— Наша,— не шматслоўна, але шчасліва адказаў Янка.
— Наша,— шчасліва паўтарыла яна.— Мы ж зноў разам...— прылашчылася, пацалавала, слабеючы ад пяшчоты. Пасля папрасіла, тулячыся:
— Разыдземся, любенькі мой. Кажу ж, цяпер будзем бачыцца часта,— і, вяртаючыся з узлеску дадому, вучыла ўжо яго, што ім усё ж трэба сустракацца не кожны вечар, а — праз вечары два-тры. Каб не насцярожыць яе сямейнікаў, тым больш каб не адкрыць ім тайну.
Пасля, адчуваючы на зняможаных і, мусіць, падпухлых вуснах апошні Янкаў моцны пацалунак, ціхенька заходзіла ў сенцы, у хату, намагаючыся не зачапіцца за што-небудзь, ні гучна не тупнуць.
Свёкры не адклікаліся, можа, i затаіліся тут, на палку, а вось Віця, як адчула ўжо лежачы на сваім ложку, не спаў.
Яна не загаворвала, не клікала да сябе, абыякава, нават са злосцю слухала яго тужлівыя ўздыхі — мусіць, ён не верыць, што яна толькі «выходзіць у вёску». Не зважаючы ні на нішто, яна задаволена выпрасталася, з прыемнай асалодаю адчуваючы сваё акрэплае маладое цела, заўсміхалася сама сабе i неўзабаве заснула.
4.
За першую чэрвеньскую палову, калі ўжо адцвілі яблыні, бэз, пацямнелі маладыя парасткі на сосенках, зліўшыся ў адзін цёмна-зялёны колер, зямля не толькі пацяплела, а нагрэлася ўжо, задыхала сухой гарачынёю.
Усё часцей удзень неба пачало зацягвацца цёмнымі хмаркамі. Ды яны нібы баяліся закрываць шчодры, аж выпівае вочы, блакіт, белыя пухнатыя воблакі, сплывалі за небакрай. Праўда, уночы наплывалі зноў — i там, у небе, бліскалі далёкія палахлівыя маланкі, глуха вуркатаў гром.
Гарачыня, парнасць дабіліся свайго: у адзін дзень, ужо нанач, неба густа зацягнулася марудлівымі, нізкімі i цяжкімі хмарамі, i ўночы разгулялася навальніца. Здаецца, увесь свет божы сляпілі раз-пораз бліскавіцы, з ляскам, са стрэлам i працяглым грукатам, аж дрыжэла зямля, ляскаў гром, цубаніў як з вядра лівень.
Навальніца, робячы то кароткія, то доўгія перапынкі, бушавала дні з чатыры. Пасля яе стала ціха-ціха; свет падняўся, пачысцеў, зазіхацеў ад яркага сонца, зазелянеўся i закрасаваў. Уміг шугнулі па пояс травы, набіраючы сакавітасць i вось-вось могучы запыніцца ў росце, пачаць блякнуць i пераспяваць. А гэта значыла, што ў Янкавіны прыйшла сенакосная часіна. У розныя гады ў розны час пачыналі сенаваць, але заўсёды пасля вялікай чэрвеньскай ачышчальнай навальніцы.
Параіўшыся, мужчыны з Глінішча рашылі сёлета падацца на Шубін за тры дні да сонцастаяння: трава, як ездзілі i паглядзелі стары Нямкевіч i Гарбацэвіч, вырасла неблагая, вялікія дажджы прайшлі ўжо, мужчынскай сілы малавата,— дык няма чаго адкладваць, цягнуць. Цяпер самы час, каб скасіць i высушыць у пагоду.
У суботу стары Нямкевіч падаставаў косы, што дагэтуль ляжалі за кроквінаю ў кладоўцы, разгарнуў анучкі — увосень змазаныя алеем косы блішчэлі, толькі сям-там, на дробках ці па тыльным боку, рыжэліся плямінкі, што, зрэшты, лёгка сціраліся.
Нямкевіч, прыхапіўшы малаток i бабку, падаўся за гумно — да калоды. Убіўшы ў яе бабку, ён сеў на пляскатае палена, начапіў на нос акуляры i з вялікім узрушэннем паклаў вастрыё касы на тонкую бабку i яшчэ лёгка, правяраючы руку, ляпнуў малатком. Пасля часта застукаў — i па Янкавінах, хвалюючы людскія душы, паплыла своеасаблівая звонкая i напеўная мелодыя, апавяшчаючы, што наступае сенакосная часіна.
Як пачуў, неўзабаве адгукнуліся яму звонкія косы i з іншых двароў, зліваючыся сваім звонам у прыемную летнюю песню. I кожная каса мела свой непаўторны голас: адзін ляскаў малатком моцна i рэдка, другі — слаба i мітусліва, трэці — з адцяжкаю. У кожнага з мужчын праяўляўся свой характар.
Пазней, калі тры касы былі адкляпаныя (бацьку, сыну i адна ў запас), Нямкевічы змазалі, дагледзелі калёсы, укаділі ix у гумно i склалі на ix рыштунак: касільны, граблі i вілы, жэрдку, вяроўку, сякеру, калодачку з бабкай. У нядзелю мужчыны адпачывалі, набіраючыся не столькі сілы, як ахвоты да паездкі i новай сваёй нялёгкай, але радаснай работы, а гаспадыня збірала ім торбу з харчам.
