У перадвечаровую гадзіну, яшчэ да расы, ужо ў абодвух цешыліся вочы i душа: на гладкай пакошы (а на ёй нідзе не было ні «барод», ні «меж» паміж пракосамі) адна каля адной красаваліся стройный копы.
...Нямкевічы, як i хацелі, дакасілі свой надзел у суботу. Значыць, заслужылі адпачыць у нядзельку альбо, каб вельмі не грашыць, пыніць лёгкую работу — адным словам, як i заведзена ў іхнім родзе, удалося ссенаваць да Пятра.
У нядзелю можна было спаць колькі хочаш, але Янка прачнуўся рана. Паляжаў крыху, а пасля падаўся ў лес — пашукаць першых летніх баравікоў альбо суніц. Грыбоў не знайшоў, а вось суніц набраў цэлую жменю.
Калі вяртаўся балацявінаю, то наткнуўся на тучную сварку. Гарланілі, мацюкаліся мужчыны. Можа, i тры-чатыры. Падышоўшы бліжэй, запыніўся. Пачуў: лаюцца Чорныя i хтосьці незнаемы.
— Ідзы! — вось паслаў таго куды трэба Пятро.
— Дык хто я вам? — незалюбіў незнаемы.
— Сабака! — адказаў Міхайла.
— Я вам дам — «сабака»! Вот цяпер пайду i затэлефаную аканому, што лезеце ў панскі луг, крадзіцё траву...
— Ты злавіў? — закрычаў Міхайла.
— А хто ж гэтулькі выкасіў? — абурыўся незнаемы. Канечне, тутэйшы ляснік альбо вартаўнік панскіх сенажацей.
— Шукай!
— A ў вас адкуль гэтулькі сена?
— Сваё нарасло.
— Так i нарасло! Накасілі, нацягалі панскага i параскідалі як сваё! Рыбу ловіце, ягады, грыбы збіраеце — чорт з вамі, хто што палічыць! Але ў луг не лезьце...
— Знаес сто, Цімох, не злуй, ідзі, пакуль цэлы. А то бэцну абухом па башцэ i — у лоўж!.. Сапрэес за падлу! Ну!
Як пачулася, ляснік, збаяўшыся, тут жа залапатаў па кустах і, адбегшыся, загразіўся:
— Зладзеі! Бандзюкі! Заяўляю! Казакі спаласуюць вашы чорныя задніцы!
Янка наўмысна не выйшаў на Чорных, якія палохалі лесніка ці вартаўніка ў адказ, а пасля пачалі самі сабе абурацца на сваіх людзей («Хто ж, сволач, удаў?»), абмінуў i падаўся балацявінаю, пакуль не выйшаў на свой надзел.
Бацька пакручваўся каля агню, нешта варыў у гаршку, а таксама заварваў у кацялку настой з маліны, а побач стаяў Гарбацэвіч.
— Што там за крык? — запытаў у яго бацька.
— Ды ляснік трос Чорных за панскі луг.
— Яны, зладзюжыны, улезлі! — гнеўна загаварыў Гарбацэвіч, панізіўшы голас, дадаў: — Сам бачыў, як яны траву на свае надзелы цягалі. Двое косяць на панскім лузе, a трэці ў рэзгінах валочыць i растрасае. Каб як сваё было...
— Патрасуць i ix i нас заадно...— уздыхнуў бацька.— Паспрабуй цяпер дакажы, што ты не лазіў...
— О-то-то ест, Ясь,— са згодаю i паныла пахітаў галавою Гарбацэвіч.— Мала што патрасуць, дык, можа, з-за гэтых Чорных яшчэ i забяруць i ад нас, колькі захочуць...— I пачаў дакараць, абурацца на Чорных: — Вот людзі, вот кроў паганая! Не могуць пражыць, каб не ўлезці ў чужое. Увесну, казалі, лес хатаўскога пана секлі, а цяпер во тут улезлі. Волю вялікую пачулі!
— Гэтыя Чорныя заўсюды рызыканты,— падтакнуў бацька.
— I што там яны сабе думаюць? — абурыўся на новую ўладу Гарбацэвіч.— Калі ўжо навядуць які лад?
— Чорт яго ведае. Балабоняць дзень i ноч, дакляруюць залатыя горы, а не разабрацца, дзе праўда, а дзе балбатня.
— Ох, папросяць яшчэ, каб цар вярнуўся, лад навёў i хлеба даў!
— Можа, i не папросяць.
— Папросяць, бо без цара, бачыш, няма толку,— сказаў Гарбацэвіч.— Але нам трэба жыць, рабіць сваё. Дзякуй богу пагода — касі, сянуй на здароўе. Будзе сена — будзе быдла. Будзе быдла — будзе мяса i млека, будзе работа...— Азірнуўся на іхні луг, пазайздросціў: — Во выбрылі! А коп колькі!