Але ж адной мовы Марыне стала сапраўды шкада. «Ну і людзі», – падумала яна. «Сацыяльны ціск», «лінгвістычная большасць»… Мова гэтая існавала з часоў Вялікага шаўковага шляху, на ёй размаўлялі тыя яшчэ караваншчыкі, якія везлі з Кітая паперу і шоўк. Менавіта ягнобцы, што схаваліся ў цяжкадаступнай даліне ракі Ягноб, захавалі ад персаў вялікую сагдзійскую мову – афіцыйна яна лічыцца памерлай з ХІ стагоддзя, але ж ягнобі, маленькая мова ягнобі – гэта і была тая самая сагдзійская, уратаваная ад персеізацыі. У той дзень яны зніклі разам: і апошняя бабулька-сагдзіянка, і ягнобі. Ну як зніклі – перамясціліся з няўтульнай горнай даліны на жоўтыя паліцы шыкоўных стэлажоў.
Марына часта ўспамінала свой вопыт выкладання беларускай мовы напрыканцы яе існавання ў ВНУ.
На першым занятку – дарэчы, першым з чатырох магчымых, беларуская мова прысутнічала ў навучальных планах негуманітарных спецыяльнасцяў у сімвалічнай колькасці васьмі гадзін, і Дамейка ніколі не разумела, навошта даваць чатыры заняткі па мове тым, хто яе наогул не ведае, хіба каб замацаваць нянавісць да яе – дык вось на першым занятку яна заўсёды прасіла студэнтаў распавесці пра сваю першую сустрэчу з беларускай мовай.
Адну студэнцкую гісторыю яна памятала і сёння. Дзяўчына, аўтарка гісторыі, жыла з мамай-студэнткай у Расеі, а бацька, лічылася, гараваў у адзіноце на Беларусі. Сляды ягонага гаравання ў выглядзе недапітых бутэлек з каштоўнымі вінамі, вітых рамантычных свечак і трох параў жаночых ступакоў у розных кутах двухпакаёўкі заўсёды суправаджаліся крывавымі бойкамі, якія пераследавалі ўсе мінскія канікулы дзяўчынкі. Але ж сварыліся мама з татам на кухні, а малая сядзела і сядзела ў зале і глядзела тэлевізар. Аднойчы яна выпадкова патрапіла на беларускі канал, па якім нейкая прыгожая цётачка пасярод незразумелага балбатання раптам сказала зразумелае: «Прапануем вашай увазе»…
«У вазе… У вазе… Яна сказала: у вазе», – здзівілася дзяўчынка і пачала азірацца навокал у пошуках вазы. Тая не стала хавацца і высунула пакацістую крышталёвую бачыну з-за шторы. Наша гераіня сунула руку ў вазу – і трэба ж! – на самым яе патаемным дне ляжалі тры неверагодныя цукеркі: белыя, пяшчотныя, у паркалёвых абгортачках, з тоўсценькім арэшкам унутры. Гэта быў цуд. Дарэчы, гэтая студэнтка, прынамсі, чытаць па-беларуску магла без пыкання…
Зараз мова вярталася ў вазу, і Марына адчувала цалкам зразумелае нецярпенне: пакласці чароўны арэшак у белую салодкую пяшчоту, закруціць у бялюткі паркаль…
Кансервацыя – гэта было геніяльнае вынаходніцтва Кійске. У акадэмічных умовах мовы мелі значна болей шанцаў, і людзі, якія імі займаліся, таксама. У кожным тэксце прыхільнікаў тэорыі Кійске – у навукова-папулярных разважаннях пра неабходнасць змяншэння моў, якія знаходзяцца ва ўжытку чалавецтва, у таўшчэзных манаграфіях, якімі пахваляліся на шматлікіх моўных дыскусіях, абавязкова фігураваў хрэстаматыйны прыклад карысці ад паміраючых моў – адкрыццё прэпарата супраць ВІЧ, якое стала магчымым толькі дзякуючы адзінкавым носьбітам самаанскай мовы. Менавіта гэтая мова захавала звесткі пра лекавыя ўласцівасці дрэўца Homalanthus Nutans, звесткі гэтыя трапіліся на вочы нейкім лінгвістычна адораным медыкам – і справа пайшла. Таму мовам з гэтага часу нельга было паміраць натуральным чынам – толькі з дазволу і пад наглядам высокай Камісіі. З аднаго боку, гэта была вялікая эканомія сродкаў, якія раней выдаткоўваліся на падтрымку і развіццё моў, не патрэбных сваім народам, а па-другое, усё, што трэба, заставалася на карысць навуковай эліце.
