Сама Дамейка ніколі не лічыла Міцкевіча польскім паэтам, як ніколі не лічыла сябе рускай, Свіфта ці Джойса – ангельцамі, а Лукаша Бэндэ – беларусам. Так, гэта было складана патлумачыць у навуковых катэгорыях і наогул выкарыстоўваць у якасці аргумента, але сама сабе яна нічога і не даказвала, а сёння не павінна была даказваць наогул нічога і нікому.
Ну а як ты дакажаш, што адзін з самых беларускіх на свеце вершаў быў напісаны на польскай мове пра крымскія стэпы?
Дамейка заўжды хвалявалася прадчуваннем літаратуразнаўчага адкрыцця побач з гэтым вершам, перакладзеным дваццацідвухгадовым Уладзімірам Жылкам: сам Жылка на той момант быў яшчэ толькі пачаткоўцам, ва ўласных вершах яшчэ толькі намацваў сваю сцежку, не вельмі ўдала рыфмаваў і не трымаў рытму, але як бліскуча, як дакладна пераклаў Міцкевіча! Ніводны рускі пераклад славутага крымскага санету не мог параўнацца з Жылкавым! Недзе тут, Марына адчувала, і быў той самы неабвержны доказ беларускасці Міцкевіча.
Яшчэ больш – ужо не літаратуразнаўчай, а сяброўскай любоўю Дамейка любіла Тамаша Заня, якога нейкі самотны віленскі чыноўнік аднойчы па недаглядзе перарабіў з Заня ў Зана. Гэтыя мне чыноўнікі! Аднойчы да нас у інтэрнат прыехаў малодшы брат аднакурсніка Дамейкі, Віцькі Баркуна, і браты паказвалі ўсім свае рускамоўныя пашпарты, адзін з іх пісаўся Баркуном, а другі – Боркуном, бо ў іхніх Малевічах было дзве пашпартысткі, і адна ўпарта пісала мясцовых Баркуноў праз «а», а другая – праз «о». Так было і з Тамашом Заням, прыгожым хлопцам з-пад Маладзечна.
Чамусьці гэтую станцыю ў прысталічных электрычках маладзечанскага напрамку заўсёды аб’яўлялі з нейкім драпежным акцэнтам: «Мя-са-та-а-а-а». Тры «а» запар, такія адкрытыя, плоскія, з працяглым апошнім складам, што Марыну ажно перасмыкала. З вокнаў электрычкі не было бачна ніводнага доміка ў той Мясаце, але ж падавалася, што ў кожным існым доміку абавязкова вісяць на бэльках тлустыя свойскія каўбасы, шчодра пасыпаныя кменам паляндвіцы, у лядоўнях мёрзнуць сальцісоны, і гаспадынька пазірае на гэтае сваё багацце і цягне, адкрываючы вусны, нібыта на вялікі бутэрброд: «Кра-са-та-а-а-а!».
І надарылася ж нарадзіцца выкшталцонаму Тамашу Заню менавіта ў Мясаце! Невыпадкова гэта было поўнай выпадковасцю: цяжарная Кацярынка Зань мітусілася паміж старым нягодным жытлом і новым будынкам, які нечакана апынуўся ў чужых руках, плакала ад дрэнных навінаў і чакала найлепшых, трэслася па ўздзенска-вілейскіх пуцявінах туды-сюды і нарэшце нарадзіла хлопчыка ў нехлямяжнай Мясаце.
А на Мясату ішлі казакі, і шукалі яны Касцюшкавых паўстанцаў, а Караль Зань, Кацярынкін мужык, якраз сярод іх і быў, і таму Кацярына адразу з гасціннай карчмы, якая сталася батлеемскімі яслямі Тамашу, пабегла ў лес, у нейкія сялянскія зямлянкі, выкапаныя ад казакаў, якія тады на маладзечанскіх землях не пераводзіліся. Там сядзелі ўжо іншыя жанчыны і мужчыны, усё з тых жа прычын, так што першыя калыханкі малому Заню пеліся па-вясковаму і на розныя галасы. Нарэшце, навала схлынула, Караль вярнуўся, і сямейства перабралася ў Вязынь, дзе і атабарылася. Ах, Вязынь, блакітная Вілейшчына, якімі ж натхнёнымі былі твае спевы!
Ну і выцяўся: высокі, круглатвары, няспынны на жарты, шчодры на прыдумкі, хуткі на эмоцыі («Тамаш – баба!» – часам дражніліся бязлітасныя сябры). У такіх у школе два шляхі – ці ў зацятыя «батаны», ці ў векавечныя хуліганы. Зань выбраў абодва і быў надзеяй для настаўнікаў і правадыром для вучняў. Мо, хто і стамляўся ад паўсядзённых ягоных задумаў, гісторый, пражэктаў і спраў, але пра тое даўно забылася і нам невядома. Гэтая троіца – Зань і два Верашчакі, Міхась і Юзік – каламуцілі ўсю Менскую гімназію, і яшчэ Вязынь, і яшчэ Тугановічы, і наогул любую прастору, дзе раптам спыняліся. Маленькая Марылька таксама насілася за імі бялюткім празрыстым хвосцікам, а потым раптам вырасла ў паненку, і Зань нават нейкі час саромеўся дуркаваць пры ёй.
