1) Тав. Міхайлаў не вёў ніякай агітацыі супраць беларускай мовы ні на з'ездзе, ні да яго склікання.
2) Культурна-асветніцкая секцыя з'езда, у рабоце якой тав. Міхайлаў ніякага ўдзелу не браў, сапраўды прыняла рэзалюцыю пра выкладанне на рускай мове ў пачатковых беларускіх школах Мінскай i Віленскай губ., але такая пастанова была прынята па настойліваму патрабаванню сялян...
3) Няпраўда i тое, што тав. Міхайлаў не даваў на з'ездзе слова прадстаўнікам «нацыянальнага беларускага камітэта» i ўкраінскай грамады, якія ў сваёй зласлівасці не пасаромеліся нават аб'явіць тав. Міхайлава ворагам народа. Але мы ведаем, што чалавек, які на працягу 20 гадоў змагаўся за народную волю ў шэрагах сацыял-дэмакратычнай партыі, 2 разы прысуджаны да смяротнага пакарання i які адбыў 6 гадоў цяжкой катаргі, не быў i не можа быць ворагам народа. I тыя, хто супастаўляе імя тав. Міхайлава з епіскапам Яўлогіем, павінны сказаць, хто яны самі i што імі зроблена для вызвалення беларускага альбо іншага народа.
З'езд сваім настроем i рэзалюцыямі ясна паказаў, што не падзяляе поглядаў i памкненняў «Беларускага нацыянальнага камітэта» i не лічыць яго выказнікам поглядаў большасці беларускага народа.
Маючы на ўвазе, што дзеячы «Беларускага нацыянальнага камітэта» i ўкраінскай грамады ў сваіх адкрытых лістах перакруцілі добра вядомыя ім факты, каб узвесці на тав. Міхайлава гнюсны паклёп, Выканком Савета сялянскіх дэпутатаў пастанавіў:
па-першае, ні ў якую палеміку з гэтымі арганізацыямі не ўступаць і,
па-другое, прапанаваць тав. Міхайлаву ад трацейскага суду, прапанаванага яму панам (...), адмовіцца.
Просім іншыя газеты перадрукаваць[12].
10.
Час, падзеі паспрыялі беларускай справе.
Да слова, ужо ў канцы красавіка, вярнуўшыся ў Мінск, акцёр i рэжысёр Фларыян Ждановіч заснаваў на роднай мове «Першае таварыства беларускай драмы i камедыі» (24 красавіка ў будынку гарадскога тэатра паставілі «Паўлінку»), а пазней пачалі выходзіць газеты: «Вольная Беларусь» — орган БНК, «Грамада» — орган БСГ, а таксама i іншыя выданні.
Як многія зналі, асабіста Фрунзе не замінаў гэтаму.
11.
Даўнавата ўжо, болей месяца, нічога не запісваў у свой дзённік. Не толькі не было настрою брацца за пяро, але i жыць...
Разгубіў — не, слова «разгубіў» вельмі лёгкае, на самай справе знявечыў, падсек — наш сялянскі з'езд, што быў у канцы красавіка. Я так чакаў яго, хацеў сустрэцца з пасланцамі тутэйшых вёсак,
пагаварыць з імі пра нашы сумесныя клопаты. Міхайлаў даў мне слова, але толькі я сказаў з трыбуны некалькі фраз, як то тут, то там з залы пачалі выгукваць: «Панский прислужник!», «Блюдолиз!», замінаць гаварыць, a ўрэшце i сагналі з трыбуны.
Як апараны, у вялікай роспачы я выскачыў з гарадскога тэатра, пашыбаваў па Захараўскай куды вочы глядзелі. Толькі ўжо за горадам, у лесе апомніўся: шпару па дарозе на свой Барысаў, за якім, у невялічкай вёсачцы, жывуць мае старэнькія бацькі, сястра i два браты —усе малазямельныя, амаль непісьменныя, спакутаваныя i прыгнечаныя, нават, як кажуць, з забітаю душой. Усім кланяюцца: i пісару, i стражніку, i лекару ды настаўніку, i сваім багацейшым людзям, а сябе прыніжаюць звыш меры— мы ж, маўляў, цёмныя, не раўня некаму... Дык хіба я вораг ім, не хачу для такіх, як яны, лепшай долі? Якая мана i знявага: я, бачыце, панскі халуй!
Крыўдна i балюча, што пасланцы з нашых вёсак ці не разбіраюцца ва ўсім гэтым, ці свядома аддаюць нас на гвалт! Божа, як i чым ix абудзіць, зацікавіць, дабіцца, каб спрыялі? Што такое падакляраваць? Ці ўсё марна? Можа, даўно ўжо наш гаротны селянін змірыўся са сваім лёсам, зняверыўся, што можна штосьці змяніць? А можа, мы памыляемся, чагосьці недагледжваем i таму не трапляем у цэль, не зачэпліваючы людскія розумы i душы? Але дзе, у чым тады, выйсце?