За кожнай выміраючай і мёртвай мовай замацоўваўся эксперт, які вёў працэс кансервацыі, кантактаваў з дзяржавамі і дзяржаўнымі органамі, з адукацыйнымі ўстановамі, штучнымі носьбітамі і навукоўцамі, а далей – на што хопіць ініцыятывы і энтузіязму эксперта. Вунь пры зале палабскай мовы на тым тыдні адчыніліся курсы перакладчыкаў. І што вы думаеце – дзесяць слухачоў. Вялікія грошы плоцяць. Нейкія нашчадкі палабаў, продкі якіх апынуліся на беразе акіяна пасля Першай сусветнай.
«Зусім хутка тут будзе і мая мова», – раптам падумала тады Дамейка.
Памятаю: прасторная, амаль без мэблі, зала, стосы кніг на падлозе ўздоўж сцяны (гэта таму, што бабуля яшчэ не прадала карову, і бацькі не купілі секцыю, але ж кніг назапасілі – на жыццё), у акно залятае тапалёвы пух, я сяджу ў куточку і праглынаю курчавыя радкі «Узаранай цаліны». Я пераскокваю розныя нецікавыя падзеі, дыялогі і разважанні, каб хутчэй зноўку спаткацца са Шчукаром – і тут пачынаю дробна трэсціся ад рогату і выціраць слезы.
Мне сем гадкоў. Я – чытач.
Чытала я – колькі сябе памятаю. Маці з бацькам – філолагі, раскошы ў хаце няма, але ж кніжак!
Вершы мне не падабаліся: навошта гэтыя ненатуральныя словы, зацятыя ў цесныя чатырохкутныя клеткі і надрукаваныя пасярод пустой старонкі, ды яшчэ і без малюнкаў? Мама час ад часу падсоўвала Пушкіна. Гэта было невыносна. Нудота.
Незразумелы, але прыцягальны Шолахаў, зразумелы і таксама прыцягальны Біянкі, Леанід Панцялееў з яго шыкоўнымі абарванцамі рэспублікі ШКІД, натуральна, Карней Іванавіч з Майдадырамі і Кракадзіламі, якія карміліся Месяцам, – гэта цікавіла. Часам са стосаў ля сцяны вымаліся і беларускія кніжкі, але ж адразу адкладваліся. Нейкія кропачкі і хвосцікі па-над радкамі – не разумею.
Памятаю, як першы раз пачула беларускае слова. Гэта быў урок беларускай мовы. Званок. Настаўніца ўваходзіць. Клас стаіць, як заўсёды на пачатку ўрока. Настаўніца – такая зразумелая і знаёмая ад прычоскі да банціка на туфлях – раптам ківае галавой і кажа: «Сядайце!»
І гэта так незвычайна і смешна, што мы пачынаем рагатаць.
Так рагочам мы ўсю першую чвэрць. «Сядайце!» – «Га-гага-га!» і потым чытаем па складах дзіўныя, незразумелыя словы пра незразумелых людзей, пра нейкіх чарнавусых мужыкоў і галодных дзяцей, якія сёрбаюць зацірку. Мне шкада, што сярод гэтых засмучаных і кволых герояў няма Шчукара – той быў значна весялейшы.
Становішча выратоўвае бацька. Раз-пораз ен выкарыстоўвае ў сямейных размовах ці то трапнае слоўца, якое не адшукаеш у рускай кніжцы, ці то развясёлую прымаўку, а то і вершаваны радок. Памятаю, як ён, каментуючы нейкую маю школьную адзнаку, прачытаў: «Мы ўсе вучыліся патроху, таму-сяму, абы адбыць». «Хто гэта?» – здзівілася я, зачапіўшыся філалагічным слыхам за цудоўнае «абы адбыць». «Пушкін», – хітра прыплюшчыў вочы тата. «Пушкін?!» – тое, што гэта «Анегін» у куляшоўскім перакладзе, бацька, зразумела, таксама сказаў, але я запомніла без непатрэбных падрабязнасцяў: Пушкін нешта ж можа. Потым аказалася: яшчэ як.
Літаратура пачынаецца з рускай. Доўгі час падаецца, што ўсе на свеце пісалі па-руску, і калі раптам прыходзіць усведамленне, што, напрыклад, «Карлсан» насамрэч напісаны па-шведску, а «Шчаўкунок» – па-нямецку, некалькі дзён сусвет навокал выглядае выніцаваным.
