Як заўсёды, i сёлета бацькі захацелі справіць сёмушныя дзяды, ці, як каторыя ў Янкавінах гаварылі, задушкі.
Да ix як след рыхтаваліся. Кабеты, маці i Кастуся, загадзя прыбралі, вымылі хату, згатавалі маленькі саганчык круп, а самым вечарам ужо спяклі бліноў i на сале падсмажылі яешню.
Янка з нецярплівасцю чакаў, калі яны сёння сядуць за стол, памянуць памерлых родзічаў — каб тыя былі радыя, што ix помняць, шануюць i ў знак падзякі паспрыяюць, каб добра расло i красавала ў іхнім полі. Але цяпер як ніколі здалося яму, што доўга корпаюцца каля печы, у сенцах (i не з мусоваю работаю) маці i Кастуся, чагосьці марудзіць на цёмным ужо двары бацька. Але вось ён нарэшце зайшоў у хату — сагнуты, у салдацкіх падношаных ботах, у галіфэ i чорным суконным фрэнчы, мокры,— выцерся чысцюткім ручніком, што вісеў на вушаку, а пасля падышоў да печы і, прыжмурваючыся, намагаючыся ўбачыць свой твар без акуляраў пры лучынным святле, кавалачкам грэбеня (а ён ляжаў на прымурку) расчасаў патыліцу. Здаецца, аж памаладзеў сёння. Канечне, ад гаспадарскай радасці — як згледзеў яшчэ з раніцы, пачала ўзыходзіць ужо — i кучніста — іхняя бульба-скараспелка. Як i радаваўся, што добра — не згусла, a ў меру рэдка, дужа — расце іхняе жыта.
— Ну што, гаспадынькі,— любоўна загаварыў да жонкі i дачкі,— стаўляйце на стол.
Маці, сёння шустрая, паслухмяна дастала з печы i паставіла на анучку на стале гаршчочак з куццёю — каша наверсе была пакрытая сухою рудой скарынкаю, мляўка i салодка запахла на ўсю хату. Услед за куццёю Кастуся падала вялікую місу халадніку — зваранага шчаўя, прыпраўленага старой яшчэ цыбуляй, зваранымі яйкамі i лыжкай-другой смятаны, гліняную місачку старой бульбы-рэзанкі, той, што засталася ад насенкі.
Селі. Гаспадар, Янка, Ясік, Кастуся. На хвіліну, чакаючы гаспадаравага слова, апусцілася на свой зэдлік i гаспадыня.
— Ну, то дадзім куцці бабе Паліне, бабе Юстыне, дзеду Сцяпану i дзеду Казіміру,— прамовіў стары Нямкевіч, найперш успамінаючы сваіх i жончыных бацькоў, зачарпнуў лыжку кашы i паклаў у парожнюю місачку на покуце,— а таксама цётцы Марылі, стрыю Юзю... Няхай прыйдуць уночы, пад'ядуць, на нас не крыўдзяцца, што забыліся, паспрыяюць, каб, крый божа, не паў майскі мароз на цыбулю, на картофлю, на яблыневы цвет... Каб жыта расло i налівалася. Каб было ў карані караністае, у саломцы сцяблістае, у коласе каласістае. У роўным полі капамі, у цёмным гумне тарпамі, у свіране засекамі, а на стале баханамі...— Уздыхнуў.— Ды няхай дзяды памогуць, каб гэтая вайна ўжо ўрэшце закончылася...
Хоць Янка які ўжо год дзядаваў (некалі, у Ясікавым узросце, верыў, што дзяды прыходзяць уночы, баяўся, хоць даўно ведаў, што гэта — усяго толькі стары звычай, які бэсціць айцец Феадор), але ўсё роўна ў гэты дзень, за вячэраю найбольш, было вялікае ўзрушэнне — у памяць таго, хто жыў, каго ведаў. А заадно вось сёння падкрадваўся сум: гэта ж яму ўжо неўзабаве прыйдзецца вось так «дзедаваць» бацьку i маці...
Перажагнаўшыся, усе моўчкі пазачэрпвалі i пакаштавалі кашы, а потым, не спяшаючыся, не балабонячы, пачалі сёрбаць смачны, але посны халаднік, чакаючы бліноў i яешні.
Калі павячэралі, Янка, забываючыся пра сум, патаптаўся крыху па хаце, а потым, стараючыся вельмі не пазіраць нікому ў вочы, памкнуўся на цёмны, але цёплы двор, дзе хмельна пахла маладою лістотаю...
На сёмуху маці i бацька пад полудзень паехалі ў Налібакі на вясновыя памінкі на клады — змесці бярозавым венікам магілы сваіх родных, прыбраць ix, пасядзець, пачаставаць тых, хто ў гэты дзень «устае i ходзіць па могілках»,— а Кастуся пацягнула Янку на Аленіну паляну, дзе сёння збіралася гуляць, частавацца моладзь.
Гэтая сёмуха, як ні адна дагэтуль, была, бадай, самая мала вясёлая. Канечне, з-за хлопцаў. Без ix не было дураслівых, часамі грубаватых, але патрэбных жартаў, гарэзнасці, прыставання да дзяўчат, якія ад яго адбіваліся, але заадно i молада ўспыхвалі, гарэлі агнём, урэшце без хлопцаў сёлета не было ніводнага вяселля ў вёсцы. А якая ж бадзёрасць, уцеха без гульбішча?
