— От так сабе, як i ва ўсіх...— пачаў ухіляцца ад такой гаманы Нямкевіч.
— Не кажы, Ясь. Не як ва ўсіх,— уздыхнуў Гарбацэвіч.— Не як у мяне. У мяне гэтулькі многа бабку, рагозу i плюшчаю. Kaci ці не касі — ix ні карова, ні конь надта не ядуць. Ды мы i самі, i памагатары Чорныя хіба так вылізалі, гэтулькі наклалі ў копы?! На тваё люба зірнуць, a ў мяне... Аж брыдка, далібог.
— Калі наша гаспадарская хватка даспадобы, дык давай нарэшце будзем ужо саюзіцца...— усміхнуўся Нямкевіч, падміргнуўшы Янку.— Твая зямля, лес i луг, а нашы гаспадарскія рукі.
— A хіба я проціў? — адказаў Гарбацэвіч.— Я даўно ўжо казаў: за твайго сына не грэх i дачку аддаць, i гаспадарку.
Янка адышоўся. Да рэчкі. Каб памыцца i каб не слухаць пра сябе i нялюбую яму Анельку.
...Пад полудзень амаль ужо скошаны, напалову згрэблены i ў копах луг мігам напоўніўся гоманам, смехам: прыехалі на падмогу мужчынам кабеты i дзеці з усіх навакольных вёсак.
Да Нямкевічаў прыбылі Кастуся i Ясік. Пакуль бацька распрагаў каня, узбуджаная Кастуся пахвалілася ім:
— Яек, сыру, млека салодкага i кіслага прывезлі вам. I маладой картофлі. Драбнаватая яшчэ, мелкая, але есці можна.
— Добра,—усцешыўся бацька,—Калі пайшла ўжо скараспелка, значыць, перамаглі голад. Будзем жыць.
Янка, слухаючы, прыглядаўся да фурманак, што ехалі i ехалі каля ix па намошчанай дарозе: дзе ж Гарбацэвічы-суседкі? Хто ад ix прыехаў?
Вось вымкнулася з-за павароту іхняя Сівая з вільготнымі цёмнымі плямінамі, з пенаю на мызе. Кіруе Вікця, а ззаду, як i маці, у белай касынцы, босая, сядзела Анелька.
Калі яны параўняліся i павіталіся, Янка кіўнуў ім у адказ (Анелька запунсавелася, апусціла вочы), адышоўся за будан i ўсміхнуўся сам сабе. Можа, якраз i добра, што Зося не прыехала сюды, а засталася дома. Яна ж цяпер будзе ў хаце адна з сынам. Значыць, ужо не трэба будзе асцерагацца сабачага брэху, хай звягае, хоць лопне,— усё роўна можна будзе смела ўвайсці ў Гарбацэвічаў двор i смела пастукаць у чужыя жаданыя дзверы... Што там бяссонная ноч, нейкіх трыццаць з гакам вёрст, калі за ўсё гэта чакае, можа, на гэты раз сапраўды удалая i шчаслівая ўзнагарода...
7.
Пасля полудня з наваградскага боку прыскакала аддзяленне казакоў на чале з паджылым харунжым. Гэты харунжы спачатку патрос Чорных — тыя прыкінуліся авечкамі, кляліся, на калені станавіліся, што «панскага дабра нават пальцамі не зачапілі». Бажыліся i астатнія янкавінцы, што нічога не бачылі i не чулі.
«Дык хто — бог пакасіў, патаптаў панскі луг? — крычаў харунжы.— Не! Вы, мужыччо, улезлі! Але я дам вам рэвалюцыю!»
Ніхто не ведаў, што будзе значыць «я дам вам!»,— харунжы патрусіў, паляскаў перад іхнім носам нагайкаю i ад янкавінскай грамады зняволіў Пятра i Міхайлу Чорных — тых, хто пагражаў раніцай лесніку. Зняволілі некаторых мужчын i ад іншых вёсак, пагналі ix не то ў Шчорсы, не то ў Буду.
Міхайлава i Пятрова жонкі раўлі роўма, але нічога сваім плачам не паспрыялі мужам. Але ix, кабет, у бядзе не пакінулі. Гуртам памаглі ім сенаваць, паставіць копы.
