да яміны, забялеліся голымі целамі, забухалі з разгону ў ваду, загалёкалі, узбіваючы пырскі. Нацешыўшыся, пачалі лазіць па норах i лавіць рыбу. Хоць яны i паразганялі яе па ўсім Шубіне, але таму-сяму ўдавалася i тое-сёе абмацаць i выцягнуць.
Пасля полудня, калі спёка пайшла на спад, дзеці на чале з дзедам Вінцуком паехалі ў Янкавіны, мужчыны паспалі крыху ў буданах, а пад вечар, пад расу, Шубін зазвінеў ад кос i брускоў, пачаў пакрысе ўкладвацца ў пракосы.
Разахвоціўшыся, п'янеючы ад радасці, касілі позна, пакуль бачылі вочы.
5.
Назаўтра, з раніцы, мляўка ныла паясніца, горача гарэлі ад мазалёў далоні. Янка ішоў услед за бацькам па грудку, рэзаў не зусім высокі тут мурог, сярод якога было нямала казянюхі — сіўцу (без расы яго не выкасіш), i здзіўляўся, бацька нібы i не адчувае ўчарашняй стомы, не спешна, але i не марудна шахкае ды шахкае касою, брые, лічы, да самай чорнай зямлі, насоўвае ладны пракос, пакідаючы за сабою два шнуркі ўтаптаных слядоў.
Пасля, калі ўцягнуўся, боль, стома зніклі, а замест ix пачала налівацца ў целе бадзёрасць i ахвота. Па меры таго як падымалася i прыпякала сонца, сыходзілі бліжэй да кустоў, у день, a ўслед за імі ляцелi i камары, плоймаю вісячы i звонячы над галавою — каб яны вельмі не лезлі сляпіцаю, бацька i Янка яшчэ ўчора паабдымлівалі, абкурылі адзетак, а сёння выкачалі шапкі i фрэнчы ў попеле.
Калі бацька абцёр травою касу i махнуў яму рукою («Усё, кідаем»), Янка паслухаў, пакінуў каля будана касу, а сам шпарка падаўся да ракі. Праўда, калі падыходзіў да шырокай ціхай яміны, дзе яны звычайна купаюцца, дык аж разгубіўся: на ўтаптаным беразе, угнуўшы галаву між калень, сядзеў сусед, Віця Гарбацэвіч. Азірнуўся i таксама сумеўся: пасля таго як узяў замуж Зосю, яны намагаліся не сустракацца адзін з адным. Цяпер во гэты Віця — у белай кашулі i белых нагавіцах, ca спацелымі i злямчанымі валасамі — белы, зняможаны, хоць ты кладзі яго ў дамавіну. Дагэтуль, відаць, пазіраў на плыткую ваду. Янка па сабе ведаў: часамі вада вельмі вабіць, ёсць вялікая патрэба нейкага яднання з ёю.
— Здароў,— буркнуў яму Янка.
Той хутка адказаў, сарамліва зазыркаў, як Янка спачатку развязваў аборкі, скінуў лапці, а пасля пачаў разгортваць мокрыя зверху, а спадыспаду даволі сухія анучы, распранацца. Здаецца, з зайздрасцю пазіраў, наколькі Янка вышэйшы, больш шырокі ў плячах, з болей дужымі рукамі.
Янка ж, стараючыся не пазіраць на хірлявага суседа-суперніка, распрануўся і, не разганяючыся, нырцануў у яміну, адчуваючы, як нямее душа, апальваецца цела ад халоднай вады. Неўзабаве, калі паплыў, рака мігам пачала забіраць стому, даваць сваю сілу. Як выплыў на цёплую паверхню, зірнуў на бераг: Віця, так i не асмеліушыся залезці ў ваду, асвяжыцца, падабраўшы анучы i лапці, стомлена пасунуўся да свайго будана. Адчуўшы волю, Янка заплаваў рыбінаю, цешачыся ўжо зусім не халоднаю, а цёплаю вадою.