Па-беларуску чытаю, але без ахвоты. Чамусьці ўсе беларускія кніжкі, якія выцягваюцца з бацькоўскіх стосаў ці бяруцца ў школьнай бібліятэцы, – гэта сумныя апавяданні з аднолькавымі, каліўца ў каліўца, героямі: сялянскімі дзецьмі ў чунях, сівымі дзядамі ў кашулях, суворымі партызанамі, якія чамусьці кідаюць сваіх дзяцей на пагібель, з рушнікамі і гладышамі. Сярод гэтага састарэлага побыту і чужых дэкарацый час ад часу ўзнікае нешта незвычайнае, цудоўнае, як Маўравыя «Палескія рабінзоны», узнікае – і патанае ў віры жабрацкіх вёсак і ваеннага ліхалецця.
А потым здараецца Караткевіч – «Каласы пад сярпом тваім». Задалі прачытаць, але ж пайшла пагалоска: кніжка таўсценная. «Э-э-э, – думаю, – зноўку нешта сельскагаспадарчае, беллітнае, невясёлае. Але ж трэба – значыцца, трэба». З другой старонкі таўсценнай кніжкі я забываюся пра час і прастору. Чытаю ўдзень, чытаю ўвечар, чытаю ўночы, чытаю на ўроках і нават на хаду, калі вяртаюся па вывучанай на памяць за сем гадоў дарожцы са школы. Я – з імі.
Я – герой.
Я не заўважаю мовы. Кропкі па-над радкамі дапамагаюць вачам не саскокваць з думак, бо саскочыць хочацца – далей, далей, ну, што там, як яны, ці перамогуць? Хвосцікі над «ў» чапляюцца за самае сэрца, і я ведаю, што з аднаго боку на гэтым гапліку я, а з другога – Загорскі, і нас не расчапіць нікому і ніколі. З гэтае пары ўсе хлопцы мераюцца Алесем. Выпрабаванне праходзяць не ўсе. А калі па праўдзе – ніхто. Але ж я ўжо навастрылася жыць у кніжках, таму мне несумна. Алесь Загорскі існуе. І нідзе больш – ні ў адной іншай кніжцы, ні ў адной кампаніі па-за кніжкаю – такога няма.
З гэтага часу я пачынаю раз-пораз пераглядаць тую паліцу ў новенькай секцыі, дзе бацькі паставілі беларускія кніжкі. Увесь Караткевіч, Брыль, Быкаў, Адамовіч, Мележ, Маўр… Чамусьці ўяўляць сябе на месцы закаханай у Васіля Ганны значна прасцей, чым зразумець адносіны Анегіна і Таццяны, хаця Таццяніна дзяцінства («она влюблялася в обманы и Ричардсона, и Руссо») мне больш зразумелае, чым дзяцінства «здаецца, учора яшчэ – гарэзы, падлетка». Я прымяраю на сябе шынялі Рыбака і Сотнікава і, па-дзявочы супраціўляючыся сувораму рэалізму Быкава, перапісваю ў галаве гісторыю Джуліі.
Але сапраўднае адчуванне вайны прыходзіць не з Быкавым. З Быкавым – адчуванне чалавека. А вайны – крыху пазней. Абрыньваецца, як снег: холадам, непазбежнасцю, злосцю и той мужнасцю, якая толькі завецца гераізмам, а насамрэч ёсць суворая мужчынская праца. Гэта – Панчанка. Першы верш, які нібыта ламае косці.
З таго часу пра вайну і пра чалавека больш зразумела – пабеларуску. Падаецца: рускія кніжкі – пра вайну наогул, і пра чалавека – наогул. Там я ўсё яшчэ чытач, зачараваны і пакорлівы, а тут – герой, менавіта пра якога якраз і напісана.
Аднойчы бацькі ўзялі нас з сабой на канцэрт. Віцебскі тэатр. Народу – процьма. Усюды – бел-чырвона-белыя сцягі. Выглядае гераічна. Першы раз бачу гэты сцяг, першы раз чую, каб па-беларуску размаўлялі так, што не хочацца рагатаць, як тады, на ўроках. Беларуская мова з кніжнае мовы раптам становіцца мовай гутаркі. Дзіўна.
Мы праціскаемся ў залу. Чамусьці аказваемся ў першым шэрагу. На сцэне стул, мікрафон, гітара і нейкі хлопец у вышыванцы. «Ну, – думаю, – зараз пачнецца – “цячэ вада ў ярок”».
Але пачынаецца Данчык.
Слоў для таго, каб выказаць свае пачуцці, у мяне няма. А пачуццяў столькі, што яны распіраюць горла і ломяць у скронях. Першы раз за жыццё адчуваю сябе нямой. Аказваецца: пра гэта нельга па-руску. А як па-іншаму – не ведаю. Напісаць бы – напісала, а вымавіць – не магу.