— Вось іменна! А гэты прапаршчык, які вярнуўся з нямецкага палону i нёс з сабою пяцьдзесят тысяч рублёў?! Калі яго прыціснулі ў Стаўцы, дык прызнаўся; грошы дала яму нямецкая разведка. Для бальшавікоў.
Цяпер Алесь разабраўся, што гэтак узрушыла ўсіх. «Живое слово», а гэта значыць i Часовы ўрад, а з ім, можа, i Петраградскі Савет, зноў абвінавачваюць бальшавікоў. Але ўжо — не за «раскольніцтва», а —за «здраду Айчыне». Ды яшчэ ў гэтыя трывожныя дні, калі ў сталіцы выбух. Кажуць, учоpa там было велізарнае шэсце i на яго выйшла не меней паўмільёна люду. Кажуць, верныя ўраду войскі пусцілі ў ход зброю — значыць, ёсць забітыя i параненыя, петраградскія вуліцы забарвавелі рэвалюцыйнаю крывёю.
— Пачакайце,— калі некаторыя калегі па службе выплеснулі свой «патрыятычны» гнеў на бальшавікоў, загаварыў Алесь,— a ці не хітры ход гэтая публікацыя? Ага, раз не можам навесці лад, aгa, раз Ленін, бальшавікі супраць вайны, ага, раз дабіваюцца ўлады іншым, Саветам, ага, раз узначалілі дэманстрацыю супраць Часовага ўрада, дык бальшавікі — «ворагі, нямецкія шпіёны», i «ix трэба біць!». Яны — «крыніца ўсіх нашых бед!».
— Ты... ты — што?! — амаль разам выгукнула колькі чалавек, прыхільнікаў як кадэтаў, так i меншавікоў ды эсэраў з Часовага ўрада.— Не верыш фактам?
— Калі б не бальшавікі-падбухторшчыкі, дык у нас ужо даўно быў бы лад, была б перамога над Германіяй!
— Ты, дарагі, паглядзі, як паводзіцца тут бальшавік Фрунзе? Ён нацкоўвае нашых мужыкоў на новы ўрад, ён не хоча нікому падпарадкаваць міліцыю! А гэтыя Любімаў, Мяснікоў, Магілеўскі, Ландар? Сам Брусілаў, Вярхоўны галоўнакамандуючы, народны герой, угаворваў — чуеш, угаворваў! — Франтавы камітэт рушыць Заходні фронт у наступленне! Але Любімаў, Мяснікоў, Фрунзе i іншыя з Франтавога камітэта i Мінскага Савета сарвалі гэты патрыятычны акт!
— Каб зганьбіць Часовы ўрад, бальшавікі ідуць на ўсё...
— Я лічу: наступіў час ураду ўзяць вялікія паўнамоцтвы i сілаю ўсталяваць лад! Іначай нас чакае рэзрух i акупацыя.
Алесь пазіраў на сваіх калег i аж не верыў, што ім так хочацца бойні. Гатовыя звесці са свету кожнага, хто хоць крыху не па дарозе. Што да бальшавікоў, дык вельмі ўз'юшыліся на ix з 4 чэрвеня, з другога дня работы I Усерасійскага з'езда Саветаў рабочых i салдацкіх дэпутатаў. Тады, як вычытаў Алесь у газетах, дакладчык, член Выканкома Петраградскага Савета, меншавік Лібер, апраўдваючы тoe, што меншавікі i эсэры ўвайшлі ў Часовы ўрад, выступіў супраць таго, каб улада перайшла Саветам. Бачыце, толькі моцны орган, такі, як Часовы ўрад, можа выратаваць Расію, запыніць анархію, дабіцца перамогі на вайне. Хвалячы Часовы ўрад i яго ваенную палітыку, міністр-меншавік Цэрэтэлі дадаў: у Расіі цяпер няма такой палітычнай партыі, якая адна згадзілася б узяць уладу i выратаваць рэвалюцыю.
— Ёсць! — выгукнуў з месца Ленін, а пасля, калі выступаў, рэзка сказаў пра Часовы ўрад, пра адступнікаў меншавікоў i эсэраў, выклаў усім праграму бальшавіцкай партыі.