Наплаваўшыся, ён, як i кожны, хто лезе ў ваду, тоячыся, пачаў за ямінаю, у карэннях алешын, у куп'і ды ў норах мацаць спажыву. I, пераадольваючы страх ткнуць палец у рот вадзяному пацуку, неўзабаве выцягнуў ладнага ментуза, за ім — рака i яшчэ парачку невялікіх мянькоў. Вось вячэра, лічы, будзе i гатовая. Некаторыя, надта Чорныя, тут, можна сказаць, толькі з рэчкі i жывуць.
...Накасіўшыся да прыемнай стомы пасля полудня, падсілкаваўшыся, Янка ў гэты вечар доўга не мог заснуць. Ляжаў з заплюшчанымі вачыма i, здаецца, усё яшчэ бачыў густую зялёную траву, зямлю з белай пакошаю, альбо хапатлівую зялёную лягушку з доўгімі заднімі нагамі, то вёрткую яшчарыцу ці змейку — усё, да чаго за дзень прыгледжваліся вочы.
Пасля адагнаў сон адзінокі i далёкі, можа, з ніўнянскага альбо хатаўскога сенакоса, гармонік.
— На ўцеху яшчэ некага цягне! — здзіўлена абзыўнуўся бацька, захутаўся ў кажух i неўзабаве стомлена i мірна захроп.
Янка слухаў гэты нечаканы тут, у пушчы, уночы, гук (звычайна на Шубіне іграюць, спяваюць, танцуюць пазней, калі прыязджаюць грэбці сена маладыя кабеты i дзяўчаты), i думаў яшчэ, што гэты незнаёмы гарманіст не весяліцца, а сумуе. Можа, i па дзяўчыне альбо па маладой жонцы. Пасля гэты спеў пачалі перабіваць драчы — суха i дзярката,— а хутка заціх i гармонік. Можа, гарманіста пагналі спаць.
Лежачы тут, у пушчанскім будане, неяк само па сабе Янку падумалася: які ўсё ж вялікі гэты Шубін, гэты свет i які чалавек усё ж адзінокі, слабы, а сусед яго, Віця, зусім бездапаможны. Як тая ж лягушка, якую ён сёння не хочучы падрэзаў.
Ды што шкадаваць гэтага Віцю? Ён жа не меў душы, разбіў яго, Янкава, i Зосіна каханне, улез, захапіў Зосю i бязлітасна абрабаваў. Украў самае дарагое i мілае. Праўда, схапіў, але не можа ўтрымаць як след, бо не змог дабіцца таго, каб Зося пакахала яго.
У чацвер, як толькі бацька прыснуў, Янка ціха, зладзеявата выпаўз з будана, узброіўся кіем i вымкнуўся з Шубіна.
Па лузе, цёмным, ухутаным тумановымі воблакамі, узбоч людскіх буданоў, намагаўся не тупаць, ісці ціха. У Кляцішчах добра прыдаўся кій — адагнаць ад сябе гурт спушчаных на ноч сабак, якія прычапіліся да яго i праводзілі аж за вёску. У лесе бег, лічы, навобмацак: гусцелася такая цямнеча, што хоць ты на воўка ўзбіся.
Hi ваўкоў, ні мядзведзя альбо лася сустрэць не баяўся: па-першае, ix цяпер паразганялі, яны баяцца людзей, а па-другое, проста не меў страху. Калі чаго i асцерагаўся, дык гэта каб не заблудзіць, не пагайсаць убок — на Церабейную, на Пруды ці на Івянец. Калі ўжо ў старым лесе, пахкім ад нагрэтай удзень смалы, ад першых суніц, натыкаўся на дарогі-крыжаванкі, то i не ведаў, куды паварочваць, наўзгад трымаўся правай рукі.
Пасля пачаў адчуваць няяснае далёкае святло — здаецца, ад няблізкага полымя. Значыць, добра. Ішоў не ў гушчэчу, а да вёскі.