Як бывае заўсёды за кожны сенакос, сёлета здарыліся за гэты час i іншыя прыгоды: на дзядзьку з Дзераўной напаў у лесе i прыдушыў ледзь не да смерці мядзведзь, ніўнянскага хлопчыка ўкусіла змяя, знік, як скрозь зямлю праваліўся, ляснік-вартаўнік Цімох (яго, як потым уведалі, хтосьці ўночы накрыў кажухом, завёў у пушчу, завязаў яму вочы i заткнуў рот, а потым прывязаў разведзеныя ў бакі рукі да жардзіны i пусціў у свет. Кажуць, панскі служака некалькі сутак блытаўся па пушчы, пакуль выйшаў на луг, ссівеў i злякаўся), прудскага мужчыну залавілі з налібацкай кабетаю, на Пятра, калі не сенавалі, адпачывалі i гуртам лавілі рыбу, утапіўся хатаўскі хлопец, a ў далёкіх Янкавінах, як бачыла Янкава маці, хтосьці вымазаў Гарбацэвічавы вароты глінаю...
Паколькі была ездкая дарога, дык сёлета янкавійцы сена не стагавалі. На трэці дзень пасля Пятра паднеслі да грэблі па чатыры альбо пяць коп, усклалі на калёсы, пакінулі на Шубіне выбраных вартаўнікоў, i ўся вёска абозам рушыла дадому.
Янка застаўся на лузе, каб заўтра прычакаць бацьку з канём, а ён, стары Нямкевіч, з Ясікам i Kaстусяю падаўся ў Янкавіны. Праўда, на возе ён сядзеў толькі з унукам, Кастуся прычапілася да Чорных, да кабет,— i адтуль, як толькі крануліся, панясліся над Шубінам, над пушчаю адна за адной песні, славячы жыцце, каханне, а заадно ўздымаючы душу i цела ад агрубеласці, стомы...
Калі пад'ехалі да кляцішчанскага поля, дык Нямкевіч з трапяткім хваляваннем убачыў: ужо не толькі падскочыла жыта, але i выплывае ў зялёныя каласы (значыць, неўзабаве перастане кукаваць зязюля: «коласам падавілася»), a ў саміх Кляцішчах кусціцца на палосах бульба, у гародчыках пышна зелянеюць цыбуля, кроп, кмен, бухмата жаўцее гарбузовы цвет, а вунь ля нейчай брамкі прыпёрся босы i светлы хлапчук i смачна хрумстае, здаецца, i тут пахкі сонцам, соладдзю агурок. Каля яго высілася старая бяроза, i на ёй кінуўся ў вочы ўжо жоўты ліст на ніжняй лапе (прыйшоў Пятрок — апаў лісток) —значыць, лета ідзе сваім ходам, рыхтуе i яшчэ адну вялікую работу — жніво...
РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
1.
Як убачыў Алесь яшчэ з пapora, у іхнім кабінеце сабраліся службоўцы i абступілі Лашковіча. Той чытаў уголас газету.
Алесь навастрыў вуха: значыць, ёсць новыя звесткі з Петраграда, дзе зноў «крызіс». Ужо трэці. Першы выплеснуў пасля красавіцкай «ноты Милюкова», другі — пасля няўдалага чэрвеньскага наступлення на фронце, што нават па словах самога Часовага ўрада закончылася «катастрофай, вялікімі чалавечымі ахвярамі i зямельнымі стратамі», а вось цяпер, на пачатку ліпеня, калі з Часовага ўрада выйшлі кадэты i калі петраградскі люд вываліў на вуліцы, пачаў бэсціць балбатлівы, але слабы Часовы ўрад i дабівацца ўлады Саветам, скалануў Расію трэці землятрус...
Алесь ведаў: кадэты пакінулі ўрад 2 ліпеня. Нібы з-за ўкраінцаў. У сваёй дэкларацыі да Украінскай Цэнтральнай рады Часовы ўрад абачліва дакляроўваў назначыць орган кіравання Украінай — Генеральны сакратарыят, а кадэты былі супраць. Гаварылі, што іхні выбрык меў i іншую прычыну: яны хацелі, каб без ix, а гэта значыць i без замежнага капіталу, рэвалюцыя пала...
Слухачы азірнуліся на Алеся, павіталі яго кіўком галавы i падспешылі, каб Лашковіч чытаў далей — з петраградскай газеты «Живое слово». Калi той загарнуў яе, паклаў на стол, некаторыя, найбольш запалістыя, аж закіпелі:
— Вось чаму бальшавікі супраць наступлення на фронце!
— Ды ясна: Ленін мае гешэфт з нямецкімі тузамі! Якраз яны прапусцілі яго з кампаніяй у Расію праз сваю мяжу i не праверылі нават багажу! Скажыце мне, мілыя: адкуль такі давер?
— Ды што казаць? Сам бальшавік, хоць i былы, Алексінскі, сведчыць: бальшавіцкія лідэры маюць хаўрус з дужымі свету гэтага ў Германіі! Тыя кормяць i пояць ix!