Як гаварылі, многія рабочыя i салдацкія дэпутаты I з'езда Саветаў упершыню ўбачылі Леніна, пачулі яго жывое слова i, зачараваныя, не толькі не дазволілі эсэра-меншавіцкім лідэрам сагнаць Леніна з трыбуны, але пачалі сімпатызаваць бальшавікам i іхняй палітыцы. У іншых, хто ішоў за меншавікамі i эсэрамі, хто не хацеў даваць улады Саветам, умацоўваў Часовы ўрад, узрасла боязь i нянавісць да Леніна i бальшавікоў.
— Дзянёчкі! — пахітаў галавою Лашковіч, калі калегі па службе разышліся па сваіх кабінетах.— Чорт яго ведае: гэтая публікацыя — мана ці праўда? Але ясна адно: хтосьці прагне крыві!
— А так хораша пачыналася гэтая рэвалюцыя! — уздыхнуў Алесь.
— Усё, як бачыш, хораша толькі на словах...
— Дык...
— Не,— адгадаўшы яго думку, перапыніў Лашковіч.— Новы наш з'езд усё роўна трэба праводзіць. Варта смялей, настойлівей дабівацца свайго. З украінцамі, як ведаеш, таксама не захацелі гаварыць спачатку. Але калі месяц назад Украінская Цэнтральная рада разам з Украінскім Саветам сялянскіх дэпутатаў i Вайсковым сялянскім камітэтам кінулі кліч украінскаму народу, каб самім рэалізоўваць ідэю аўтаноміі, дык Часовы ўрад спахапіўся, пачаў ім тое-сёе i дакляроўваць. Дык i мы кінем такі ж кліч свайму народу...
— Але...
— Ясна. Наш люд не вельмі кінецца памагаць, ды...
Лашковіч не паспеў прадоўжыць: у кабінет зайшлі людзі. Вайскоўцы. Лямбовіч i Кірыковіч.
Кірыковіч i сёння туліўся, хаваў вочы, a таўстун-весялун Лямбовіч адразу пасыпаў жарты, кепікі з ix, «канторскіх пацукоў», пачаў цягнуць «на цёплы, са свежым i п'янкім летнім духам двор».
Сапраўды, які ўжо час было цёпла, нават горача, пахка: пачалі цвісці ліпы. Гаспадары i госці, выйшаўшы з губеранскай земскай управы, падаліся да Аляксандраўскага сквера — цяпер пышна-зялёнага, з прыемным халадком ад струменістага фантана.
Селі на лаўцы. Насупраць бронзавага хлопчыка з лебедзем.
— Ну што, хлопцы, падзялуем? — нечакана пасур'ёзнеў Лямбовіч.— Мы да вас — з дыпламатычнымі перамовамі...
— I чые вы пасланцы? — пакпіў Лашковіч, відаць, як i Алесь, думаючы, што гультай, цынік Лямбовіч пацвельваецца.— Штаба Заходняга фронту? Стаўкі? Ці самога ваеннага міністра?
— Так, Максім, мы ад вайскоўцаў,— непарушна адказаў той.—Ад генерала Доўбар-Мусніцкага.
Лашковіч i Алесь перазірнуліся: цікава!
— Іосіф Раманавіч назірае за вамі і, маючы беларускую душу, кліча саюзіцца...
— Пад якім сцягам? — усклікнуў Лашковіч.
— Пад сцягам адраджэння Рэчы Паспалітай. Беларусі будзе аўтаномія,— непарушна адказаў Лямбовіч.— Відаць жа, чулі: Часовы ўрад дазваляе Доўбар-Мусніцкаму сфарміраваць польскае войска: тры пяхотныя дывізіі, конніцу i артылерыю — да 25 тысяч чалавек,— непарушна адказаў Лямбовіч.— Вось мы туды ўжо запісаліся. З тваёй вёскі, Алесь, падаліся Дзяжко, Гарбуковіч, Уладак Дземідовіч. Штаб корпуса — у Мінску. Так што дарогі туды доўга шукаць не трэба...
— Чуеш, як людзі робяць?! — міргнуў Нямкевічу Лашковіч. Пасля паматляў галавою, перавёў позірк на госця.— Удивил, старик!