А потым узяў ды прывёз у Тугановічы свайго сардэчнага віленскага сябра Міцкевіча. О дык задума! Не на жарты. Ці быў бы Міцкевіч без Марылі Верашчакі?
Канешне ж, быў бы, толькі тссс! Не кажыце пра гэтае аматарам глянцавых гісторый кахання. Ім часта падаецца, што тая ці іншая дзяўчына стала іскрай, з якой разгарэлася вялікая паэзія, а насамрэч дзяўчаты – толькі сухое трысцё, якое шчодра кідаюць у вогнішча свайго генію вялікія паэты. Мо, тое добра ўсведамляла туганавіцкая разумніца ды прыгажуня, таму і адмовілася быць Міцкевічанкаю, а стала Марыляю Путкамер? Ці бывае на свеце больш няўдалае прозвішча для адзінай каханай найвялікшага з паэтаў?
Марылю Верашчаку Дамейка часам пачувала стрыечнай сястрою, так блізка і так зразумела было ёй усё ў Марыльцы: і вернасць нарачонаму Ваўжынцу Путкамеру, і неўміручае каханне да няшчаснага Адама, і тыя таемныя два месяцы, якія Міцкевіч правёў побач з ёю ў сядзібе Путкамераў. Добры, мілы Ваўжынец, ён усё разумеў і да ўсяго ставіўся з павагай – такія мужчыны і павінны быць побач з паэтавымі каханкамі. Добрая, мілая Марыля, ці лёгка ёй было адпавядаць той ролі, якую яна павінна была іграць у Вечнасці? Ах, жартаўнік Зань, ці не далёка зайшлі твае жарты?
Вільня, любыя філаматы, верныя філарэты, найпрамяністыя сябры і паплечнікі, бацькоўскія паўстанцкія запаветы, якія здзяйсняліся не зброяй, а словам, разгром, турма, высылка. «Мы не стваралі часу, час ствараў нас». Тамаш – не баба, ён бярэ ўсю віну на сябе і ратуе верных сяброў. Апошні вечар у камерах перад этапам. Зань падпявае Чачоту родную песню роднымі словамі:
Ён не спыняецца і ў Арэнбургу, гэты неўтаймаваны Зань: яго бачылі і на нелегальных рэвалюцыйных паседжаннях арэнбургскіх расейскіх змоўшчыкаў, і на навуковых дыскусіях, і ў геалагічных выведках. Энтузіязм і адукаванасць таленавітага высланага не застаюцца па-за ўвагай: Зань узначальвае навуковую геалагічную экспедыцыю ў Тургайскі стэп. Пад Самараю знойдзена нафта, за Уралам – золата, ля Траецкага – медная руда, і усё гэта найпрамяністы Зань, высланы філамат. Арэнбургскі геалагічны музей, існы і па сёння, – чыя задума, чыя справа? А во здагадайцеся.
А калі вярнуўся, дык ледзь не звар’яцеў. Каб не Марыля Путкамер, дык, напэўна, страціў бы розум зусім. І не ад рамантычнага кахання, не ад вершаваных радкоў, наогул не фігуральна, а па праўдзе, бо гэта знешне здаецца жыццём, прыдатным для помніка, а насамрэч – пакута, кроў і слёзы. Марыля дзейнічае старым выпрабаваным шляхам: забірае збалелага і стомленага Тамаша да сябе, атуляе прыгожымі людзьмі і пяшчотнымі спевамі і – падзяка за колішнія туганавіцкія месяцы побач з Адамам? – спрыяе знаёмству з маладзенькай Брыгітай Свентажэцкай. Каханне перамагае ўсё.
Дамейка ніколі не была ў Смалянах, дзе ляжыць Тамаш Зань. Што там цяпер? Ці будзе жыць памяць пра яго, калі няма мары ягонага жыцця, вольнай Літвы з яе вольным словам? У Арэнбургу, канешне, памяць будзе. А ў Мясаце?
Затрынькаў тэлефон. Марына яшчэ раз падзівілася, як тут усё прадумана для камфортнай працы: тэлефон не звінеў, не спяваў, ён проста трынькаў, як, напэўна, трынькалі бомікі на шыях дагістарычных кароў, якіх пасвілі дагістарычныя пастухі…
– Зала беларускай мовы і літаратуры, Дамейка, слухаю.
– Ну, здароў. Што, забіла? Святкуеш? – нехта ў тэлефоне цяжка дыхаў, і падавалася, радыёхвалі даносяць не толькі голас, але ж і амбрэ толькі што выпітага каньяку. – Трэба ж было, каб менавіта ты. Пазнала?
