«Ты не ўратуеш сваю маці, Лёкса. Мы мусім бегчы. Ты ўжо вырашыў?»
«Бегчы? Куды? – ён адчуваў яе цеплыню. Намацаў яе калені. Задраў сукенку. Паклаў руку ёй на жывот. Ніжэй, ніжэй. – Позна».
«Нічога ня позна», – сказала яна голасам маленькай дзяўчынкі.
«Позна, – паўтарыў ён. – Яны мне ўжо не даруюць. Нічога не даруюць».
«Я ведаю, што рабіць, Лёкса, – яна скінула яго настойлівую руку. – Пакуль ты быў у палацы, я думала. Я думала ўвесь дзень, пакуль ты маніў ім, пакуль ты пачуваўся важным, пакуль ты строіў зь сябе героя».
«Эй, не забывайся… Вераніка… Ты ў маім доме! І ясі маю ежу. І сьпіш у маім ложку. Паненка…»
«Я ведаю, што рабіць. Бегчы. Бегчы насустрач каралю. Ён жа вяртаецца, ён ужо на паўдарозе! Ты ўсё яму раскажаш, усю праўду. Калі кароль быў у палацы, ніхто ня ўводзіў такіх страшных законаў. Вестуны былі проста вестунамі, а ня здраднікамі. Ты раскажаш, што ня меў выбару. І кароль даруе табе. І пакарае рэгента! Хадзем, Лёкса! Зараз жа! Ніхто не заўважыць нас, горад сьвяткуе! Я вярнуся да бацькі з маткай, а ты паімчышся насустрач каралю, ты будзеш першым. І ўсё раскажаш! Кароль добры, ён ня стане караць салдата за тое, што яго хацелі павесіць безь віны!»
Лёкса слухаў – і правальваўся ў сон. Ён даўно ўжо думаў пра заўтрашнюю сустрэчу з Фармаледайтам і маладымі афіцэрамі. Вось хто і праўда любіў і паважаў яго. Яны.
А зусім ня гэтая ведзьма. Якая спачатку ўцягнула яго ў такую авантуру – а цяпер хоча, каб ён зноў стаў тым, кім быў.
Хлусьлівым баязьліўцам Лёксам Шпулем. Не, ён ня хоча вяртацца. У вестуна адзін шлях. Вестуны не вяртаюцца. Урэшце, у яго яшчэ некалькі дзён добрага жыцьця. Таго жыцьця, пра якое ён марыў.
Калі б толькі ня той жудасны салдат…
Так падумаў Лёкса Шпуль – і заснуў у яе на плячы.
5
Рукі на ягоным твары, яе твар у сьвітальнай паўцемры.
Рукі халодныя, гарачая прасьціна, пах жаночага поту.
«Падымайся, Лёкса, – зашаптала яна, пальцамі мацаючы ягоныя зьліплыя вочы, б’ючы бездапаможна па шчоках. – Самы час! Бяжым адсюль! Народ разышоўся, вуліцы пустыя, вартавыя на вежы сьпяць, мы самі адчынім браму. Твой новы конь хутка данясе нас да лесу, а там ніхто нас ня знойдзе! Уставай, Лёкса! Прашу цябе! Інакш будзе позна!»
Ён нарэшце адплюшчыў вочы. Прасторны пакой быў заліты бледным, мярцьвяным сьвятлом. Яна сядзела на ложку ў пакамечанай сукенцы, яна так і не распранулася, і ў вачах ейных былі жывёльны жах і чалавечая малітоўнасьць.
«Лёкса!»
«Я нікуды не пабягу, – сказаў ён. – Гэта была твая задума. Ты і бяжы. Я цябе адпускаю. А ў мяне тут хворая маці. Служба. Мяне чакаюць афіцэры. Я шмат чаго магу тут дабіцца. Не замінай мне!»
«Якія афіцэры, Лёкса? – горача зашаптала яна. – Чаго ты даб’ешся? Паслухай мяне! Ты паедзеш насустрач каралю і ўсё раскажаш! Ён памілуе цябе! І пакарае рэгента за несправядлівы закон!»
«Я ўжо чуў гэта, – Лёкса рыўком падняўся на ложку. – Ты мне надакучыла сваімі дурнымі ўгаворамі! Сёньня да маці прыйдуць найлепшыя лекары, яны вылечаць яе, сёньня са мной будуць гаварыць афіцэры, якія паважаюць мяне, усё ідзе як найлепш, усё ідзе як па масьле! А ты, ведзьма, хочаш, каб я кінуў маці і кар’еру і ўцёк у лес! Хочаш бачыць мяне галодным і босым, хочаш бачыць мяне на шыбеніцы! Хочаш, каб я валяўся ў іх у нагах і прасіў літасьці! Я, лейтэнант Шпуль!»
«Але проста скажы мне… – яна зьнясілена апусьцілася каля яго ног. – Што ты зьбіраешся рабіць? Час ідзе, Лёкса! Вось, паглядзі на гадзіньнік, зірні ў акно! З кожнай сэкундай ты ўсё бліжэй да шыбеніцы! І я разам з табой!»
Лёкса падняўся і падышоў да акна. Гадзіньнік на вежы прабіў шэсьць раніцы. Горад мусіў прачынацца – але ён яшчэ толькі засынаў, п’яны ад перамогі. Ніхто ня мусіў працаваць як раней – перамога дазваляла ня думаць пра заўтрашні дзень. Ніхто ня мусіў баяцца, што заўтра яму ня хопіць хлеба – бо рэгент распарадзіўся выдаваць яго бясплатна цягам усяго тыдня.
Стрэлка на гадзіньніку запозьнена, але няўхільна ўздрыгнула і адлічыла яшчэ адну хвіліну.
«Мы ўсе з кожнай хвілінай бліжэй да сьмерці, – сказаў Лёкса і змрочна ўсьміхнуўся той, што сядзела на падлозе каля ложка. – І ты, і я, і рэгент. І мая няшчасная маці! І Петрык, які яшчэ толькі пачынае дарослае жыцьцё. І нават твой дурны брат. І сам кароль!»
«А ты не баішся? – раптам спытала яна і ўсьміхнулася яму ў адказ. – Не баішся, што я раскажу ім?..»
«Пра што?»
«Раскажу ім праўду…»
«Тады цябе павесяць», – сказаў ён нерашуча.
«Разам з табой, Лёкса», – прашаптала яна.