Янка з дзятвою-хлапчукамі, іхнім Ясікам, Сцяпанавым унукам, Язэпам i іншымі падшыванцамі, ляжаў у цяньку на маладой траве i пазіраў, як, не сказаць каб вельмі ды гарэзна, але шчыра, дзяўчаты зноў хадзілі ланцужком праз «вароты», «куміліся» — цалаваліся адна з адной праз вянкі, спявалі песні. То пра дзявочае кумленне, гэта значыць пра дзявочае сяброўства:
То спявалі пра каханне. Праўда, цяпер не «ішліся» вясёлыя песні — яны, канечне ж, былі супраць настрою, дык прасіліся з душы сумнаватыя, са скаргаю:
Пазней, калі дзяўчаты пачалі ўжо гушкацца, Янка ўспомніў свайго непрыяцеля, Уладака Дземідовіча — смелага, нават нахабнага. Падумаў: а трэба на свеце i смеласць, i нахабнасць. Хоць бы для таго, каб дзяўчаты не былі такія вялыя. А па-другое, адчуў: усё, ён перарос ужо вось такія маладыя гульбішчы, час ужо яму быць сталым сямейным чалавекам, гаспадаром, быць у гэты дзень не тут, а са старымі.
Ён скіроўваў свой пільны позірк то на Вольку Чорную (нічога, ладная дзяўчына), то на Анельку-суседку (у святочных туфлях, сукенцы яшчэ болей нязграбная) — не, ні з кім з ix не хочацца жаніцца. Зося. Вось хто — яго сардэчная пакута, каханне!
Волька, адчуваючы яго мужчынскі чэпкі позірк, пунсавела, што ўпрыгожвала яе, а Анелька, ні разу не падняўшы на яго вачэй, зачырванелася, нібы яе шчокі нацерлі бураком.
— Ану, кавалеры, чаго лежыце? —першая падбегла да ix Кастуся, гарэзна ўхапіла Вольчынага пляменніка, Язэпа.— Давайце іграць языкамі i танцаваць!
Той, досыць высокі, толькі худы, чорны, як цыган, босы, пыхнуў сарамлівай чырванню, упёрся, вырываўся, нібы яго цягнулі на пагібель.
...Праўда, увечар было весела. Не Янка, не падшывальцы, а маладыя салдаты прывялі з Налібак музыканта, наладзілі танцы. Яны, чужыя, смела, беспакарана вытанцоўвалі, жартавалі з янкавінскімі дзяўчатамі, ціскалі ix па кутках, выводзілі на двор, ад чаго ў гэтую ноч не адно матчына сэрца замірала ад страху...
3.
Гэты, ужо чэрвеньскі, вечар быў ціхі, цёплы, нават парны — адпаведна, вельмі спрыяльны для таго, каб шугнулі ў рост трава, жыта, ячмень, пшаніца, авёс, бульба, а таксама, каб на ўсю сваю шчодрасць зазелянелі дрэвы i пачала крамянець i буйнець садовая завязь.
Непадалёку, здаецца, каля Гарбацэвіча, пачуўся дзявочы смех.
— Павядуць «русалку» ў поле,— патлумачыла Зося, прытуленая да Янкі i абгорнутая крысамі яго пінжака.— Хацелі сёлета выбраць за русалку Анельку, але яна не захацела. Дык сёння ў нашым гумне цэлы дзень плялі русалку з саломы, прыбіралі...
Яны не бачылі, што там робіцца, але паколькі Зося сама не раз не толькі брала ўдзел у русальных праводзінах, але i была русалкаю, дык адчувала: вось дзяўчаты начапілі сабе на галаву вянкі з розных траў, з васількоў, распусцілі косы, падхапілі «русалку» i з гіканнем паімчалі яе перад сабою на Сяло, на ўзгорак. Там яны пабяруцца за рукі, паходзяць у карагодзе, паводзяць з сабою «русалку».
Вось, здаецца, i закарагодзілі, бо ўжо адтуль пачулася песня:
Даспяваўшы гэтую вядомую ў Янкавінах русальную песню, пасля пачалі развітальную:
Паколькі пачало ўжо начэць, Зося адчувала: неўзабаве дзве пярэднія дзяўчыны стануць i паднімуць рукі, а самая апошняя пойдзе ім пад рукі i павядзе за сабой астатніх. I так, мяняючыся, пройдуць колькі разоў. Затым, падхапіўшы «русалку», паімчаць за вёску па крычатоўскай дарозе. I напраўду, дзяўчаты заціхлі ўжо i вунь патупацелі, каб шпурнуць «русалку» ў нейчае жытнёвае поле, каб самім, набіраючыся сапраўднага страху, бегма вярнуцца ў вёску — крый божа, яшчэ дагоніць «сапраўдная» русалка i задушыць каго.
Вось Зося i Янка, сціскаючы адно аднаму гарачыя рукі, шчасліва ўсміхаючыся, вуркочучы, як галубы, міжволі чулі, як, вішчучы, гупацелі з поля дзяўчаты. Неўзабаве паселі ў некага на лаўцы i, канечне ж, паблізу духмянага бэзу, але болей ужо не спявалі: усё, з гэтай хвіліны скончыўся час вясновых песень. Ён быў з сакавіка, калі пачалі чарнець на снезе першыя праталіны, i аж во да чэрвеньскай пары, да першага зязюлінага кукавання — калі вясну гукалі, вясной цешыліся, прадавалі i калі яе правялі, чакаючы цяплейшага сонца, летняй i асенняй спеласці, нават вялікай работы, якая будзе карміць усю доўгую зіму.
— Прайшла вясна...— уздыхнула Зося.— Які ўжо год не мая, для маладзейшых...— Схамянулася.— Хоць што я кажу? Хіба гэтая вясна не наша?