«Гэта не загад міністра…» – дадаў хтосьці таропка.
«І не загад рэгента…»
«Гэта нашая ініцыятыва, – узмахнуў вейкамі Фармаледайт і пагладзіў свае вусікі. – Як давесьці каралю, што мы тут таксама верна несьлі службу? Што мы таксама прычыніліся да перамогі?»
«Гэта наогул – добрая ідэя?» – хацелі яны ведаць, яны, маладыя афіцэрыкі, нявопытныя ваўчаняткі, прыгажуны-фацэцікі, што прагнулі крыві і фанфараў.
Вецер наляцеў на ўзгорак, зашумеў гальлём.
«Ідэя добрая, – задуменна сказаў Шпуль. – Але вам лепш было б давесьці сваю адданасьць і адвагу справамі. Я чуў, вакол гораду блукаюць шпіёны. А можа, і ў самой сталіцы. Калі б вы схапілі парачку… Калі б зьнішчылі ворагаў… Каралю гэта прыйшлося б да душы. Сустракаць яго на дарозе не абавязкова. Ён будзе меркаваць пра вас па справах, а не па вашым бравым выглядзе».
Лёкса Шпуль сарваў высокую былінку і скруціў зь яе пятлю. Яшчэ адну. І яшчэ. Яму ў галаву прыйшла думка – і ўжо не адпускала. Хто ведаў пра яго праўду? Што ёсьць праўдай? Хто мог расказаць ім праўду, апрача Веранікі?
Вераніка. Салодкая ведзьма, атрутны рот, драпежныя вочы, калені малітоўніцы. Яна пайшла зь ім, пакінуўшы бацькоўскі дом. Папярэдзіла пра небясьпеку, прычапілася, як дзядоўнік, ня скінеш, не прагоніш. Яна кахае яго – і пакуль кахае, нікому не прызнаецца. А каго яшчэ ён сустракаў на сваім шляху? Хто бачыў вестуна Лёксу Шпуля, калі той дабіраўся з данясеньнем па лясных дарогах, лугах і балотах, праз горы і рэкі? Некаторыя бачылі. Бачылі – але не гаварылі. Баяліся. А хто гаварыў зь ім? Палясоўшчык. Жонка палясоўшчыка. І той хлопец з дудкай. І ўсе прамаўчалі. Ніхто не папярэдзіў. Добрыя людзі маўчалі, асудзіўшы яго на сьмерць. Добрыя людзі…
Цэлае каралеўства добрых людзей.
«Шпіёнамі займаецца іншае падразьдзяленьне, – сказаў Фармаледайт, аддана паглядзеўшы на Шпуля. – Мусіць займацца. Але, наколькі мы бачым, гэтыя гультаі швэндаюцца па палацы ў чаканьні падачак ад рэгента, а не выконваюць сваіх прамых абавязкаў. Чаму б і праўда нам ня зладзіць паляваньне на шпіёнаў, панове?»
«Мы гатовыя, – адгукнуліся афіцэры. – Але з чаго пачаць? Дзе іх шукаць?»
«Шукаць там, дзе нікому ў галаву ня прыйдзе, – сказаў Лёкса. – Я дапамагу вам, панове. Калі вы ня супраць. Той, хто бачыў сьмерць у твар, пазнае ворага».
«Слава Лёксу Шпулю!» – раптам сарамліва прамовіў адзін з афіцэраў. І тут жа астатнія падхапілі:
«Слава!»
Лёкса Шпуль вушам сваім ня верыў. Але тут жа здарылася нешта, што прымусіла яго вылупіць вочы. Афіцэры раптам засьпявалі. Адзін, другі, трэці юны голас, да іх далучыліся астатнія.
«Ціха!» – крыкнуў у гневе Лёкса Шпуль і ускочыў. Выхапіў шаблю – нібы зьбіраўся пасячы іх усіх, як пустазельле. Яны змоўклі. Яны маглі забіць яго – але ніхто зь іх не варухнуўся. Яны зразумелі сваю памылку.
«Ніхто ня мае права сьпяваць гэтую песьню! – пракрычаў ён, абводзячы іх сваімі калючымі вачыма. – Ніхто! Апрача тых, хто быў там, каля Чорнай Скалы! Апрача Стані-пекара, Жардзіны Людвіга, Ганса-драчылы! Апрача Жабы, Рудога, Віскарыка! І іншых, чые імёны ніхто ўжо ня ўспомніць. Тых, хто біўся там, дзе вы ніколі не бывалі! Дзе вы навучыліся? Думалі, гэтай песьні дастаткова, каб зрабіцца героямі? Хопіць сьпяваць! Шукайце ворагаў, панове».
Так сказаў ён, пакрысе супакойваючыся. Яны апусьцілі галовы, насунулі трывуголкі. Якія яны яшчэ дзеці, падумаў Лёкса Шпуль. Каб схаваць сваю разгубленасьць, афіцэры паўскоквалі на коней. І кавалькада рушыла назад, у горад. Лёкса Шпуль скакаў наперадзе – адчуваў, як за сьпінай ягонай дыхае ды паводзіць конскімі і чалавечымі пысамі цэлае войска.
Маленькае войска, якое моўчкі заехала ў горад праз паднятую браму. Горад сьвяткаваў перамогу – патрэбы ў тым, каб зачыняць браму ўдзень, больш не было. Горад чакаў караля. А яшчэ: гандляроў, сялянаў, іншаземцаў, прайдзісьветаў, бадзягаў і дзівакоў. Бо надышоў мір. Доўгачаканы мір, які прынесла перамога.
Ля брамы яны разьвіталіся – бяз словаў, як змоўшчыкі.
Афіцэры разьехаліся па горадзе, кожны ў свой дом.
Лёкса Шпуль застаўся каля Паўночнай вежы. Пагрукаў па браме. З вартоўні выйшаў вартаўнік.
«Ня сьпіш?» – запытаўся Лёкса строга. Вартаўнік глядзеў на яго са страхам.
«Як можна, ваша міласьць, – адказаў вартаўнік. – Служба! Хай мяне павесяць дагары нагамі над вогнішчам, калі я засну на пасту!»
«Малойца, – сказаў Лёкса Шпуль. – Як цябе завуць?»
«Вартаўнік Рында, ваша міласьць».
«Ведаеш, хто я?»
«Як ня ведаць. Увесь горад ведае героя Лёксу Шпуля».
«Паслухай, Рында… – ён прапанаваў вартаўніку тытуню і прысеў побач на каменную лаўку. – Ты ўвесь час дзяжурыш тут, на вежы. Ці не ўваходзіў у горад праз браму некалькі дзён таму паранены салдат? Яшчэ да мяне?»
«Салдат? – Рында набіў люльку. – Такога быць ня можа, ваша міласьць. Я ўвесь час тут. Брама была замкнутая да таго дня, як вы прыйшлі ў горад са шчасьлівай весткай ад караля. Калі б у горад прыйшоў салдат, гэта мог быць толькі каралеўскі вястун».
Конец ознакомительного фрагмента.