Здаецца, Максім толькі напалову мае рацыю, калі заклікае адабраць руль у Скуранога. Баюся, што i без таго мы мала здзялуем, бо ўсё роўна будзе перад намі глухая сцяна...
...Запыніўшыся ў лесе, карцела павесіцца, як гавораць, скончыць рахунак з клятай рэчаіснасцю, з ілюзіямі, але зірнуў навокал — i зайшлася душа.
Снегу ўжо няма ў гэтым прылеску, цягнецца з зямлі, пышнее зелянота, бярозкі ахуталіся жоўта-зялёненькім дымком, які падзалочвае яркае i цёплае сонца,— як ты пойдзеш ад усяго гэтага?! Ды калі яшчэ ў цябе жонка, дзеці! Які іхні лёс будзе без карміцеля i апекуна! Вялікі ж грэх трэба браць на сябе, на род свой, каб пускаць дзяцей у свет жабракамі!
Адным словам, утрапёна пабег я з лесу ў ненавісны, але i любы горад, во жыву, б'юся як рыба аб лёд, пакрыху супакойваюся. Нават зноў наіўна веру, што дыхаю, працую, раблю сваё недарма, што нешта ўсё ж зменіцца i будзе лепш... Зрэшты, а як жыць без мары, без веры i надзеі? Усё гэта, здаецца, вельмі магутны рухавік, які імкне наперад не толькі нейкую адну асобу, але i ўсе народы, усё чалавецтва...
Сёння вось ужо, як кажуць бюракраты, зноў прыступіў да выканання сваіх службовых абавязкаў. Сустракаўся з адным са сваіх віленскіх знаёмых. Ён, Галубовіч, адвакат, з якім мы ў свой час досыць часта бачыліся ў колішнім беларускім клубе ў Вільні, употай перабраўся сюды праз фронт, заявіўся ў Мінску ў форме капітана рускай арміі, захацеў сустрэцца са мной i як з былым знаёмым, i як з членам тутэйшага камітэта БСГ.
Запрасіў ён мяне на ўскраіну, у незнаемы для мяне чыйсьці дом, дзе ўжо быў Муха. З Васілём госць гутарыў сам-насам, а вось са мною — пры Васілю. Мне здалося, што гэта было не зусім выпадкова, ва ўсім гэтым быў нейкі свой намер альбо хітры ход. Галубовіч, недзе маіх гадоў, рыжы i рабаціністы, вельмі імпазантны ў афіцэрскай форме, сказаў, што прыбыў сюды ад віленскіх Беларускага народнага камітэта i Цэнтральнага саюза беларускіх арганізацый, а таксама i ад «адной падпольнай суполкі», словам, па даручэнні знаёмых мне Лапкінскіх i Стася Лысковіча. Расказаў, што яны там робяць, як ім то замінаюць, то памагаюць немцы, а пасля пачаў вяшчаць, што цяпер усім нам трэба «прапаведаваць ідэю адрыву Беларусі ад Pacii i ўтварэння нашай незалежнай дзяржавы ў блізкім саюзе з Германіяю».
«Ты — што? — здзівіўся я.— Звар'яцеў? Я не магу нават заікнуцца пра гэта ні перад нашымі, ні перад іншымі...»
«Hi Часовы ўрад, нi Саветы, ніхто i не думае справядліва вырашаць нацыянальнае пытанне,— сваё даказваў мне той.— Дык ix трэба прыпалохаць, змусіць павярнуцца да нас тварам... Тым больш што Германія можа нам памагчы...»
«На словах...»
«Не будзь прадузяты, Сымон. Тэўтоны — адно, а цяперашняя Германія — другое... Яна можа даць малым народам больш, чым цяперашнія петраградскія i мінскія гаваруны пра волю, братэрства i дружбу народаў... Звычайна хто шмат клянецца ў дружбе, той усыпляе цябе i хоча ўсесціся на твой карак...»
«А твой кайзер не такі?»
Мы паспрачаліся i не прыйшлі да згоды. Я сказаў, што яны там гуляюць з агнём, псуюць справу, а ён адпарыраваў мне, што мы тут «поўзаем на каленях i перад старымі, i перад новымі гаспадарамі, слепа верым у нечыю міласць i не бачым, што гэтая рэвалюцыя робіцца не для ўсяго народа, a толькі для выбраных».
[12] Гэтая заява апублікавана ў газеце «Минский голос» за 11 мая 1917 года, а таксама ў зборніку дакументаў i матэрыялаў па гісторыі Беларусі «Из истории...», том IV, с. 76-77. Пераклад на беларускую мову аўтара твора.