– Пазнала, – яна ледзь здолела адказаць.
– Я заўтра ўвечары буду. Сустракаць не трэба, я ведаю, дзе ты жывеш. Чакай. І бойся.
Напэўна, нікога мы не баімся так, як былых. Былых калег, былых сяброў, былых каханкаў. І ёсць чаго баяцца: як жа проста з таго былога бязмежнага даверу, як фокусніку з цыліндра, выцягваць пярэстыя ленты цікавостак і казак. Як пачне працаваць цыліндр, як пачне варыць сваю рознакаляровую кашу – дык глядзі, каб ты ведаў словы, якія перакладаліся б у казачнае «гаршчочак, болей не вары». Хто ведае пра нас болей, чым былыя, і хто можа карыстацца ўсім належным больш вольна, чым яны?
Былыя ведаюць усё, і нават больш, бо тыя, з кім мы побач зараз, не ведаюць яшчэ, якімі мы бываем у роспачы расстання. Нішто так не злучае з чалавекам, як сумесна закрыты гештальт.
Развітанне часцей за ўсё прапарцыянальна колькасці пражытых побач месяцаў ці гадоў. Лёгка разарваць каханне ўзростам у месяц, бывае, на гэта хапае пяці хвілін: кароткае смс, слёзы, цыгарэта, палёгка. Куды цяжэй разрываць дзесяцігоддзі сумеснага жыцця – на гэта можна пакласці яшчэ з дзясятак год.
І назіральнікі пачынаюць круціць і дакопвацца: хто вінаваты, той ці іншы, хто – Воін Святла, хто – Воін Цемры. Самыя адукаваныя крычаць па-над бойкаю: «Абодва, абодва!» а не вінаваты ніхто. Проста так склалася.
Здаецца, людзі і краіны падпарадкоўваюцца нейкім нябачным нашаму чалавечаму воку законам. Надыходзіць час – яны пачынаюць збліжэнне, абавязковае і незваротнае, якому немагчыма супрацьстаяць, і вось ужо паміж вамі іскрыць нябёсная электрычнасць, і б’юць аб бераг высачэзныя цунамі, і сутыкаюцца берагі, і падаюць дрэвы ў абдымкі, і змешваецца пясок з глеем. А калі было збліжэнне – значыць, ёсць рызыка расстання – і зноўку па нябачных законах, пасярод сонечнага і цёплага дня раптам заварушыцца нешта ў нетрах, загрукоча ў бліжэйшых гарах, і пачнуць ірвацца трывалыя карані і зарастаць быллём пратаптаныя сцежкі, і зноў пачнуцца гром і маланкі, і будуць біць, куды прыйдзецца, і разальецца па былым пляжы вялікі і бязмежны акіян.
А яшчэ бывае, калі яны вяртаюцца, гэтыя былыя. І калі ты пакажаш ім свае незагойныя рубцы на сэрцы, яны адхінуць кашулю, і ты пабачыш, што рубцы на гэтых, да апошняй радзімкі знаёмых, грудзях дзіўным чынам падобныя да тваіх. Што тады расцягнула вас па розныя бакі сусветнага акіяна, так і застанецца незразумелым, бо ўжо забыліся і штармавыя папярэджанні, і прагнозы неспрыяльнага надвор’я, і блісне маланка, і рана ляжа на рану, і можа так здарыцца, што з мясам вырваныя гісторыі зноў з’яднаюцца ў адну.
І вось ужо сэрца тахкае часта-часта, і ты мімаволі прыслухоўваешся да яго несупыннай хады і разумееш, што цягнік твайго жыцця стаў на нейкія не табой пракладзеныя рэйкі, і ўсе стрэлкі пераведзеныя, і наступны прыпынак ад цябе ніякім чынам не залежыць.
З самага дзяцінства я марыла жыць побач з чыгункай.
Гэта пачалося з Лунінца, куды мы ездзілі кожнае лета на чатыры тыдні да бабулі: маміна лунінецкая бабуля, у адрозненне ад татавай рэчыцкай, была надта ж строгая, забараняла гойсаць у сандалетах па канапах, смажыла нам на абед кабачок з часнаком і патрабавала мыць рукі нават перад сняданкам – карацей, дысцыпліна.
Але там была чыгунка. Сядзіш увечары на балконе, звонку цягне пахам нагрэтай травы, пад нагамі ціхенька шапоча нешта залацістая цыбуля, якую бабуля расклала сушыцца па ранжыры – справа маленькая, злева таўстабокая, катаеш гэтую цыбулю па балконе асцярожна нагой, пакуль ніхто не бачыць, і слухаеш: «Машинист дизель-поезда-восемнадцать-ноль-четыре, прибытие второй главный, стоянка дальше, сигналы открыты»… Ці проста выгук на ўсё лунінецкае Залессе: «Дзяжурны!» і стомленым басам у адказ: «Пяты слу…»