Праз паўгадзіны адчуў, што лес не бязлюдны. Праўда, не ён напужаў Янку, а Янка нагнаў пуду на некага ў ім: ужо ў спалахлівым святле перад вільготнаю лагчынаю i алешнікам нечакана хтосьці, учуўшы яго тупат, завішчэў i, натыкаючыся на кустоўе, падаючы, панёсся на поле. Здаецца, маладыя дзяўчаткі. Значыць, млеючы ад страху, яны забрылі цяпер, на купалле, у лес, каб натрапіць, знайсці цуды i дзівосы, папараць-кветку, што, як кажуць, зацвітае апоўначы i прыносіць вялікае шчасце таму, хто яе знойдзе.
Аддыхваючыся i выходзячы з сырой лугавіны, Янка ўбачыў: aгa, купальнічаюць. Вунь воддаль, каля рэчачкі высока шугае полымя, вакол яго таўкуцца людзі, здаецца, найбольш дзятва; ад агню асвечаны ўвесь гэты (дзякуй богу, сапраўдны налібацкі) край — новы калодзежны журавель, старый ліпы абапал вуліцы, накрытыя дранкаю хаты. Бачыш, сталейшыя на вайне ці на сенакосе, дык шуткуюць падшывальцы, не зводзяць любімыя людам завядзёнкі. Бачыш, i яны, жэўжыкі, вераць у ноч цудаў, у чароўную папараць-кветку.
Што ж, верыць — добра. Напраўду, чым не цудоўная сёння ноч?! Вунь як кліча, маніць яго ўдалеч! Чым не чароўная будзе сустрэча з Зосяю?! Іхняе каханне— можа, i ёсць тая папараць-кветка? А можа, што-небудзь i большае?!
Ды Янка не стаў прыглядацца да тутэйшых гуляў, мінуў у скупым святле Налібакі, зноў пабег лесам, спатыкаючыся на карэннях i выбоінах. Перад янкавіцкім полем запаволіў крок — ад бегу ўжо не сохла, a пякло ў горле ды пад грудзямі.
Учуўшы яго, абзыўнуліся сабакі. Вунь уцешліва гаўкнуў іхні Гуз i захліпіста зазвягаў суседаў.
Янкавіны патанулі ў цемры. Звыклыя да ночы вочы толькі ледзь-ледзь угледжвалі знаёмыя абрысы — карчму, сядзібы, ліпы i бярозы, хоць найбольш за ўсё Янка абмацваў позіркам Гарбацэвічаву гаспадарку. Аж пачаў разгублівацца: там ужо заліваецца брэхам суседаў гарлач, што, ненавісны, не пусціць не толькі прабрацца ў гародчык i шкрабнуць па шкле ў тым пакоі, дзе спіць Зося, але не дасць запыніцца паблізу хаты. Увесь вясковы край падыме на ногі — i на двор з Гарбацэвічавай хаты, канечне ж, выйдзе, старэйшая, Вікця. А да яе не падыдзеш i не скажаш: проша, паклічце да мяне вашу нявестку!
Янка затаіўся за знаёмым, ужо адцвілым, але яшчэ з адмысловым пахам, бэзавым кустом, утаймоўваючы злосць на сабаку i раптоўна нахлынутае хваляванне. Аж уздрыгнуў: бразнулі дзверцы ў Гарбацэвічавых сенцах i з ix мільганулася постаць. Праўда, за брамку не выйшла, таксама затаілася.
— Ест тут хто? — неўзабаве пачуўся Вікцін голас. Не дачакаўшыся адказу, гаспадыня (увогуле добрая кабета, а цяпер прыкрая яму) пастаяла крыху i вярнулася ў хату.
Янка нявесела таксама паклыпаў — не ў вёску, да роднай хаты, а назад, аж да Могліц. Збочыў i сеў на адным з камянёў, якіх тут ляжала нямала i якія цьмяна шарэліся, як белыя авечкі. Суседаў гарлач буркнуў раз-другі i заціх. Але пасля, як толькi Янка падымаўся, ступаў раз-другі — той зноў звягаў; калі вяртаўся, садзіўся на камень — замаўкаў.