Падаліся на Шубін у панядзелак ранічкай, яшчэ шарай часінаю. Стары Нямкевіч, Янка i Ясік. Сталыя застануцца на лузе, a Ясік разам з такімі ж жэўжыкамі на чале з дзедам Вінцуком (стараставым бацькам) павінен будзе адагнаць дадому каня i калёсы.
Яны, Нямкевічы, ехалі першыя, a ўслед за імі цягнуўся доўгі абоз з іхняга Глінішча i Сяла (Чорныя, праўда, ехалі касіць яшчэ не сабе, а адрабляць іншым, найперш Гарбацэвічу за пазыкі) — коні, адчуваючы доўгую дарогу, жвава трусілі, i ад колаў па янкавінскім, а пасля i пa налібацкім лесе кацілася безупыннае рэха. Цяпер, пры старых, дзеці былі прыціхлыя, толькі з цікаўнасцю зыркалі па баках, а вось потым, калі будуць вяртацца дадому, дадуць волю сваёй гарэзнасці i радасці, нямала пазлуюць дзеда Вінцука сваімі выбрыкамі, галёканнем, бо, бывае, пераганяючы адно аднаго, сутыкаюцца, зрываюць атосы ці нават ломяць аглоблі.
Перад Налібакамі ix сустрэла ярка-чырвонае сонца, амаладзіўшы свет i разганяючы сырое мроіва; у Налібаках раз-пораз сутыкаліся з кароўскімі i авечымі статкамі, з соннымі пастухамі, ix з брэхам праводзілі сабакі; у Налібацкай пушчы было вільготна, парна, пара падымалася ўгору, раставала ў азалочаных сонцам верхавінах; у Кляцішчах ix абагрэў, заказытаў у носе ўжо дым з комінаў, абрынулася на ix ранішняя цяплынь. Янка не вытрываў яе, адразу зняў з сябе кажух.
Шубін — вузкая, выгінастая рэчка, аслоненая алешнікам, зялёныя з рознакаляровымі кветкамі лугі абапал яе, лес па краях лугу — быў спакойны, мляўкі ад расы i цяпла, велічны пад высокім небам.
Той-сёй пачаў запыняцца каля сваіх надзелаў, абгледжваць сваю траву і, кідаючы позіркі на суседаву, распрагаць каня.
Калі запыніліся i злезлі з калёс, бацька зарадаваўся:
— Трава сёлета добрая, няма чаго грашыць!
Янка акінуў позіркам: сапраўды тут, ля дарогі, гусцее i высіцца ледзь не ў пояс мятліца i раскідзісты мурог, змешаны з крывасмокам з чырвонымі галоўкамі, метлюжком з вялікімі суквеццямі, далей, у нізіне, зелянелася каласістая асака, а ля кустоўя i ў ім гаманіў з небам дзягіль, цешачы вока белажаўтавата-зялёнымі кветкамі, побач — гэтакі ж высокі драсён з ружовым кветам, i ў канец лугу вышэй за ўсе травы ўзнялася баршчаўка з белымі парасоністымі кветачкамі.
Пасля, налюбаваўшыся травамі, бацька затупаў каля каня, а Янка з сякераю пакрочыў у лес. Па жэрдачкі i галлё на будан. Ясік, то шлёпаючы па вадзе, то спатыкаючыся на купіны, уплёўся за ім.
Адразу за разнатраўным, п'янкім лугам гусцеліся алешыны, пракідваліся старыя бярозы i елкі, а сярод ix высіліся ў чалавечы рост крапіва, маліна, кусты чорных i чырвоных парэчак, крыху далей пад узгорак аж кружылі галаву сваім пахам дурніцы i багун, а на ўзгорку, узнёсшыся над верасам, папараццю, чарнічнікам, пералётам, сачавічнікам, сцяною стаяў хваёвы бор.
Янка пачаў выбіраць роўныя i рагатыя алешыны, a Ясік прыстаў да парэчак — яшчэ зусім дробных, зялёных, i калі, сабраўшы са жменю, укінуў ix у рот, дык Янку аж перасмыкнула.
— Падыміся ў хваёвы лес,— сказаў ён пляменніку.— Там, можа, паспелі ўжо суніцы.
Суніц, чарніц, грыбоў там амаль заўсёды было шмат. Праўда, усё гэта, «панава», не дазваляў браць тутэйшы ляснік, ганяў з лесу, але пушча вялікая, усіх не высачыш i не прагоніш.
Неўзабаве Янка пачаў ужо забіваць калы-рагачы, накладаць на ix жэрдкі, звязваць лазовымі дубцамі, абкладаць галлём, а бацька ўзяўся касіць. Каб накрыць гэты будан i хутчэй завесіць уваход дзяругаю — каб было дзе начаваць i, канечне, без сляпнёў, аваднёў i камароў, якіх тут процьма i якія нямала выпіваюць за сенакосны час чалавечай крыві.